I так сябры паехалі, павезьлі з сабою часьць архіву, бо мы вельмі баяліся, і не без падставы, што немцы будуць мець на яго зуб. А пакуль што я хадзіла як учадзеўшы, усе думала: што ж будзе далей? Не давала гэта нам нейкае ўлады, але мы мелі шчасьце захаваць мінулае, факт і традыцыю прагалошаньня незалежнасьці нашай, што для кожнага народу сьвятая, вялікая рэч. Розна складаецца лёс народаў. Ёсьць самастойнасьць дзяржаўная, ёсьць фэдэрацыі, але як бы не было, маючы такі факт за сабою, мы адчувалі, што мы народ! Нельга адбіраць, ануляваць, заціраць вялікага ў жыцьці людзей і народаў, нельга абядняць нацыі, забіраючы ім іх дасягненьні. Не, я не аддам мінулага!
Час ішоў, дзядзьку Васіля прыпамінала ўсё: кожны сустрэчаны эмігрант, кожная справа, якая датычыла Беларусі. Цяпер толькі адчувалася, як гэты ціхі й скромны змагар высока трымаў імя Беларусі. Не было да каго паехаць, не было з кім парадзіцца — толькі на ягоную магілу. Не было болей людзей у Празе, для якіх беларуская справа была б важнейшай за асабістую. Дзядзька наскрозь іх бачыў і ведаў, што ў разе чаго ад'ютанты яны, не камандзіры, і спалягаць на іх нельга. Часам думалася: ня тых выслаў Браніслаў Тарашкевіч, якія ахвярна прынясуць здабытыя знаньні й жыцьцё Радзіме. Пэрспэктывы асабістага спакою й дабрабыту даўно ўжо ў іх заглушылі тое лепшае, што яшчэ, можа, адчувалі яны ў юнасьці. Некалі-такі, казалі, надзейны Астапкевіч, ажаніўшыся з чэшкаю, думаў цяпер толькі іхнімі катэгорыямі, таксама Клаўсуць, таксама дакторка Сідарук, якая, каб не паехаць на ўсход, сымулявала хваробу пазваночніка. Гэта якраз нічога, але бабка зусім забылася, скуль яна й на якую стыпэндыю атрымала асьвету.
Найболей мне не падабаўся мастак Салавей. Ён быў членам Камітэту, як і ўсе, але як жа неахвотна гутарыў па-беларуску, як жа адмежаваўся ад вестак нават з Бацькаўшчыны. Як за кару прыехала да яго пасьля родная сястра з Беларусі са сваім мужам і сыночкам. Ён і яго чэская жонка не зразумелі няшчасных харошых людзей нават тады, калі памёр у Празе на менінгіт іх адзіны сынок і лёс іх далей пагнаў у няведамае на чужыну.
Вельмі нейк інтэрнацыянальна адносіўся да беларускае справы й Забэйда-Суміцкі, які ня раз падтыкаў нам, што адзіны мастак Беларусі, яе слава, ня мае нават свае машыны, аж пакуль Мікола не сказаў яму некалькі слоў аб тым, як трэба разумець змаганьне за Айчыну, ды яшчэ ў час вайны. Жылося яму няблага, а што мы болей, нявольныя, маглі яму даць? Вузкі ў сваіх асабістых зацікаўленьнях, запалоханы й недалёкі палітычна быў і мой муж. Жук быў нам абсалютна варожы, але ад нашага сяброўства й сякой-такой спагады не адмаўляўся. Сяньня думаю, што такое было тады яго заданьне. Вялы й недалекі быў Буська й неразгаданы нейкі, няшчыры інг. Юрка Бурак. Кажуць, што ўсе лепшыя праскія беларусы памерлі ад сухотаў ці паехалі ў Менск, гдзе таксама доўга не пажылі.
Актыўны быў толькі Ермачэнка, болей нават, чымсьці належала, але яго актыўная дзейнасьць была выразна — не на наш млын вада. Бакача нейк нагла й рашуча адправілі ў Нямеччыну на работу. Яго верная Марыя пасылала яму, што магла. Яе любоў выклікала пашану, яе ахвярнасьць, і чысьціня, і шчырасьць пачуцьцяў мяне зьдзіўлялі. Такога друга Бог дае людзям ня часта, і жаль толькі, што, карыстаючыся з сяброўства жанчыны, Бакач ей не адплачваў тым жа.
Часам паказваўся ў Прагу Вітушка, які беларускасьці не адрокся, але не ў галаве яму было мяняць высокі матэрыяльны ўзровень жыцьця на крыжовую дарогу шчырага змаганьня за Беларусь. Вось больш-менш гэта было тое, што ў Празе. На фоне іх ціхі, абсалютна чужы нам яўрэй Вольфсан, які дасканала ведаў, што перажыць вайну і ўсе няшчасьці таго часу трэба і яму, і яго дзецям, і нам усім. Прыходзіў ён часам да нас, маўчаў. Малады інг. Калоша, худы й вымучаны некалі беспрацоўнасьцю й такі можна сказаць голадам, тым цяжкім голадам, калі ўсё ёсьць і толькі няма граша, каб пад'есьці, цяпер ажаніўся з Ольгай Вяршынінай і быў недзе на нейкай рабоце. Ня памятаю, можа, нат выехаў недзе. На вочы нейк не пападаўся.
Ольга Вяршыніна была дачкою нейкага вельмі для мяне загадачнага чалавека, беларуса, безумоўна, але я яго ў жывых не застала. Жанаты ён быў з чэшкаю, якая разам з ім вельмі памагала ў свой час новапрыбыўшым беларускім студэнтам у Празе. Яны радзілі ім, як умелі, падкармлівалі, калі трэба, і для многіх былі як бацькі. Казалі, што Вяршынін — гэта было не яго ўласнае прозьвішча. Пасьля Калошу чэхі выдалі саветам разам з намі. Ня ведаю, на сколькі быў ён засуджаны й гдзе яго выслалі. Ведаю толькі, што нарэшце ён вярнуўся ў Прагу, але Олі свае ўжо не застаў, яна з труднасьці пакончыла самагубствам. У каго былі дзеці, ня ведаю.