Чарнобыль далейшы за Галакост. Чаму? Таму што ён адчыняе бездань зьнішчэньня. Гэта зьнішчэньне нават не асобнай нацыі, гэта зьнішчэньне ранейшага ўяўленьня пра сьвет. Гэта ўсё ўзарванае, стала відавочна, што гэта шлях да самазьнішчэньня, што чалавек паставіў сябе ў гэтым сьвеце не на тое месца. Чалавек зьнішчае сябе, дрэва, птушку, усе навакольныя біялягічныя віды. Галакост — гэта агромністая трагедыя, гэта трагедыя ня толькі габрэйскага народу, гэта трагедыя ўсясьветнай культуры. Але Чарнобыль яшчэ далейшы. Гэтая вайна ідзе кожны дзень, яна забівае нас гэтымі малымі дозамі, забівае вада, зямля, ежа.
Я памятаю, самае дзіўнае ўражаньне, якое ў мяне было ў зоне, гэта тое, што гэтым ліквідатарам выдавалі аўтаматы. Сьмерць паўсюль, сьмерць пад новым абліччам, нельга ляжаць, сядзець на зямлі, нельга доўга каля дрэва стаяць, лічыльнік шчоўкае, а чалавек ходзіць з аўтаматам. Былі там лётчыкі, якія прыляцелі з Афгану. Яны кажуць: «Што мы тут робім, з кулямётамі на борце? Мы атрымліваем дозы і больш нічога». У каго яны мусілі там страляць?
На маіх вачах абрыналася культура вайны, культура ранейшага сьвету, як дачарнобыльскі чалавек ператвараўся ў чарнобыльскага. А паколькі ў нас сёньня сыстэма закрытая, сыстэма аўтарытарная, то мы робім злачынства і супраць уласнага народу, і супраць чалавецтва. Чаму? Мы сталі гіганцкай чарнобыльскай лябараторыяй. Але мы гэтыя веды хаваем і ад сябе, і ад уласнага народу. Тое, што з намі адбылося, тое, чым стане Чарнобыль для нас і для ўсяго чалавецтва, гэта будзе асэнсавана, але для гэтага можа быць спатрэбіцца яшчэ 10-20 гадоў.
Дракахруст
: Давід Ротман, я ведаю, што Вы праводзілі адмысловыя сацыялягічныя дасьледаваньні масавай сьвядомасьці жыхароў пацярпелых ад Чарнобылю рэгіёнаў. Якія асаблівасьці мае сьвядомасьць людзей, якія там жывуць?Ротман
: Тут сытуацыя вельмі цікавая і неадназначная. Мы праводзілі дасьледаваньні і 20 гадоў таму, потым саліднае дасьледаваньне праводзілі ў 1990 годзе, а цяпер паспрабавалі апытаць тыя самыя катэгорыі людзей у тых самых паселішчах, што і 20 гадоў таму. Гэтая праца рабілася ў Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны, Гомельскай вобласьці Беларусі і Бранскай вобласьці Расеі. З нашых апытаньняў вынікае, што для Беларусі гэта была трагедыя ўсёй краіны, для Расеі і Ўкраіны гэта была трагедыя, якая закранула асобныя рэгіёны.Другая асаблівасьць — гэта тое, што Чарнобыльская катастрофа адрозьніваецца ад любой іншай, скажам, ад Галакосту ці генацыду армян, тым, што ў 1986 годзе аварыя была для людзей віртуальнай. Нельга было нічога ні адчуць, ні ўбачыць.
Мы таксама вывучалі лісты, якія людзі пісалі сваім родным 26-27 красавіка 1986 году. Яны проста пачалі адчуваць сябе кепска. Віртуальнасьць гэтай катастрофы не зьмяніла адразу сьвядомасьць людзей, але ўжо потым, калі людзям пачалі тлумачыць, што і як адбылося, яны пачалі адчуваць сябе маральна прыгнечанымі.
Што тычыцца іншых, незаражаных рэгіёнаў Беларусі, то тут мы адзначаем спачуваньне і адначасна страх таго, што гэта можа распаўсюдзіцца і на іх. У гэтым адрозьненьне. У заражаных рэгіёнах Чарнобыль наўпрост адбіўся на здароўі людзей і там — гэта адчуваньне рэальнай пагрозы. У іншым выпадку — гэта пачуцьцё магчымай у будучыні пагрозы, пагрозы здароўю свайму і сваіх дзяцей.
Дракахруст
: Сп. Генадзь, Сьвятлана Алексіевіч у нашай размове некалькі разоў паўтарыла, што Чарнобыльская катастрофа беларусамі не асэнсаваная. Але я дазволю сабе такую, можа, крыху дзёрзкую аналёгію. Псыхіятры раяць людзям, якія перажылі цяжкую псыхічную траўму, не фіксавацца на ёй, у пэўным сэнсе забыць яе, выкінуць яе са сваёй сьвядомасьці, бо інакш гэтая траўма «зжарэ» псыхіку. Ці дарэчная падобная парада беларускай нацыі адносна Чарнобылю? Можа быць, Чарнобыль трэба забыць, каб жыць далей?Грушавы
: Заўвага вельмі слушная. Скажу нават больш, я згодны з тым, што падобная рэакцыя якраз і назіраецца ў чарнобыльскіх рэгіёнах, але яна назіраецца не на саму сытуацыю трагедыі. Для таго каб рэагаваць так, як Вы кажаце, трэба гэтую трагедыю асэнсаваць, трэба гэтую бяду прапусьціць у сярэдзіну і пачаць жыць побач зь ёю. А калі чалавек яе назірае, пра яе чуе, але яе не перажывае, то яму абсалютна ня трэба вось так рэагаваць на саму крыніцу гэтай небясьпекі. Ён рэагуе на тое, што ён чуе, што больш-менш даступна яго сьвядомасьці.