Вельмі спагадліва аднесьліся да мяне Шпэры. Яны былі супраць якога-кольвек маяго выезду з Прагі. I вось зноў мяне змушаюць выехаць, і што ім трэба? У Ермачэнкі былі вялікія багатыя апартамэнты ў сярэдзіне Прагі. Сам ён не працаваў, яго кабінет вёў нейкі расеец, а ля дзьвярэй стаяў такі дзяржыморда, што калі ён не адчыніць дзьвярэй, то нельга было выбрацца на вонак. Гэта ўсім было вельмі загадкава. Ермачэнка назначыў дзень і гадзіну мае гатовасьці з ім ехаць. Я дала тэлеграму Абрамчыку, каб ратаваў мяне, і зноў пайшла з просьбаю да Піпэраў, якія вельмі праняліся маім лёсам. Што рабіў у гэтай справе Піпэр, я ня ведаю, але ён мне сказаў, каб я перад тым, як ісьці да Ермачэнкі, пайшла да гестапа й папыталася, чаму, калі мне забралі мужа, грозяць мяне пасадзіць у Асьвенцім, каб болей нічога не казала. Я так і зрабіла. Мне сказалі, што мяне не пашлюць у Асьвенцім і што, калі я не хачу, дык ніхто мяне ня мусіць сілаю вязьці і ў Менск… А я, як цыбуля, надзела на сябе тры пары бялізны, дзіця аддала знаёмым украінцам і гатовая была ўжо йсьці на цярпеньне. Мне ня верылася, што мяне проста пусьцілі. Але да Ермачэнкі я пайшла! Заходжу, дзяржыморда мяне ўпусьціў. Заўсёды падкрэсьлена ветлівы Ермачэнка зьвярнуўся да мяне, як да нейкае рабыні, нават не запрасіў ні далей прайсьці, ні сесьці. Папытаўся толькі, ці паеду з дзецям? Тады я яму й пасыпала, што ведала. Ён павалок мяне за руку ў пакой, яго твар перамяніўся зусім! «Чаго чалавек ня зробіць дзеля бацькаўшчыны, гэта таму я вас клікаў. Я ўпаду перад вамі на калені й буду прасіць, каб мы ехалі ў Менск, я зраблю Янку міністрам аховы здароўя, толькі едзьце ў Менск». — «Вы не чалавек, вы ж хамэлеон, вы ж здраднік! Згінеце вы рззам са сваімі немцамі, якія ўжо трашчаць!» А ён не суні маецца: «Калі немцы прайграюць, я вас завязу ў Швэцыю, я забясьпечу вас, толькі едзем!» Ну й ну! Ну й каша, ну й дрэнь чалавек. Ах, як цяжка, як небясьпечна пісаць для Айчыны, што будзе далей? А далей доктар Піпэр хацеў пісаць на яго, што непакоіць сем'і людзей, якія пасланыя на працу на Усход. Я прасіла яго, каб гэтага не рабіў. Я ніколі ня мсьцілася, а дарма. Я дорага за гэта заплаціла, яшчэ горай было з мужам і Юрачкам. Я толькі малілася Богу, каб Ён ратаваў нас, бедных, у водавароце гэтай вайны. Вялікай, амаль адзінай падтрымкай маёю быў мой маленькі, сьмелы, вельмі харошы сынок.