Назаўтра прыехалі Мікола Абрамчык і Стась Грынкевіч з Бэрліна, прыйшла пані Крэчэўская, і мне стала лягчэй. Стася я ведала з лістоў. Пісаў ён мне з нямецкага лагеру ваеннапалонных польскай арміі, гдзе быў разам з мужавым сваяком, якому мы пісалі, пасылалі кніжкі, часам пасылку. Быў гэта добры беларус, афіцэр польскай арміі, недакончаны лскар. Яго патрыятызм, інтэлігенцыя й выхаваньне ды нейкая чэснасьць беларуская прытым мне падабаліся. Вызначылі час пахаваньня. На Альшанскія могілкі ў праваслаўную капліцу перавезьлі цела памершага. Хоць дадаткова было заплачана за агаленьне нябожчыка, на жаль, і тут мяне ашукалі. Людзей на пахаваньне сабралася вельмі многа. Было шмат вянкоў. Я трымалася вельмі добра. Юрачку вяла пані Ядзя, адна мая знаёмая. Ён, здавалася, разумеў усю важнасьць гэтай хвіліны, быў спакойны, задуманы. Хораша адпраўляў набажэнства айцец Ісакій, расеец, вельмі харошы чалавек і сьвятар. Калі ён пачаў гаварыць апошняе слова па дзядзьку, ды такое — аб долі Беларусі, аб долі памершага, як бы сам быў з нашага народу. Вось тады я ня вытрымала, абмякла, падкасіліся ногі. Мяне вывелі. Бог няхай будзе літасьцівы й вечна міласэрны да таго харошага сьвятара. Вельмі многа зрабілі здымкаў з пахаваньня, а калі ўжо ўсе разышліся, Стась Грынкевіч пабег яшчэ па фатографа, і ўжо фатаграфавалі мяне ля магілаў. Дзядзьку Васіля палажылі ля ягонае жонкі Паліны з Ляўтаў, бо магіла загадзя была закупленай і разьлічанай на дваіх. Стаяў там і помнік з вырытым знакам Пагоні. На помнік толькі прырабілі пасьля мрамарную дошку з імем дзядзькі. Яго званьня напісаць было нельга. Не прызнавалі й тады незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. Гітлер і яго генералы й не генералы будавалі т. зв. Новую Эўропу, тысячалетні нямецкі «райх»[43]
, гдзе беларусам у рэшце рэшт адводзілася месца нявольнікаў, як і ўсім славянам. Прымаючы словы спагаданьня ад чэхаў і роздых нацыянальнасьцяў эмігрантаў, я адчувала, што адышоў наш вялікі чалавек, які як умеў, так чэсна адносна сваяго народу рэпрэзэнтаваў нашую Айчыну за межамі. Цёплае слова сказаў і Гайда, гэта быў чэх, пасол у Ліцьве за часу прабываньня там БНР, які застаўся заўсёды верным сябрам беларусаў і асабіста дзядзькі. Многа пазьней пад час неймаверна шалёнай пургі на Інце падышла да мяне адна эстонка й пачала вельмі хваліць дзядзьку Васіля Захарку. Яна яго ведала. Яе родная цётка-эстонка была жонкай консула чэскага Гайды. Сем'і з сабою дружылі, і гэтая маладая жанчына ня раз гасьціла з імі ў дзядзькі Васіля, калі бывала ў Празе.I так 14 сакавіка 1943 года памёр Васіль Захарка. На яго месца засталіся мы. Я, такая простая й амаль вясковая, якой адзінаю зброяй была невысказана вялікая любоў да Беларусі, чэснасьць жыцьцёвая й мой талент. Мікола ведаў мовы, добра арыентаваўся ў палітыцы, меў ужо практыку ў змагайьні за Беларусь. Усе надта хацелі ведаць, хто ж на месца дзядзькі Васіля? Мы пакуль маўчалі. Мароз мне па скуры хадзіў, калі я думала пра Ермачэнку, ды ня толькі ён… На вечар па дзядзьку Васілю ўсе нейк пайшлі, сабраліся па групках. Да нас пайшлі толькі мы: пані Крэчэўская, Мікола, Стась і я. Было нам нейк сумна і ўсё ж добра ў цеснай, сваей беларускай сямейцы. Мы дык ужо сабе давяралі. Пані Крэчэўская перадала тады Міколу пашпарт беларускі Пятра Антонавіча Крэчэўскага й стары вялікі артыкул з амэрыканскай газэты (ня памятаю назовы) аб прагалошаньні 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі.
Назаўтра мы ўсе разам паехалі ў Моджаны, гдзе перабіралі, сартавалі й адбіралі, што трэба было неадкладна вывезьці з беларускага архіву дзядзькі Васіля. Рэчы яго скромныя мы, пасьля дэзынфэкцыі, аддалі ўсе Стасю Грынкевічу. Ён павёз іх тым беларусам, якія былі на працы ў Нямеччыне й ня мелі дастаткова адзеньня. Так я дамовілася з дзядзькам. Сартаваць архіў нам ніхто не перашкаджаў. Нікога з немцаў не было на пахаваньні, і здавалася, яны нічога ня ведаюць. Адкідаючы непатрэбнае, Мікола проста адсунуў пудэлачка[44]
ад запалак. Я падняла яго, і ў ім знай шлі мы цудоўныя беларускія значкі яшчэ з 1918 года з Пагоняю. «Благаславенна ўсе, да чаго ты дакранешся», — сказаў мне Мікола й дзіўна нейк на мяне паглядзеў. Была вайна, і не было рэчаў, адзеньня, абутку, а ў дзядзькі былі харошыя, новыя чаравікі як на Міколу, дык кажу яму: «Вазьмі ты сабе па дзядзьку хоць чаравікі, хоць нешта, твае ж падзёртыя». — «А чым я ад цябе горшы, Ларыса Геніюш, я ж ня бачу, каб ты сабе што-кольвечы брала». Так адказаў мне Мікола, і гэта напоўніла мяне нейкім даверам да яго й спакоем за ход нашых спраў. Усё, што было найболей вартасным, мы спакавалі й перавезьлі да нас. Там перапакоўвалі, каб адвезьці далей. У гэты час да нас прыйшоў Забэйда-Суміцкі. Яго не ўпусьціць мы не маглі. Я далей стаяла на каленях і пакавала. Узяўшы ў рукі дзяржаўную пячаць, я пацалавала яе спачатку. Цікава, што гэты выпадак сказаў мне на сьледстве сьледавацель. А можа, сам Мікола, калі гаварыў аб гэтым…