Алексіевіч
: Калі мне мае аднагодкі пачынаюць казаць, што ў «нашым узросьце» трэба тое і тое, і што «галоўнае здароўе»… Я думаю: «Бог мой, тут цяпер столькі адкрываецца розных дзівосных рэчаў. Я вось нядаўна прыехала зь Ляпляндыі, дзе ўражваюць і пэйзажы, і алені, якія тысячамі ідуць уверх у горы. Ты столькі пражываеш і адкрываеш за кароткі час, а табе кажуць: ну, здароўя... Мне заўсёды хочацца пачуць нечаканае слова, хочацца сустрэць нечаканага чалавека. Мне азартна жыць».Струвэ
: У часе цяперашняга наведаньня Беларусі Вы зьбіраецеся сустрэцца зь людзьмі, якія ідуць на такі азартны крок як зьмена твару, цела…Алексіевіч
: Так, адзін з кавалкаў кнігі будзе пра гэта.Струвэ
: Як непісьменьніцу Вас цікавіць гэтая праблема?Алексіевіч
: Я гэта ніяк да сябе не прыстасоўвала. У мяне такой праблемы не было. Аднак гэта цікава… Ну, напрыклад, нос я сабе б паправіла. Тым больш, гледзячы на майго старога бацьку, я ўяўляю, што гэты нос будзе і ў мяне ўсё жыцьцё расьці… (Струвэ
: З чым гэта зьвязана?Алексіевіч
: Гэта зьвязана са стаўленьнем да жыцьця. Чалавек ужо не зьбіраецца залежаць ад таго, што яму дадзена Творцам. Калісьці Фройд сказаў: «Нос — гэта лёс» Аднак цяпер ты і гэта можаш зьмяніць. Чалавек сам бярэ на сябе місію Творцы, пачынаецца нейкая іншая Творчасьць. Я ўчора сядзела ў чарзе да зубнога лекара. Гэта ўсё былі жанчыны за 50. Менавіта для іх, для іх разуменьня жыцьця праблема прыгажосьці стаіць вельмі жорстка. Яны ўсьведамляюць, што ім патрэбныя біялягічныя падпоркі. Мяняецца працягласьць жыцьця, ты жывеш даўжэй, аднак ня маеш зубоў...Струвэ
: Як Вы ставіцеся да «біялягічных падпорак»?Алексіевіч
: Я добра стаўлюся да гэтага, да таго, што чалавек працягвае сабе жыцьцё. Зь гледзішча старажытных рымлянаў, мы жывем вельмі шмат. Ня выключана, што чалавек будзе жыць 200 гадоў. У зьвязку з павелічэньнем працягласьці жыцьця зьяўляюцца нечаканыя праблемы — старыя людзі. Калі вы ходзіце па эўрапейскіх вуліцах, то старых людзей болей за астатніх. Гэтыя людзі хутка зьменяць сьвет, сыстэму каштоўнасьцяў, паколькі ў той самай Эўропе яны не зьяўляюцца нейкай «гароднінай», нейкім прыдаткам да жыцьця дзяцей. Чаго нельга сказаць пра палову людзей на постсавецкай прасторы. У прынцыпе, і тут чалавек прыйдзе да іншага асэнсаваньня свайго жыцьця. Павінна быць уласнае жыцьцё зь нейкім уласным сьвятам, сэнсу якога мы дагэтуль не зразумелі.Струвэ
: Цягам 30 гадоў Вы запісваеце споведзі былых савецкіх людзей, і гэтыя споведзі «маленькіх людзей», паводле Вашых словаў, складаюць біяграфію імпэрыі альбо біяграфію ўтопіі. Новая кніга «Час second-hand» — гэта працяг тэмы?Алексіевіч
: Калісьці ў мяне была кніга пра самагубцаў «Зачараваныя сьмерцю». Пра тое, як многія людзі шчыра верылі ў вечную ідэю сацыялізму і як у сваім бальшавіцкім варыянце вечная ідэя аказалася вельмі крывавай і трагічнай для іх. Там было 17 гісторый. Цяпер для «Часу second-hand» я пакінула 10 найбольш паказальных гісторый. Дадаю разьдзел, пра што мы думалі і марылі ад 1986 па 1996 і пра што — у 1996-2006. І гэтае сумяшчэньне дае падставы для асэнсаваньня, што з намі адбылося, чаму замест вялікіх ідэяў прыйшоў геданізм, то бок цяга людзей да камфорту? Ці ёсьць наш пэрыяд вульгарным альбо мы вяртаемся да нейкай нормы? Усё гэта вельмі сур’ёзныя пытаньні. У мяне ў кнізе пра гэта разважаюць дзясяткі і нават сотні людзей.Струвэ
: Вы доўга пішаце свае кнігі?Алексіевіч
: Друкаваць, як на варштаце, усё новыя гісторыі — бессэнсоўна. Я доўга працую над кнігамі. Напрыклад, гісторыю каханьня «Дзівосны алень вечнага паляваньня» пішу болей за 10 гадоў. У мяне будзе 100 апавяданьняў пра каханьне. Трэба да сябе прыслухацца, што ты павінен сказаць.Струвэ
: Напэўна, гэта складана — сказаць сваё слова пра каханьне?Алексіевіч
: З каханьнем усё складана. Сам досьвед экзыстэнцыяльны вельмі складаны. Бо ў мяне ж ня проста каханьне. Цяпер гэтых любоўных расказаў — усе спосабы, розныя рамантычныя гісторыі — у вялікай колькасьці на кніжных паліцах.