А ўзяць вось гэта новае, перахапіць тую самую беларускую ідэю, або ўзяць вакол сябе інтэлектуалаў нейкіх, людзей з думкамі пра будучыню, з ідэяй будучыні — у яго ўжо няма гэтых антэн. І я думаю, ён ужо ходзіць па коле, і нацыю водзіць па коле. І гэта зразумела, чаму. У яго ўжо няма гэтых магчымасьцяў. Таму што ён абмежаваны гэтым сваім часам і сваёй адзінотай, я б сказала.
Чамусьці мне ўяўляецца, што гэта вельмі самотны чалавек. Чалавек, які зьяўляецца фанатыкам — любові, улады ці яшчэ чагосьці — як кожны фанат, такі чалавек вельмі самотны. Такі чалавек вельмі небясьпечны для сябе, а ўжо тым больш, калі ён ва ўладзе.
Алексіевіч
: Наконт рэцэптаў «Як жыць?» — думаю, мінуў той час, калі пісьменьнікі ведалі больш за іншых. Сёньня кожны чалавек так паразумнеў, што пісьменьніку цяжка даць адказ, і можна казаць толькі пра свой уласны шлях. Я паезьдзіла па сьвеце і магу сказаць, што ў Эўропе, у дэмакратычнай часткі, сапраўды дэмакратыя — гэта жыцьцё, зладжанае для сярэдняга чалавека. Ён хоча спачатку, каб у яго была машына, дом, а потым ужо — кнігі, якія ён разумее... Ня трэба сябе суцяшаць, як мы гэта рабілі ў савецкі час, што мы публіка, якая чытае больш за іншых. Нічога падобнага. Я думаю, 70 працэнтаў людзей заўсёды хацелі чытаць Марыніну, Дашкову (бяру іх як сымбаль) — і зусім не жадалі чытаць Дастаеўскага, Васіля Быкава, ці Кузьму Чорнага... Дэмакратыя — таксама свайго кшталту пастка. Але іншая справа, што гэта пастка, у якой існуе выбар. Але я думаю, яшчэ ўсё ХХI стагодзьдзе будзе стагодзьдзем «маленькага чалавека». І ён выбірае сабе падобнага — паглядзіце на лідэраў краін сёньня. Гэта прадстаўнікі «маленькага чалавека». Ну а ў нас ужо дыктатура «маленькага чалавека» ў самай прымітыўнай стадыі.Што тычыцца майго пісьменьніцтва? Ня ведаю... Мае бацькі казалі, што як я толькі навучылася пісаць, казала, што буду пісьменьніцай... Я ня думаю, што так гэта сур’ёзна было, але я заўсёды хацела пісаць. Але хіба пісьменьніцтва — прафэсія? Гэта мой спосаб зразумець, навошта я, навошта ўсё, што вакол мяне. Гэта мой спосаб жыцьця, скажам так. Я не раблю зь сябе мэсію. Мне проста цікава жыць, цікавыя людзі, цікава іх разумець, цікава шукаць словы...
Алексіевіч
: Мае бацькі былі вясковымі настаўнікамі, у іх не было шмат грошай, нас было трое дзяцей, і наўрад ці яны маглі мяне яшчэ кудысьці паслаць, дзе б я магла вучыцца — ім гэта было не па сілах.Мой прынцып — вучыцца трэба ў асобы. Асоб такіх на нашым журфаку, вядома, няма. Там ёсьць добрыя выкладчыкі, але асоб няма. Хоць я памятаю Арыядну Апялінскую. Яна вяла гісторыю расейскай журналістыкі і не была вельмі моцным выкладчыкам, але нешта было ў ёй такое тургенеўскае, нешта арыстакратычнае ў яе вобразе, якое казала пра тое зьнішчанае жыцьцё, якое мы не засьпелі. Вось такіх людзей трэба шукаць. І ўвесь час трэба вучыцца ў кніг, у жыцьця, у размоў. Божа мой, а з нашымі беларускімі бабулькамі, са старымі як цікава гаварыць! Я асабіста жыву па прынцыпе, як у Казьмы Пруткова — і заняўся я, прабачце за выраз, самаадукацыяй.