Алексіевіч
: Я думаю, што мы счытваем інфармацыю ня толькі са слоў, мы счытваем яе і яшчэ на нейкім іншым узроўні, можа быць яшчэ не да канца выяўленым навукай. Я думаю, што тут уся справа ў энэргетыцы, для мяне асабіста. Таму калі Вы будзеце думаць пра тое, што вымаўляецца, пра гэта нельга гаварыць сур’ёзна, гэта не паддаецца ніякай лёгіцы — гэта шаманства. Але тая магутная энэргетыка, якая ідзе, яна валадарыць. Нацыя неаформленая, людзі стаміліся ад гэтай энэргетычна магутнай камуністычнай ідэі, ад гэтай магутнай апрацоўкі. Яны прывыклі, што на іх увесь час нешта ціснула, нешта іх накіроўвала. І раптам яны аказаліся выкінутыя ў пяць газэт і ў пяць розных праўдаў. Гэта зусім незразумелы сьвет, і яны ня ведалі, як ім у ім арыентавацца. Мы ж сялянская краіна. І раптам зьяўляецца чалавек з такой магутнай энэргетыкай. Я думаю, справа ў гэтым. А жанчыны больш эмацыйна падуладныя гэтаму.Алексіевіч
: У мяне ёсьць сайт www.alexievich.info. Там на сёньняшні момант, па-мойму, 87 кніг. Гэта каля 25 краін. У некаторых краінах усе пяць кніг выйшлі, а ў некаторых краінах — дзьве-тры кнігі. Гэта і Кітай, і Віетнам, і ўся Эўропа, і Японія. А сёлета, па-мойму, выйдзе яшчэ дзевяць кніг.Навумчык
: Мы завяршаем нашу вэб-канфэрэнцыю. Усім дзякуй за пытаньні. Прыносім прабачэньні слухачам, на чые пытаньні Сьвятлана Алексіевіч ня пасьпела адказаць.Алексіевіч:
Дзякуй усім. Я заўсёды цаню чалавечую размову, чалавечую шчырасьць. Мне ня трэба і не цікава, калі мне кажуць толькі добрае. Вядома, словы падзякі — гэта выдатна, але мне заўсёды цікавае жывое жыцьцё. Яно і вульгарнае, і злое, і цёплае, і цудоўнае — гэта цікава. Добрая размова — яна яшчэ раз пацьвярджае маё даўняе перакананьне, што людзі, грамадзтва ў нас цікавейшае і за эліту, і за ўладу. І гэта выклікае надзею.«З Чарнобылем беларусам жыць вечна»
23 красавіка 2006
Юры Дракахруст, Прага
Дракахруст
: Беларусь у сваёй гісторыі зазнала жахлівыя гуманітарныя катастрофы — войны і эпідэміі. Як успрымаюць людзі Чарнобыль — як яшчэ адну катастрофу ў шэрагу іншых, ці як нешта выключнае? Сьвятлана Алексіевіч, як Вы лічыце?Алексіевіч
: Я лічу, што Чарнобыль — адна з галоўных падзеяў ХХ стагодзьдзя, нягледзячы на войны і рэвалюцыі. Але калі казаць выключна пра нашу геаграфію — Украіна, Беларусь — тыя, хто найбольш пацярпелі ад Чарнобылю, то мы не зразумелі, што з намі адбылося. Гэта адбываецца, але гэта не асэнсавана. Маўчаць нашы пісьменьнікі, маўчаць нашы філёзафы. Я шмат думала над тым — чаму?Мяркую, што адна з прычынаў — у тым, што супалі дзьве катастрофы. Празь некалькі гадоў пасьля Чарнобылю адбылася катастрофа сацыяльная, калі агромністая імпэрыя ўтопіі, сацыялістычны мацярык сышоў у нябыт, на аскепках імпэрыі нешта адбываецца, і людзі занятыя найперш гэтым. Бо гэта зразумела, гэта ўкладаецца ў традыцыі культуры, культуры ваеннай, гістарычнай, рэвалюцыйнай, культуры барацьбы. Наша культура на гэтым грунтуецца. А вось другая, касьмічная катастрофа, якая адбылася на вачах гэтага пакаленьня, яна не ўсьвядомленая. Не асэнсаваная з прычыны таго, што, па-першае, яе засланіла першая катастрофа, а па-другое — чалавечая культура наагул не была гатовая да Чарнобыльскай катастрофы. Гэта абсалютна новая рэальнасьць, гэта іншыя маскі зла, іншае аблічча сьмерці. Чарнобыль зьнішчыў паняцьці прасторы і часу. Гэта ўсё не ўкладаецца ў гэты кароткі прамежак часу, дзе чалавек і бяз гэтага атрымлівае велізарную колькасьць шокаў. Паколькі з Чарнобылем беларусам жыць вечна, яго асэнсаваньне ў нас толькі наперадзе, ён для нас яшчэ толькі пачынаецца.