Ня ведаю, паколькі праўда, але Штэер казаў мне, што яна дабівалася яго сэрца… З маяго боку тут Штэеру нічога не пагражала, а што я ніколі не прадам яго, ён добра ведаў. Знача, пакуль апэрацыі ня будзе. Ноччу зноў пры мне тата. У Абезі сьветла й ціха, ён абняў мяне, памахаў рукою й сам адзінока пайшоў у напрамку лесу… Знача, усё добра. А мне добра было там, хворыя такія свае, такія харошыя. У палаце нашай Слава Грэбянюк. У яе нешта з лёгкімі, некалі выразалі ей два рабры, і цяпер горай, і яшчэ мілыя ўкраінкі ляжаць на выцяжцы — хворыя касьцякі. Гутарым, сьмяемся. Са Штэерам працуе вольная злая сястра й надзвычай прыгожая й мілая ўкраінка Анечка. Злая Косьця сьпіць ня з намі. Штэер ад Нікі збавіўся, ад Косьці ўсё ня можа. Штэеру даю тое, што ўсім, але прыгожа кладу гэта на талерку. Ён ненавідзіць кашы й кажа, што калі вернецца ў Бэрлін, дык забароніць падаваць іх на стол, а ў тое, што ён вернецца, ён моцна верыць. Гаворым з ім шчыра аб усім. У сваім пакоі бн вельмі любіць кветкі, «грюнэ эккэ», як кажа, зялёны куточак. А кветак у Абезі многа, паклоньніцаў удзячных у Штэера яшчэ болей, дык кветкі ў вазонах заўсёды есьць. Ніка недзе ў брыгадзе, а што там робіцца ў зоне, я нават ня ведаю, хоць прыходзяць да мяне дзяўчаты, але ў нас свае беларускія справы. Маты Марта прыслала мне ў пасылцы кетгуту, пэніцыліну й шчотачкі мыць хірургу рукі, бо мыў вельмі сьцертымі, але апэрацыю мы адкладаем. «Вы мне не давяраеце?» — пытае Штэер… «Не, я не давяраю Косьці й гэтай вальняшцы, што з ёю шэпчацца й што вам асыстуе на апэрацыях. Я іх баюся й апэрацыі баюся». Пра свой сон не кажу, гэта мая тайна, мая сіла. Даўно ўжо мне не было так зацішна ад начальства, так добра. На Штэера розна кажуць, што ён закаханы ў маладое ўкраінскае дзяўчо і т. п. Гэта мяне не датычыць, і я сапраўды ня бачу злога за ім. Ён чэсны, адданы хворым, разумны. Мне добра, але цяжка Олі Мароз, вось бы ёй так адпачыць тут крыху са мною. Патрэбная якраз санітарка. Кажу яму ўсё як ёсьць, што Оля штрафнік, як і я. Ён кажа, што і яму 25 сроку і ён штрафнік, паспрабуе яе ўзяць. Оля ў нас, і мы пасьмейваемся. Штэер разумеецца на моцных людзях і рады, што ёй памог. Кэтты й пані Ніка пасінелі са злосьці, вольная сястра — як зьвер! Вось чапляецца да мяне. Я разьліваю хворым малако, цяжкахворым. Крыху застаецца, даю яго слабенькай бабцы пры ёй, і вось яна даносіць на мяне, што раздаю малако каму ня трэба… Што я дакажу, што мы наагул можам даказаць? Мяне выклікаюць, каб апэраваць. «Я вам ня веру, — кажу вольнай сястры. — Калі так лжацё, дык можаце й забіць чалавека…» Мяне выпісваюць з больніцы ў брыгаду, забіраюць адразу і Олю, а так хацелася, каб яна адпачыла…
Я ў брыгадзе, ходзім за зону на «овощехран», перабіраем бульбу, прымерзла. Тут даюць бульбу й для нас, а ў Інце для нас сыпалі яе ў роў і прыкрывалі сьнегам. Варылі нам яе мерзлую, сьмярдзячую. Нас пасылалі яе абіраць, і калі разьмярзалася, яна была як порхаўкі. Так сапсаваць, сьвіньні ня елі б, ну, мы яе елі… Пад весну яна гніла, чарнела, і мы ўсё ж яе елі. Тут нам варылі добрую. У засеку напісана, што бульба з Беларусі. Гарыць печачка, дзяўчаткі пякуць па бульбачцы… Кажу: «Як вам смакуе бульба з мае зямлі?» Яны частуюць мяне, а канвой пытаецца, скуль я. Я-то не хачу з ім гаварыць, пытаецца зноў. Кажу, што з Беларусі. Ён усё болей, болей пытаецца, аж дайшлі да Гудзевіч, і ён паправіў мяне, што фэст там на Зельну, а на Пятра ў Воўпе. Знайшлі сваякоў яго ў нашым сяле, і ён сам з Машталераў. Кажа, што такога блізкага чалавека яшчэ на поўначы не сустрэў і, быццам перапрашаючы мяне, гаворыць, што й роднага бацьку мусяў бы канваіраваць, каб яму загадалі. Паглядаю на яго з жалем, але цешуся, што і ў ім яшчэ тлее іскра чалавечай беларускай народнай культуры, і жаль, і ўстыд яму, што сабакаю стаіць над сваімі…