Юра бегаў у школу, і Свіцкі, дырэктар школы, вельмі хацеў, каб ён заўсёды быў з яго сынамі Нікам і Ваням, каб яны набіраліся энэргіі й шустрасьці крыху ад яго. Хлопчык вучыўся надзвычай добра. Фактычна ён не вучыўся, вечна выкручваўся й вырабляўся, але калі аднойчы настаўніца прачытала кусок нейкай цікавай прозы й загадала яму расказаць, дык малы паўтарыў гэта слова ў слова, чым непамерна зьдзівіў клас.
Юра быў надзіва набожны. Яшчэ маленькі штораніцы шукаў нечага пад падушачкай, што туды клаў яму ноччу ангельчык. А ангельчык быў кахаючы, шчодры, і дзень пачынаўся радасна. Калі часам той ангельчык забываўся нешта палажыць, хлопчык крыўдаваў, і раз сказаў нават «кака ангельчык», але болей такога не паўтарыў. Ангел быў добры. Хлопчык быў чысты й вельмі літасьцівы для ўсяго жывога. Калі аднойчы загубілася яму любімая цацка, дык прыходжу, а ён стаіць на каленях і вядзе гутарку з добрым Бозенькам, гдзе можа быць тая цацка, каб ён дапамог яе знайсьці. Гэта пазьней вельмі дапамагло самотнаму замучанаму юнаку перахітрыць прасьледавацеляў, якія намагаліся маральна яго зьнішчыць, і застацца добрым чалавекам. Аб Юрку, яго здольнасьцях і розуме расказвалі па Празе анекдоты. Юра пісаў вершы. Почырк у яго быў немагчыма паганы, але настаўнік чэскае мовы сказаў мне, што ўсе вялікія людзі пішуць заўсёды непрыгожа…
Добры той чэх высока цаніў малога беларуса, а вось расейскія настаўнікі ня ўсе яго любілі і ён ня ўсіх. Адна настаўніца, відавочна манархістка, заявіла ў школе, што няма ніякае Беларусі і т. п. Хлопчык абурыўся й сказаў: «Я маленькі й магу паказаць на карце, гдзе ляжыць Беларусь, а вы велькая й гэтага ня ведаеце, сорамна гэта…»
Адзін раз вярнуўся са школы вельмі задуманы, нешта тварылася ў яго дзяцінай душы. Нарэшце падышоў да мяне й кажа: «Мамачка, я сяньня цярпеў за Беларусь». Я зьбянтэжылася: «Як жа, сынок?» А справа была такая: настаўнік, які не прызнаваў Беларусі, толькі сваю адзіную й недзялімую Расею, расьцягнуў хлопчыка на лаўцы й добра яму ўсыпаў. Можа, і была на гэта якая невялікая прычына, але чыстая дзіцячая душа добра разумела, за што яго б'юць, маленькага… У чэскай школе было б іначай, але чужынцам у час акупацыі нельга было ў чэскую школу.
Так горкая доля нашага народу клалася на нашую нашчадзь ужо ад дзяцінства. Ня раз яшчэ білі хлопчыка за яго беларускасьць, дабівалі яго фізычна й маральна. Б'юць яго яшчэ й сяньня, а што будзе з маленькімі ўнукамі? Няўжо і ім давядзецца цярпець, як і нам? Што ж, што ўжо Бог ім дасьць, толькі няхай ня будуць горшымі ад нас, няхай не адракаюцца ад сваяго, няхай будуць чэснымі людзьмі й сапраўднымі сынамі нашага Народу!
А дарагі мой Расьціслаў, як толькі змог, уцёк дамоў. Хлопцы ў Бэрліне дапамаглі яму ў гэтым, і ён прыехаў у Жлобаўцы. Зямля гэта ўжо была нямецкая. Яе, як і другія маёнткі, прызначылі немцы для сваіх герояў вайны, а Гродзеншчыну ўжо загадзя прылучылі да свае Прусіі. Брата пакінулі пакуль што як нейкага эканома ў яго родных Жлобаўцах. Што ж, і гэта няблага пакуль што. Расьціслаў аднайшоў самотную бабку Рыгорыху, старэнькую ўдаву па нашым парабку Рыгору, і ўзяў яе сабе замест маці. Пасьля прыбіліся да яго нейкія хлапцы. Славачка перавёз з Гудзевіч наш перавезены туды немаведама чаму дом і стаў жыць. Гэты велікан любіў, як дзіця, маці. Для яе, вывезенай недзе ў дзікі Казахстан, ён і перавозіў гэты дом, каб мела куды вярнуцца з высылкі. Людзкія сэрцы не маглі верыць таму, што й пасьля вайны ня спыніцца нечалавечы зьдзек над людзьмі, гэтага нельга было зразумець сапраўд ным жыхарам старой беларускай зямлі. Так было толькі, казалі, некалі, за татараў… Але татары яшчэ ня самае горшае ў гісторыі нашай зямлі. Мэтады нішчаньня людзей, чужых культур і народаў не былі ў іх так удасканаленыя, як сяньня… Дарма чакалі мы з Расьціславам сваіх бацькоў. Вырак сьмерці напісалі ім нелюдзі загадзя. А мы яшчэ верылі.
Так, як Чэхаславаччына, як і Гродзеншчына, так і нашая Зэльва, і родныя Жлобаўцы былі вайною прылучаныя немцамі да Нямеччыны. Гэта давала нам болып магчымасьцяў пасылаць пасылкі адныя другім. Памагалі мы так мужавым бацькам і Расьціславу. Ён перавозіў дамоў нашую хату, і я пасылала яму з Прагі цьвікі, рознае жалеза й асабліва косы, яны былі вельмі добрыя й патрэбныя людзям. А волат Расьціслаў заказаў сабе зрабіць касу паўтара мэтра шырынею. Калі касіў, дык тры жанчыны вязалі за ім снапы. Ён быў так сьвята прывязаны да Жлобаўцаў, што ніяк ня мог зразумець, што я туды не прыеду. Неяк ня цяміў, што абавязкі жонкі й маці важней за наш родны кут…