Цяжка было мужу пакідаць нас і Прагу, цяжка было Градзілу з ім расставацца, і не было ніякага ратунку… Муж цягнуў час, хоць на дзянёк яшчэ, каб пабыць удома, аж прыйшоў гэстапавец і ветліва папытаўся, чаму муж байкатуе «бэфэль»?[36]
Злажылі мы тое, што лічылі яму неабходным, і раніцай я яго правяла на цягнік. Плакала, дык да непрызваітасьці[37] — душа вырывалася з гора… А ўдома вісела ягонае пальто, ляжалі яго кніжкі, рэчы, а ён не прыходзіў, і я ведала, што ня прыйдзе, і зноў я залівалася сьлязьмі… Пасьля ўсё яго пахавала, ведала, што трэба глядзець Юрку, і так зьмірылася. Перад ад'ездам яшчэ я папрасіла мужа, каб ветліва папрасіў М.Забэйду і іншых, каб не надакучалі мне ў гэты час, што муж і зрабіў. Юра вучыўся, я перастала добра пісаць — асабісты боль заглушыў на час вялікае, патрыятычнае. Цяпер я чакала лістоў ад мужа, вестак з Беларусі. Яшчэ калі Ермачэнка прыяжджаў са сваім гаафёрам і клікаў усіх да сябе ў Менск, дык гаварыў, што там нам дадуць нямецкія карткі на ежу. Пытаюся: «А што там нашыя людзі ядуць, народ наш, інтэлігенцыя?» —. «А, ім даюць там нешта…» — «Ага, — кажу, — дык як жа можна есьці тое, што вораг, калі народ галадае, я дык ела б толькі тое, што нашыя людзі». — «Ну, паглядзелі б мы там», — кажа ён як заўсёды з усьмехам, ад якога мне халадно… Мы з Яначкам дамовіліся, што ён будзе толькі лекарам і болей ніякіх функцый, як і напісана ў той паперы. Так і працаваў ен у клініцы ў Баранавічах. А мы засталіся ў Празе.Дзядзька Васіль захварэў на лёгкія. Пад сакрэтам сказала мне пані Крэчэўская, што ягоны нейкі вельмі падазроны кватэрант парнуў яго ў бок нажом… З якой прычыны — магу толькі дадумацца сяньня, калі болей ведаю «мэтады». Дзядзька адмовіўся ад варункаў, якія яму давалі немцы, і яму, і Беларусі, і дрыжучы даставаў дапамогу ад Чырвонага Крыжа й чакаў нядобрага. Ратавала яго, як і доктара Градзіла, радыё. Дзядзька быў дэмакрат, і апэратыўнае мудрае Бі-бі-сі толькі яго й трымала на духу. Ён вельмі баяўся, каб якія самазваныя фюрэры не паявіліся ў нас і не павялі дрэнна палітыкі. Ён пазнаў немцаў і сказаў мне так: «Няма ў нас выбару: альбо-альбо. Калі выйграюць немцы, дык вынішчаць усіх нас, калі выйграюць саветы, дык вынішчаць інтэлігенцыю й асымілююць народ, але гэта лепей, чымсьці сьмерць усяго народу… Трэцяга выхаду няма».
А ў Празе тым часам выходзіла мая кніжка «Ад родных ніў». Чэхі стараліся выдаваць як мага сваю класіку, і мая гордая, чыстая, не халуйская ў гэты час жудасны кніжка была ім вельмі даспадобы! Казаў мне гэта чэскі цэнзар, нейкі ўкраінец Лявіцкі. Кнігу ўкладаў доктар Тумаш, мой завочны сябра й цудоўны крытык і вельмі строгі патрабавальнік мае паэзіі. Ён першы аказаўся на мой голас, ён і вёў мяне, як малую, вучачы, хвалячы й караючы, да большай паэтычнасьці, лепшай формы верша, каб не агітацыя, а паэзія, розум. Але аднойчы ен мне напісаў, што пасадзіў кітаец рыс і глядзеў яго, паліваў, а кальвачко расло й прабіла страху кітайцавай хаты, і расло да неба, і «бедны кулі» ўжо ня мог дасягнуць да яго. Я з гэтага ўсьцешылася крыху, але мне самой яшчэ мая паэзія не падабалася, і я ўсё хацела нечага большага, каб навечна зрабіць душы маіх суродзічаў беларускімі, вытрывалымі, моцнымі на ўсе нягоды беларускага жыцьця, а іх можна было чакаць.
Да нас часта прыходзіў Бакач. Гэта быў сакратар Б.Тарашкевіча, які адседзеў 4 гады ў гродзенскай турме за «Грамаду» і ўцёк у Чэхаславаччыну. Тут ён вучыўся ва унівэрсытэце й працаваў, як некалі Яначка, гдзе толькі мог. У час нашага знаёмства ён быў нечым накшталт служанкі ў аднаго белагвардзейскага генерала. I тут набоб Ермачэнка нічога не памог чалавеку… Бакач, родам недзе ля Ізабэліна, быў добры беларус, харошы, скромны чалавек, вельмі бледны, вымучаны турмою, напэўна, і нездаровы. Ён нейк быў на пабягушках у пражскіх дзеячоў, іх нязьменны сакратар. Жыў ён у харошых чэхаў, і ягоная гаспадыня кахала яго, як толькі можа кахаць чалавека чыстае, самае адданае жаночае сэрца. З ім мы мелі не адзін клопат, як, напрыклад, ладжаньне забэйдаўскіх канцэртаў у Празе — і каб зала найлепшая, і каб гледачоў многа, і каб рэклама, і газеты, і грошы, і «лаўры». Набегаліся мы нямала, і цудоўны голас маэстра меней дзейнічаў на нас, як той страх, каб хоць добра падарыўся сам канцэрт. Бо першы канцэрт, які даваў Забэйда-Суміцкі ў слаўнай чэскай «Смэтанавай сіні»[38]
, быў дэфіцытны настолькі, што мы нічога не маглі даць спеваку, акрамя рэкламы й славы, бо ў Празе яшчэ яго ня ведалі. Ён нам гэтага доўга ня мог дараваць. З Петрам жылі мы па-братэрску, былі з сабою шчырыя, і я заўсёды за яго заступалася, а ці ён за мяне, дык я сумняваюся… Настолькі чэсным гэты чалавек ня быў.