На гару да нас пачалі заходзіць дзіўныя тыпы, яны проста выразна пыталіся аб нашым настроі, лаяльнасьці. Што ж, мы без грамадзянства й ня просім ніякага, а нямецкае нам, напэўна, далі б… Сьмешна. У Ермачэнкі быў свой ад'ютант, нейкі Аўчыньнікаў, казалі, што некалі Ермачэнка быў за цара ў яго ад'ютантам, а цяпер зьмяніліся ролі. За ўлады БНР Ермачэнка быў консулам беларускім у Канстантынопалі й выдатна разбагацеў там, прадаючы беларускія візы эмігрантам, якія ратаваліся ўцбкамі за граніцу. Вось гэты ад'ютант, які ні слова ня ўмеў па-беларуску, а выступаў як прадстаўнік нашай нацыі, назаўтра пасьля нападу нямецкага на СССР пачаў аб'яжджаць нас усіх і тэрмінова нас склікаць у Камітэт! У Празе гудзела, як у вульлі, быў страх і перапалох. Усюды гестапа ліквідавала ўсё, чаго раней яшчэ не пасьпела. Аўчыньнікаў наведаўся да нас усіх яшчэ раз. Мы ўсе паехалі, акрамя маяго мужа, які ўсе ж мусяў зарабляць на хлеб і таму, як заўсёды, быў у Градзіла, якога цяпер ад радыё нельга было адарваць. Сабраліся ўсе, і толькі дачкі й сына Вольфсана не было з намі, як іх не было й ніколі, мы іх ня бачылі. Усе важна паселі, маўчалі, адчувалася нейкае напружаньне, неспакой, кожны думаў аб лёсе сваіх, дый аб сваім. Ермачэнкі не было. Нарэшце ён выйшаў, з усьмехам, але скрыўленым нейкім, няпэўным. Загадаў выбраць старшыню сходу. Яму зацемілі, што ён жа сам заўсбды нязьменны старшыня сходу, але ён адказаў, што на гэты раз старшыня арганізацыі ня можа быць старшынёю сходу. Выставілі кандыдатуры Захаркі, Забэйды, маю. Мы ўголас адмовіліся, хоць я паняцьця ня мела, што тут прадбачыцца. А было вось што: Ермачэнка зачытаў тэлеграму Гітлеру ад нашага Камітэту. Мы пачалі пратэставаць, што Камітэт самапомачы — арганізацыя апалітычная, ня мае права даваць такіх тэлеграмаў. Ага, перад гэтым прыйшоў муж, які на дадатковы тэлефон Ермачэнкі сьпяшаўся сюды з працы. Яму ня далі яшчэ ні сесьці, ні апомніцца, як ужо «выбралі» яго старшынею сходу, і Ермачэнка пачаў чытаць тэлеграму. Я нічога яшчэ ў гэтым не разумела, а муж зьбялеў — ён бачыў подлы й хітры «ход» Ермачэнкаў… Тэлеграму акрэсьліў Ермачэнка як ад «беларусоў у Празе» ці нейк гэтак. Напісалі пратакол сходу, але ніводзін з нас не падпісаў яго! Не падпісалі гэтага сьведама. Ідучы дамоў, кажу Бакачу: «Ну ж і сьвінства з намі зрабілі. Петра, давайце напішам свой пратакол аб гэтай авантуры, падпішам і перахаваем да лепшых часоў». Бакач спалохаўся, ён проста «скіс» і паясьніў мне, што вельмі страшны час і ня ўсім, на жаль, можна верыць… Першы й апошні раз быў муж старшыней на беларускіх сходах, а ў Камітэце тым больш, тэлеграму гэтую падалі без яго за подпісам, як казаў Ермачэнка, «старшыні сходу»… Самае тут цікавае тое, што хутка з кватэры Ермачэнкі згінуў архіў «Беларускага Камітэту Самапомачы ў Празе». Ермачэнка, як заўсёды, усьміхаўся… I вось гэты архіў апынуўся ў Менску, і паводле яго нас судзілі. Толькі там была зробленая яшчэ адна подласьць — на непадпісаным пратаколе ўсе нашыя подпісы былі выведзеныя пад капіроўку! Калі мне паказаў гэта Коган, мой сьледчы, я тады зразумела подласьць ня толькі нямецкіх агентаў… Я зразумела многа, і мне стала сорамна за ўсіх гэтых людзей, якія асачалі нас, як гончыя, рабілі такія вось правакацыі й мелі нагласьць называцца ўраднікамі, рэпрэзэнтантамі народу, які такі чысты быў, такі няшчасны і які я так горача, на ўсё жыцьцё пакахала. Дык вось што знача іх «праўда»! Не, з такімі мне і ўсім добрым людзям, якія хочуць, каб існаваў наш сьвет, не па дарозе! Гэта нізасьць, за якую ўстыдаўся б бандыт… Шкада мне стала мілага мужа, такога чыстага, такога наіўнага супраць гэтых гіенаў. Толькі мой тата казаў некалі, што махлярствам можна сьвет перайсьці, але назад не вярнуцца…
I вось вайна на нашых землях. «Як хмарны дзень, так мае сэрца сяньня…» — пісала я ў тыя дні. Яшчэ пісала многа, што друкавалі, а чаго й не. Да нас прыходзілі людзі, цяжка было вайною пад'есьці нават. У нас у гэтых адносінах было лепей. Муж быў адумысловым венеролагам, і яго хворыя ня раз дапамагалі нам прадуктамі, бо кожны тады разумеў, што каму трэба. Вось мы й падкармлівалі сваіх землякоў, пасылалі пасылкі палонным. У нас ніколі не было грошай, але ніхто ня выйшаў ад нас галодны ў той час, калі болыпасьць людзей думала аб сабе толькі.