У сваім вэрдыкце Швэдзкая акадэмія напісала, што Алексіевіч была ўзнагароджаная за «яе паліфанічныя творы, якія зьяўляюцца помнікам пакутам і адвазе ў нашы часы».
Сьвятлана Алексіевіч (нар.у 1948 у Івана-Франкоўску), якая піша на расейскай мове, дэбютавала як журналістка ў 1975 годзе. Яна — аўтар кніг «У вайны не жаночае аблічча» (1985), «Апошнія сьведкі» (1985), «Цынкавыя хлопчыкі» (1990). «Зачараваныя сьмерцю» (1993), «Чарнобыльская малітва» (1997), «Час second-hand» (2013).
Яе кнігі перакладаліся на ўсе асноўныя эўрапейскія мовы.
Перад Нобэлеўскай прэміяй Сьвятлана Алексіевіч атрымала шмат іншых міжнародных прэмій, у іх ліку Прэмію Гердэра (Нямеччына, 1999), Нацыянальную прэмію крытыкі (ЗША, 2006), Прэмію Angelus (Польшча, 2010), Прэмію міру Нямецкага кнігагандлю (Нямеччына, 2013). У Рэспубліцы Беларусь не прэміявалася.
Марыя Вайцяшонак: «Хочацца крычаць, сьпяваць і танцаваць»
8 кастрычніка 2015
Радыё Свабода
«Усе апошнія дні былі як сонечная бура, столькі хваляваньняў і трывогі. Гэта нібы зьява прыроды, а ня справа рук чалавечых, што ў нас у Беларусі Нобэлеўская прэмія!
Хочацца крычаць, сьпяваць і танцаваць. Сказаць што мы, усе яе сябры рады — не сказаць нічога».
Марыя Вайцяшонак сказала, што Алексіевіч цяпер у адной з краін Балтыі, але неўзабаве вернецца ў Менск.
Барыс Пятровіч: Мы чакалі Нобэля з часоў намінацыі Быкава
8 кастрычніка 2015
Радыё Свабода
Пятровіч
: «Мы сачылі за Нобэлеўскай прэміяй у жывым эфіры. Вельмі рады, што літаратурны Нобэль атрымала Сьвятлана Алексіевіч. Шчасьлівыя, што гэта нарэшце здарылася. Мы вельмі даўно чакаем гэтага — з тых часоў, калі быў намінаваны Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Уладзімер Някляеў. І вось нарэшце гэта здарылася. Гэта найвялікшая падзея для ўсёй беларускай літаратуры, культуры і нашай краіны. Я віншую ўсіх, у першую чаргу саму Сьвятлану Алексіевіч», — сказаў Свабодзе старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў.Барыс Пятровіч выказаў меркаваньне, што літаратурны Нобэль замірыць прыхільнікаў і праціўнікаў Сьвятланы Алексіевіч:
«Яны павінны прымірыцца. Сьвятлана Аляксандраўна была, ёсьць і застаецца грамадзянкай Беларусі. А беларуская літаратура заўсёды існавала ня толькі на беларускай мове, яны была на розных мовах. Так што я думаю, што гэта стане пунктам, зь якога пачнецца замірэньне».
Севярынец спадзяецца пачуць ад Алексіевіч выступ па-беларуску
8 кастрычніка 2015
Радыё Свабода
Севярынец
: «Мае віншаваньні Сьвятлане Алексіевіч! Тое, што яшчэ адзін прадстаўнік Беларусі атрымаў Нобэлеўскую прэмію — гэта сьведчаньне таго, што беларусы — нацыя таленавітая, гэта нацыя глыбокіх геніяў. Я нагадаю, што нобэлеўскія ляўрэаты ў галіне літаратуры, зьвязаныя зь Беларусьсю або паходжаньнем зь Беларусі, — і Генрых Сянкевіч, і Чэслаў Мілаш. Ёсьць дыскусія ў беларускім грамадзтве адносна мовы — расейскай мовы, на якой піша Сьвятлана Алексіевіч, наконт яе стаўленьня да самой беларускай мовы. Але я спадзяюся, што цяпер, з гэтага нобэлеўскага п’едэстала, спадарыня Сьвятлана выкажа ўжо больш узважаную пазыцыю, і мы пачуем ад яе выступ па-беларуску, пачуем у Нобэлеўскай лекцыі, у выступах імёны і прозьвішчы беларусаў, якія пісалі па-беларуску. Таму, скажам так, ёсьць пэўныя спадзяваньні».Лявон Баршчэўскі: «Гэта першы выпадак на постсавецкай прасторы»
8 кастрычніка 2015
Радыё Свабода