У культурных народаў есьць ахова жывёлаў, зьвяроў і, напэўна, ахова старых дзеячоў і паэтаў, аддаўшых жыцьцё свае змаганьню й цярпеньню за свой народ. Няўжо такія глухія былі, калі вывозілі братоў іхніх у Сібір ці Казахстан? Няўжо так абыякава ці варожа глядзелі на тысячы яўрэяў, якіх, безабаронных, вялі жывымі ў супольную яму? Няўжо не рэагавалі, калі вораг расстрэльваў і спальваў цэлыя вёскі? Людзі ж за маладосьцд мае былі літасьцівыя, спагадлівыя ў няшчасьці; з чаго атупелі, што іх зьмяніла, навучыла думаць аб сабе, толькі аб тэлевізарах і мэблях, аб «каврах» і матацыклах, а гдзе ж сумленьне? Калісьці людзі шарахаліся ад тых, у каго чалавечая, нявінная кроў на руках, у каго на сумленьні людзкія слёзы, а сяньня — гэта «героі», настаўнікі для моладзі, узор для грамадзтва… Як акрэсьліць цяпер паняцьце — чалавек? Што рабілі б такія, каб іх усадзіў у адну яму, як есьць у Васіля Быкава? Як, яны б захоўваліся да сябе ўзаемна ў абліччы небясьпекі? — баюся думаць. Можа, I за акіянам бываюць такія бяздушныя, глухія на мучэньні людзей, але там есьць, напэўна есьць, і сапраўдныя хрысьціяне й місіянеры, і арганізацыі абароны правоў чалавека, і людзі да іх прыслухоўваюцца. А тут адзіны інхарэс да грамадзян: працуй, працуй і яшчэ раз працуй і ні аб чым не пытайся, а калі загадаюць табе, дык ідзі на сьмерць, барані свае путы… Жудасна.
Адбілася я моцна ад тэмы. Казалі ў Празе, што я шчасьлівы чалавек, бо ў мяне ўсягчэ адзін вораг — Ермачэнка. Так, ен пра нас не забыўся. Перад усім, ад'яжджаючы ў Менск, ён пакінуў нам з Бакачом Камітэт. Сьмешна было, увесь архіў Камітэту: пратакол залажэньня арганізацыі, нашыя анкеты, пратаколы сходаў — усе згінула. Проста згінула, і не пытайцеся! Гэты архіў толькі паказаў мне Коган на сьледстве ў Менску, ды як! У Львове, калі мы чакалі разам, я ўгаварыла маяго мужа, каб ён нічога не ўспамінаў пра Пражскі камітэт, няхай ужо я за гэта адказваю, а іначай у яго застаецца толькі тое, што па мабілізацыі яго паслалі на ўсход, а на гэта есьць усюды і доказы, і паперы. Бедны мой муж маўчаў, як сьцяна! Яго далі ў нейкую буду ў той клятай «амэрыканцы» менскай, гдзе можна было толькі стаяць, дый то ў вадзе. Вось ен тыдзень так стаяў, у вадзе, бяз ежы. Кажа цяпер, што сьпяваў песьні… Стаяў, ажно спух, ногі, як бярвеньні… Вось тады й кажа мне Коган: «А чаму ваш муж не прызнаецца да Пражскага камітэту?» — «Ах, — кажу, падумаўшы найгоршае, — гэта я яго так навучыла, бо ў мяне віны тут ніякай, а ў яго дык зусім няма». А на сьцяне кроў распырсканая, я так і замерла… «А вы яму паказвалі архіў?» — пытаюся. «Нет, я его показывал только вам…» — «Ну, дык пакажэце яго і яму…» Вось тады толькі нехрыст выпусьціў Яначку. Я мацнейшая і фізычна, і духова, дык увесь час старалася нейк яго загарадзіць, я й хлеб яму аддавала, і ўсё, што было лепшае, і так вось яму, ня хочучы, «дагадзіла»…
Дык вось, Ермачэнка падае немцам спісак, каму яшчэ ехаць на Беларусь, уключае толькі лекараў, бо, мусіць, другіх асоб было нельга. Колькасьць даволі вялікая, але сярод іх і мае імя! Вось тут і пачаўся перапалох! Усе лёталі, шукалі дапамогі, не шкадавалі грошай, а ў нас ні грошай, ні грамадзянства нават, ніякае дапамогі! Вось тады мы й пастанавілі схадзіць да Піпэраў: Што ж, нас прынялі вельмі ветліва, але Піпэр немец і адказны за гэта, бо ён як міністар аховы здароўя. Але бачу, што вельмі яму хочацца нам памагчы. Перад усiм ён адразу сказаў: «Вас, фрау Геніюш, я абараню, бо вы ня лекар і няма чаго там рабіць, гэта тут нешта нячэснае, а вось дваіх абараніць — гэта я ніяк не магу. Пакуль, доктар, едзьце, а там будзем бачыць».