Вось так павандраваў на ўсход Ермачэнка. А мы ўсе наглядалі жыцьце й падзеі на ўсходзе. У мяне там ужо нікога не было, большасьць з нашага роду ўжо выгубілі, а мама з братамі й сёстрамі дамярзала ў Казахстане. Мясцовыя «дзеячы» збурылі наш дом і нечаму перавезьлі яго ў Гудзевічы. А дом гэты сьніўся мне начамі, раззвонены галасамі нашай сям'і.
Зямля мая, якая ўзгадавала душу маю, атуліла мяне з дзяцінства вялікай любоўю бацькоў, сялян і кожнага дрэўца, поля каласістага, сяньня чакала мае ўдзячнасьці, мае любові. Зьняволеныя сыны яе чакалі мае спагады, маяго слова. А любоў мая да Айчыны рвалася на старонкі амаль ня нашай газэты, на балонках якой нейкім цудам друкаваліся амаль усе трывогі маяго сэрца. Мяне палюбілі. Калі аднойчы назьбіралася многа вершаў і не было як іх выдаць, бо газэта выходзіла за нашыя сродкі й тыраж яе быў агранічаны, дык рэдакцыя зьвярнулася да чытачоў, каб памаглі. Пасыпаліся грошы, пасыпаліся лісты ў рэдакцыю. Кажуць, гэта была такая любоў да нас, скромнай жменькі паэтаў за мяжою, што ўзварушвала патрыятызм найболей абыякавых. Наагул хвалілі мяне нашыя гдзе ім толькі было можна. Не было газэты, каб не ўспомнілі так ці іначай маё імя. Здавалася мне, што я зноў у сям'і, якой любоў так жа адданая. На Бацькаўшчыну я не пасылала сваіх вершаў, але яны іх часта перадрукоўвалі з «Раніцы». Ермачэнка меў сілу, дзя дзька Васіль мінуласьць, бо з немцамі ён нічога супольнага не хацеў мець, я ж мела папулярнасьць дзіўную нейкую, падпольную, чыста беларускую, незалежную ні ад каго й створаную болем маім, знаньнем народу нашага й адчайным каханьнем да мае Айчыны.
Я старалася не закранаць ворагаў нашых нядаўніх. Ляжачага ня б'юць — вучыў мяне тата. Мне іх было жаль, хоць многія з іх так і нічога не навучыліся й з гэтай бяды. Палякі на нашых землях як мага ўдавалі немцам нашых. Яны апанавалі ўсімі гаўляйтэрамі праз сваіх спрытных жанчын. Жудасна было глядзець на такое. Яны проста забыліся, што вайна й свае харошыя, няшчасныя людзі гінуць, як мухі. Літоўцы й латышы, наколькі мне ведама, таксама вельмі стараліся сабе «ачышчаць тэрыторыю на будучыню», гэта знача вынішчаць даволітакі пасыўных беларусаў. Як цяжка было ўсе гэта стрываць.