Сяргей Дубавец: «Асабiста я нiчога ня маю супраць Сьвятланы Алексiевiч. I калi б зоркi леглi для яе шчасьлiва, варта было б шчыра парадавацца за пiсьменьнiцу, якая пiша па-расейску. Але не за Беларусь. Бо, парадаксальным чынам, такая прэмiя магла б стаць апошнiм цьвiком у труну беларускае мовы, якая пасьля такога прызнаньня расейскамоўнае лiтаратуры ў Беларусi наўрад цi ўжо ачомалася б да паўнавартаснага грамадзкага iснаваньня. Магчыма, яна б атрымала статус iрляндзкае мовы, на якой яшчэ гавораць сяляне ў краiне, дзе сямёра англамоўных пiсьменьнiкаў носяць званьне ляўрэатаў Нобэля».
Аляксандар Лукашук: «Нобэлеўская прэмiя для Беларусi — як Чарнобыль наадварот. Ейнае выпраменьваньне прасякнула б жыцьцё нацыi на пакаленьнi наперад i асьвяцiла б на пакаленьнi назад. У гэтым сьвятле адкрылася б — i так стала iснай — уся Беларусь, мiнулая i будучая, для сьвету i для сябе самой. Спраўдзiлася б Купалава мэтафара пра пачэсны пасад мiж народамi. З Нобэлеўскага п’едэсталу загаварыла б
Мушу прызнацца, што доўгі час я быў салідарны з ацэнкай Сяргея Дубаўца, але цяпер скарэктаваў меркаваньне.
Не, я не магу прыкласьці вызначэньне Аляксандра Лукашука («Чарнобыль наадварот») — менавіта да Сьвятланы Алексіевіч (зрэшты, аўтар вызначэньня і ня меў на ўвазе менавіта яе — нагадаю, што ў 1998 годзе, калі запісвалася гутарка, сярод найбольш верагодных беларускіх пісьменьнікаў у якасьці Нобэлеўскіх ляўрэатаў называўся Васіль Быкаў).
І справа ня ў мове на якой піша Алексіевіч — а ў яе стаўленьні да мовы, да нацыянальных каштоўнасьцяў.
Увосень 1995-га, пасьля так званага рэфэрэндуму, Сьвятлана Алексіевіч падпісала калектыўны ліст беларускіх пісьменьнікаў (разам з Васілём Быкавым, Нілам Гілевічам, Рыгорам Барадуліным, Уладзімерам Арловым, Васілём Зуёнкам, Карласам Шэрманам, Генадзем Бураўкіным, Сяргеем Законьнікавым, Анатолем Кудраўцом) супраць вяртаньня да савецкай мэтодыкі ў сыстэме гуманітарнай адукацыі (я цытую гэты ліст у сваёй кнізе «Дзевяноста пяты — «Новы крок вышэйшай улады — ня што іншае, як замах на духоўную і інтэлектуальную свабоду нацыі, а значыць, і на яе будучыню»).
Але, на вялікі жаль, у апошнія гады прагучалі зь яе вуснаў словы, якія можна інтэрпрэтаваць як непрыязнасьць да нацыянальнай ідэі. Станоўчых зьменаў у стаўленьні Алексіевіч да беларускай культуры і беларускай мовы я ня бачу.
Праўда, патрабаваць іншага ад Алексіевіч — усё роўна, што папракаць яе ў тым, што ў сваіх творах у 90-ых гадах, пра якія піша, яна акцэнтуе ўвагу не на плюсах аднаўленьня незалежнай Беларусі, а на мінусах распаду СССР. Што абрала сваімі героямі не «адраджэнцаў», а тых, хто новы час альбо ўспрыняў напалохана, альбо не ўспрыняў зусім.
Абіраць тую або іншую тэму, разглядаць яе ў тым або іншым ракурсе — гэта сьвятое права аўтара. Гэтак жа, як права кожнага чалавека — выходзіць на Плошчу ці не выходзіць.
Справа тут у іншым.
Проста я пераканаўся, што мы вельмі перабольшваем фактар замежнага прызнаньня, замежнага аўтарытэту, увогуле — замежнага ўплыву на ўнутранае жыцьцё Беларусі. Перабольшваем найчасьцей у палітыцы, але і ў культуры — таксама.
Ну, не заявіць Алексіевіч у Нобэлеўскай лекцыі, што наяўнасьць дзьвюхмоўя ў Беларусі — гэта правільна. Яна ўвогуле можа і не ўзгадаць Беларусь, хіба што ў зьвязку з тым самым Чарнобылем (а калі прыгадае Чарнобыль — ёй за гэта варта будзе падзякаваць).
І ня будзе яна — я перакананы — бэсьціць беларускую мову і яе носьбітаў, ізноў залічваць іх у «гета» — занадта ўжо дробна гэта для нобэлеўскага ляўрэата.
Але ўявім — што заявіць, што будзе бэсьціць. І што гэта зьменіць? Павялічыць колькасьць непрыяцеляў беларушчыны? Ва ўстановах, дзе прымаюцца рашэньні, іх і без таго хапае. Беларуская культура, беларускамоўная адукацыя пазбавіцца якіх-небудзь істотных заходніх прэфэрэнцыяў — з-за пазыцыі набэліянта? Ды не было ніякіх прэфэрэнцыяў. Тэма нацыянальнай дыскрымінацыі неаднаразова гучала ў міжнародных аўдыторыях і заўсёды пакідала палітыкаў абыякавымі— не таму, што артыкулявалася недастаткова аўтарытэтнымі асобамі, проста гэтая тэма (у дачыненьні да якой заўгодна краіны, ня толькі Беларусі) не ўваходзіць у катэгорыю прыярытэтных і лічыцца выключна ўнутранай справай краіны. У адрозьненьне ад правоў чалавека, напрыклад.
Таму — няма чаго губляць.
Лёс Беларусі, яе культуры, яе мовы, як і раней, будуць залежаць найперш ад саміх беларусаў, ад нашай самасьвядомасьці, ад нашай адданасьці і салідарнасьці.
А не ад Нобэлеўскага камітэту Швэдзкай акадэміі.
Літаратурны Нобэль 2015 прысуджаны Сьвятлане Алексіевіч
Радыё Свабода
8 кастрычніка 2015