Алексіевіч
: Казулін пайшоў далей за нас усіх, ён хоча пайсьці да канца. Я мяркую, што ён — апошні прадстаўнік савецкага ідэалізму. Ягонае ўяўленьне пра барацьбу, пра формы барацьбы — яны сілкуюцца ідэаламі мінулага. І я б хацела сказаць, што гэта трагедыя– і нашага руху, і асабіста Аляксандра Ўладзіслававіча. І я б хацела яму сказаць, што час зусім іншы. Мяняюцца спосабы барацьбы. Сёньня мужнасьць патрэбная для таго, каб раней за іншых нешта сфармуляваць, зразумець, нарадзіць ідэі. Час Сьценькі Разіна, час вулічных герояў — ён прайшоў.Я не хачу прынізіць подзьвігі тых людзей, якія выйшлі на наш беларускі Майдан, сілкуючыся водблескамі ўкраінскага пажару. Але я думаю, што сёньня патрэбныя іншыя мэтады барацьбы, мэтады паступовага будаўніцтва — партыяў, супраціву, ідэяў.
Казулін уварваўся на палітычную сцэну, для мяне ён быў супрацьвагой нашай плебейскай уладзе, яе прымітыўнасьці. Такіх людзей, як Казулін, вельмі няшмат. Я хацела б сказаць Аляксандру Ўладзіслававічу — ня трэба адчайвацца. Ягоны крок прадыктаваны адчаем, што нельга зламаць гэты мур, што людзі маўчаць, што ў той час, калі Вы гінеце, яны робяць рамонт, будуюць дамы, купляюць новую машыну.
Паколькі каналы інфармацыі закрытыя, манапалізаваныя — ягоны ціхі подзьвіг ня будзе вядомы. Гэта павінна быць відовішчам, а відовішча закрытае. Тое, што яму здаецца, што ён пракрычыць сьвету — гэта будзе задушаны крык, яго не пачуюць.
Сёньня патрэбная іншая мужнасьць, мужнасьць выжыць, мужнасьць прыйсьці да людзей і потым сабраць нейкую сваю каманду і пакрысе падточваць гэта. Гэта — не асабістае Лукашэнкі, гэта сядзіць у кожным чалавеку. Рэвалюцыю трэба зрабіць у галаве кожнага чалавека.
Я жыву ў тым самым доме, у тым самым пад’езьдзе, дзе Казулін. І я часта бачыла яго шчасьлівым: дзьве прыгожыя дачкі, ягоная жонка — было бачна, што там каханьне, заўсёды было радасна іх бачыць. Можа, героі рэвалюцыі, якая ў нас усё ніяк не адбудзецца, са мной не пагодзяцца, і, можа, Аляксандар Уладзіслававіч са мной не пагодзіцца, але я скажу: маленькае жыцьцё, Ваша асабістае жыцьцё, жыцьцё Вашых дзяцей — вышэй за тыя мэты, якія Вы ставіце. Ня трэба сьмерцю акупляць новыя ідэі. Толькі жыцьцём. Вяртайцеся да жыцьця! Адчай нам не памочнік.
«Я не расейская пісьменьніца»
31 траўня 2007
Алена Струвэ, Менск
Алексіевіч
: У некалькіх пакаленьнях я — дачка вясковых настаўнікаў. Я вельмі ўдзячная гэтай сваёй культурнай генэтыцы. Я маю такую вясковую цьвярозасьць у дачыненьні да сябе, да ўсіх маіх датаў, посьпехаў, славы. Гэта ня ёсьць маім гонарам і гэта не кранае мяне ні на грам. Мне ўсё цікава на ўзроўні нейкай радасьці, якую я пражываю асабіста. Што да гэтага дня… Ну, існуюць формы, традыцыі. Нават час людзі прыдумалі. Бо часу няма — ёсьць нейкае касьмічнае існаваньне. Ці ня так? А дзень народзінаў — ну, проста добра, што нейкім чынам ты зьявіўся на сьвет. З гадамі толькі становіцца сумна, што жыцьцё так хутка праходзіць.Струвэ
: Што Вам не падабаецца ў гэты дзень?