Аднойчы ўзяла я «Раніцу», паглядзела адрас і напісала туды сваю маленькую фантазію на тэму вясны й Бацькаўшчыны. Нікому пра гэта не гаварыла, але калі прыйшла наступная «Раніца», нават у рубрыцы «Карэспандэнцыя» я не знайшла найменшае зацемкі на маю сардэчную вясну… Але аднойчы ў паштовай скрынцы я знайшла ліста на мае імя ад рэдактара газеты: мая фантазія, паводле слоў рэдактара, вельмі добрая рэч, была пакінутая ў велікодны нумар. Так, знача, я цяпер буду пісаць. Усе дарагое мне забралі, панішчылі, але есьць тут у няволі браты мае, цемныя, нават ня ведаюць добра, хто яны, самыя сябе падцэньваюць, вось я хачу аказацца да іх, але так: сэрцам да сэрца. I вось пачалося. Я хутка выбілася на першую старонку газеты, мяне палюбілі. А я, я толькі думала пра нашых людзей. Часам на каленях вымольвала ў Бога такія словы й мысьлі, якія б падтрымалі ў няволі братоў маіх, не дазволілі ім забыцца пра сем'і свае й сёлы. Каб рабілі іх упэўненымі ў сваіх чалавечых вартасьцях, давала абразкі ім з нашай гісторыі. Многа вершаў маіх паляцела ў рэдактарскі кош, шмат не прапусьціла цэнзура, але я іх усе пісала маім братам і часам аж плакала. Зусім не зьвярталі, разагнаўшыся на ўсю Эўропу, немцы ўвагі на нейкую славянскую, беларускую газетку, і я пакуль што з гэтага карыстала. Пайшлі водгукі, у Прагу пачалі езьдзіць дзеячы, каб паглядзець на мяне, пагутарыць. У мяне была свая лінія, свая палітыка. Шматлікія з высокай асьветаю мае суродзічы разглядалі мяне як дзіва.
Ермачэнка павёз беднага дзядзьку па цэнтрах, гдзе былі нашыя людзі. Сам ён ехаў у вагоне для немцаў, а дзядзьку недзе ўвапхнуў сярод найбяднейшых. Дзядзька зусюль пісаў мне: ён так толькі зразумеў маю незалежную ад нікога пазыцыю, маю сьмеласьць, калі я публічна казала ў вочы Ермачэнку, што ён ёсьць шкоднік беларускай справы. Беларусаў трэба было ўсьведамляць і тых, якія яшчэ засталіся жывыя, жывымі й захаваць. Будучыня была яшчэ пісаная віламі па вадзе, і арыентавацца на немцаў нам ніяк было нельга. Я паглядзела на іх палітыку, на варварства й адразу так сабе падумала: каб не напісаць ім ні слова, як быццам яны наагул для нас не існуюць, а калі закрануць, дык праўдзіва, і з цэлай душы галубіць, апяваць, лялеяць сваю Беларусь, чаго нам ніколі не дазвалялі дагэтуль атупелыя калянізатары нашай зямлі. Мне гэта ўдалося. Мяне пасьля выкрылі, але вайна ўжо канчалася, і ім было не да мяне, а можа, проста я мела шчасьце, а можа, і сярод іх былі людзі, якія ўмелі шанаваць патрыятызм паэткі невялікага, вельмі няшчаснага народу. Я таксама старалася нідзе не працаваць за акупацыі, маленькі сыночак мне хораша ў гэтым дапамагаў.
Па нашай вуліцы хадзілі з дзяўчаткамі такімі, як Юра, дзьве вельмі дыатынгаваныя[31]
дамы, старая й малодшая. Яны на мяне з цікавасьцю паглядалі. Мне здаецца, што тады на мяне з цікавасьцю паглядалі амаль усе. I вось аднойчы ў краме, каля мяшка з гарэхамі — астатка з часоў Рэспублікі, — наш Юрка пакалаціў і разгневаў тых дзяўчатак зусім не паджэнтэльмэнску. Я ўбачыла, што гэта немкі, і глядзела толькі, што будзе далей. А далей падышла да мяне малодшая дама й сказала, што цяпер ёсьць нагода нам пазнаёміцца, бо яна тут чужая, мяне ўжо даўно ведае й хоча пасябраваць са мною й хадзіць разам з дзецьмі на спацыр. Так у нас завязалася амаль дружба, прынамсі, вельмі шчырыя адносіны. Дама наведала нас з дзецьмі, і я па-нашаму, па-беларўску, шчыра іх пачаставала каваю, цукеркамі і т. п.