Што ж было мне рабіць? Лісты да мужа йшлі доўга, праходзілі праз строгую цэнзуру. Яшчэ восеньню я ледзь вывернулася з чарговай лавушкі. Муж мне прыслаў выклік, каб з сынам прыехала да яго ў госьці. Я заўважыла, што ў гэтым былі вельмі зацікаўленыя Ермачэнка й яго жонка. Ермачэнка ня вельмі добра высказваўся аб мужу: не падабалася яму, што муж, паводле ягоных слоў, замнога гаворыць, непатрэбнае піша дамоў. Што ен такога пісаў, я ўжо ня памятаю. Абое Ермачэнкі ў адзін голас гаварылі мне аб нявернасьці маяго мужа й каб я да яго неадкладна ехала, каб захаваць сям'ю. Яны мне казалі, што муж завёў сабе проста гарэм! Я ведала, што на такое можна было ўзяць любую агранічаную бабку, зайздрасьць асьляпляе. Пра гарэм, але ў адносінах да самога Ермачэнкі, прабіліся ўжо весткі праз Варшаву ў Прагу, дык чаму ж сама Ермачэнчыха не зьбіралася ў дарогу, а, розна палохаючы, выпраўляла мяне? Аднойчы, калі ен прыехаў, дык прывёз мне ад Янкі ліста, у якім той прасіў чайнік, лекаў і другія драбніцы. Аддаючы мне ліста, Іван Абрамавіч папрасіў, каб я напісала верш у яго гонар. Кажу, што магу яму напісаць толькі памфлет. «Дарма, дарма, Ларыса Антонаўна, а вашае фота стаіць у мяне на століку». Я яму сваёй фатаграфіі не давала. Мне казалі прынесьці рэчы мужу вечарам. Было там некалькі асоб і, як на ваенны час, багатая вячэра, калі я прыйшла. Што ж, запрасілі й мяне. Я выпіла крыху віна, зьела кавалачак кураняці з каляф'ёрам[41]
. Памятаю гэта таму, што вячэру гэтую я ледзь не заплаціла жыцьцём. Гутарка была дзіўнай. Усе яны моцна пачалі выступаць супраць непрысутнага Бакача. Выразна нічога не гаварылі, але можна было думаць, што яму нешта грозіць. Я выразіла свае зьдзіўленьне й папрасіла пры мне гэтага чалавека ня ганьбіць… Было позна, калі мы выйшлі ад іх. Адзін чалавек, якога не хачу называць, ахвяраваўся мяне праводзіць дамоў. Я з абурэньнем адкінула гэта і, са злосьці забыўшыся пра страх, бегла праз Прагу дамоў, бо трамваі ўжо не хадзілі. Сяброў у мяне не было, гэта я пазнавала з вялікім сумам. А дзядзька Васіль з паняй Крэчэўскай жылі за Прагаю.I вось я атрымоўваю лісты ад мужа, каб да яго прыехаць. Мне гэта не падабалася, але я пачала зьбірацца. Рабіць гэта трэба было праз гэстапа, куды я занесла патрэбныя дадзеныя. Паперы гэтыя й розныя даведкі я мусяла некалькі разоў дапаўняць. Нарэшце, пасьля некалькіх тыдняў, а мо й болей, мне сказалі прыйсьці па пашпарт. Мы пайшлі разам з Юрачкам, з сынам мне было бяспечней. У пакой, гдзе сядзела ля стала поўна людзей, Юрачку не пусьцілі. Настрой быў вельмі напружаны, на мяне пільна ўглядаліся з усіх бакоў. Нарэшце сказалі мне, што даюць мне дазвол на паездку ў Слонім, куды ўжо перавялі мужа з клінікі на абласнога лекара, але толькі ў адзін бок. Я сьмела сказала, што такое ня прыйдзе ва ўвагу, на такіх варунках я не паеду. Мне груба сказалі, што чаму ж я ім дурыла галаву й што я там на месцы дастану дазвол, каб ехаць назад. За дзьвярыма чакала на мяне мае дзіця, і дух мне заняло, калі я ўсьведаміла сабе, куды я яго, абаронцу маяго маленькага, з сабою ўзяла.
Назаўтра я дала тэлеграму бацькам мужа ў Зэльве: што мне рабіць? Яны тэлефанавалі Яначцы й тэлеграфавалі мне, каб на такіх варунках нікуды ня ехала. Я лічыла, што мне пашыхавала[42]
, што гэта была лавушка. Божа мой, што б было? Як мы пасьля ўдакладнілі, дык у час, калі мы з Юрам меліся прыехаць у Слонім, там была жудасная аблава, гдзе не пыталіся, хто адкуль, а толькі забівалі каго папала. Тады загінула жонка Гальяша Леўчыка. Дык пасьля тае вячэры ў Ермачэнкі мяне схапілі жудасныя ваніты, жаўцізна й слабасьць. Мяне ледзь выратавалі, паласкалі страўнік, некалькі дзён я не ўставала з ложка, а цяпер зноў такое… Быць паэтам знача ня толькі любоў зьняволеных землякоў, але й помста сільных ворагаў нашай зямлі й свабоды. Нечаму мне прыпомніўся допыт Когана многа пазьней у Менску й дакор, чаму я не прыехала за акупацыі ў Менск, што я шмат дапамагла б партызанам. Нічога я ім не памагла б, паэты не забіваюць, паэты не забываюць крывавага…