Даволі паважнай фігурай сярод праскіх беларусоў быў Васіль Русак, слуцкі паўстанец. Гэта быў энэргічны дзеяч, вельмі шчыры беларус, але, паводле мяне, недалёкага маштабу. Ён па жонцы меў краму, гдзе таргаваў і зарабляў няблага, меў харошую вілу за Прагаю й ня меў дзяцей. Часам ен фінансаваў «Іскры Скарыны» ці нешта іншае, што пераважна афармляў да друку доктар Грыб. Русак вельмі любіў усюды быць першым, што яму не заўсёды ўдавалася. Гаварыў, дык на нейкім славянскім эспэранта. Многа каму крыху памагаў, але казалі, што кожную дапамогу землякам заносіў у спэцыяльную кнігу, так мовячы, для парадку. Дзядзька ен быў не благі й не дурны, але крыху арыгінал. Ня мог зразумець, як гэта такому скромнаму Геніюшу, які ў свае гады не дабіўся нават капіталу, можна мець усе забэйдаўскія кружэлкі. Мала яшчэ тыя кружэлкі, але яшчэ такую беларускую жонку? Пасьля ад'езду Яначкі ён явіўся да нас з падаркамі, з прадуктамі, лепш кажучы. Прынёс усяго пакрысе й вельмі быў уражаны тым, што я яму за ўсё заплаціла й забараніла болей нешта для нас прыносіць. Ён розна мудраваў, як гэта дапамагчы мне. Выдумаў, што яму трэба схаваць у мяне прадукты, бо немцы могуць зрабіць рэвізію ў краме. «Не, не, — кажу, — сябра, нічога мне вашага ня трэба». Разыходзілася яму аб тое, каб я менавіта напісала аб ім паэму й пры гэтым аб слуцкім паўстаньні. Ня мела я тады часу нават выслухаць гэтых спраў, чаго вельмі шкадую сяньня. Русак меў добры голас і ахвотна сьпяваў у аматарскай групе опэрных чэскіх артыстаў у Празе. Яго выдалі чэхі недзе ў 1945 годзе, і ў лагеры, кажуць, забілі яго. Аднойчы ў лагеры на Інце я загледзелася на адну жанчыну, вельмі да яго падобную. Яна была са Слуцка і, як аказалася пасьля, яго родная пляменьніца Каця Русак…
Недалёка за Прагаю жыў у пана й даіў кароў Мікола Судзьдзеў. Быў гэта харошы просты хлапец з арміі Балаховіча. Жыў з чэшкаю Мажанкаю, вельмі працавітай жанчынаю. Дзяцей у іх не было. Судзьдзеў ахвотна прыяжджаў да нас, галасіўся да беларусаў і ўмеў жыць куды лепей за ўсіх нас, асьвечаных ідэалістаў. Мяне ен вельмі любіў. Пасьля вайны ўзяў савецкае грамадзянства й прынёс на яго анкеты нам. Калі я ад іх адмовілася, дык з болем зацеміў: «Вы будзеце вялікай па сьмерці». Паводле яго практычных разьлікаў, такое не аплачвалася… Кожнаму свае.
Былі і іншыя беларусы ў Чэхах і ў Славаччыне, але яны да нас не галасіліся, беларускія пэрспэктывы былі не цікавыя. Каб нешта сапраўды зрабіць для народу, дык трэба было йсьці на небясьпеку й забывацца зусім аб сабе. Ня кожнаму такое да густу, ды горай, ня ўсім пад сілу. Чэхам было бясьпечней. Мы вельмі спагадалі чэхам, але ім здавалася тады, што яны маюць ворагаў толькі немцаў, а ў нас ворагаў болей, ад якіх нам гразіў проста апартэід, і мы гэта добра разумелі.
Змаганьне нашае пакуль што было амаль без пэрспэктыў, але ні на што нягледзячы, уніжаныя часта й пакрыўджаныя, мы ўпарта змагаліся за правы свае, за зямлю дзядоў сваіх, за мову нашую прыгнечаную, за сваю гісторыю й дзяржаўнасьць. Ля такой барацьбы заставаліся толькі адчайныя волаты. Нямала было такіх. А іначай нам было, як чэхам. Той самы страх пасьля атэнтату[45]
на Гайдрыха, той самы боль, калі пералічваліся іх ахвяры.У мяне бяз мужа было даволі цяжкае матэрыяльнае становішча. Справа ў тым, што доктар Градзіл плаціў мужу вельмі нямнога, а каб таньней яму было, дык у працоўнай кніжцы ганарар мужа быў запісаны напалову меншы, бо тады меней плаціць на касу хворых для работніка і інш. Калі ж мужа забралі, дык плацілі мне толькі паводле кніжкі. Градзіл ведаў гэта, але яму такое было абыякава. На карткі пражыць было цяжка, а дакупіць што ўжо не было за што. Гатоўкі ў нас не было ніколі, бо замнога было галодных і наагул патрабуючых. Я расказала ўсе фрау Піпэр, і яны парадзілі мне схадзіць да доктара Вэхтэра, які быў на чальнікам Саюзу нямецкіх лекараў і загадваў усімі мэдычнымі справамі.
Я пайшла да яго. Гэта быў сярэдніх гадоў чалавек, даволі сымпатычны вонкава, са шрамам, як належыць нямецкаму студэнту. Гутарылі мы крыху па-чэску, крыху па-нямецку. Я яму коратка ўсе расказала й кажу, што за такія грошы не пражыву. «А вы Градзілу казалі пра гэта?» — пытае. «Не, не казала, ён сам гэта павінен ведаць». — «Ага, не казалі, дык гэта фальшывая гордасьць з вашага боку, вось што: трэба тады Градзіла падаць у суд». — «Не, — кажу, — калі мой муж ня меў куска хлеба, ён даў яму працу, хоць скромную, і няхай я буду галодная, але злом за добрае не заплачу». Вэхтэра паклікалі, і я пайшла. Крыху пазьней сказалі мне Піпэры, што паводле меркаваньня доктара Вэхтэра, дык беларусы шляхотны народ… А дапамог мне, як заўсёды, доктар Піпэр. Ён зьвярнуўся да чэха, прыматара, гэта знача як бургамістра горада Прагі, і ён крыху пабольшыў маленькую нашую зарплату. Жыць было можна. Да таго нашая суседка пані Мораўцава шыла скураныя рукавіцы ад крамы, гдзе ей давалі іх пакроенымі. Вось часам я памагала ей, гэта былі дэкаратыўныя швы й няблага ў мяне атрымоўваліся. Была гэта бедная жанчына, але як жа харошая.