Калі мы гэта не асэнсуем — гэта проста катастрофа. І справа ня ў тым, што людзі забываюць. А што ім думаць? Бытавая сьвядомасьць адлюстроўвае толькі тое, да чаго здольныя дайсьці людзі, чыя прафэсія — думаць, прапаноўваць нацыі адказы, ставіць па-новаму пытаньні. Гэтага мы ня робім. І гэтыя спакойныя развагі: «Так, людзі забылі, так, трэба забыць». Я лічу — ніводзін інтэлектуал такой думкі сабе дазволіць ня можа. Гэта ўсё роўна, як калі Вы хворыя на рак ці на СНІД. Як Вы можаце забыць, што Вы хворы? Гэта злачынства і перш за ўсё — перад самім сабой. Хворая наша зямля, вада, хворыя нашы дзеці, кожны дзень у Беларусі паміраюць ад наступстваў Чарнобылю два ліквідатары і адно дзіця. А Вы кажаце — забыць Чарнобыль. Гэта пошласьць, якая прасякае наша грамадзтва. Мы спыніліся ў гістарычным часе і ўсе — саўдзельнікі гэтага. Я лічу, што гэта абсалютна безадказныя для інтэлектуала адказы. Я ж не зямлю капаю ў рэшце рэшт. Мая прафэсія — дадумваць рэчы да канца. Я думаю, што гэта да нас вернецца, Чарнобыль у нас ня ззаду, а наперадзе, і мы саўдзельнікі ўсяго гэтага.
Дракахруст
: Сп-ня Сьвятлана, у мяне да Вас такое пытаньне — наконт прагрэсу, погляду беларусаў на прагрэс пасьля Чарнобылю. Мне тут прыгадваюцца радкі Купалы: «Край балот, о край, калі ж ты станеш краем фабрык дымных і машын». Гэтае імкненьне да індустрыялізацыі, да прагрэсу было, як найменей, ня толькі данінай камуністычнай ідэалёгіі. Варта прыгадаць, што беларусы гістарычна нядаўна сталі індустрыйнай нацыяй — толькі ў 1973 годзе колькасьць дзяцей, якія нарадзіліся ў гарадох, перавысіла колькасьць дзяцей, якія нарадзіліся ў вёсцы. І пры гэтым індустрыйным драйве — наколькі яны гатовы прыняць гэтую тэзу, што прагрэс — гэта пагроза?Алексіевіч
: Мы, зразумела, нацыя, якая спазьнілася, мы дагэтуль молімся на тыя ідэі, ад якіх сьвет ужо адмовіўся, і цешым сябе надзеямі, якія сьвет ужо паспрабаваў і зь якімі разьвітаўся. Сьвет зразумеў, што галоўны прадукт цывілізацыяў — гэта катастрофы. Пакрысе, паволі выпрацоўваецца альтэрнатыўнае мысьленьне — зь іншымі крыніцамі энэргіі, зь іншым стаўленьнем да ўсяго жывога, зь іншымі паняцьцямі права і адказнасьці. У нас аб гэтым нават і пытаньне не стаіць.А мы вырашаем старыя праблемы — праблемы выжываньня, праблемы барацьбы. Генадзь дакладна сказаў, што каштоўнасьць жыцьця ў нас па-ранейшаму — гэта дарагі дыван і добрая машына, а не само жыцьцё. У нас каштоўнасьці эпохі жабрацтва, эпохі барбарскіх пакут. Але міжволі — і тут сапраўды можна падумаць пра Нябеснага дырыжора — міжволі мы аказваемся выкінутымі ў будучыню. Мы абсалютна да гэтага не падрыхтаваная, бо наша філязофія — не далей за ўласнае гняздо, і сякера, рыдлёўка і конь — гэта штодзённыя спадарожнікі ня менш як паловы нашага насельніцтва, а значыць, і нашай сьвядомасьці.
Я назвала сваю кнігу «Хроніка будучыні». Калі людзі будуць ісьці такім шляхам, калі тое, што зь імі адбылося, ня будзе асэнсавана, то будзе тое, што мы ўсе бачылі, як гэтыя самасёлы ізноў касілі літоўкай, сядзелі пры лучыне, па сьледу зьвера варажылі аб надвор’і. Час укусіў свой хвост.
Але я думаю, што мы сталі жыхарамі гіганцкай Чарнобыльскай лябараторыі. Беларусы нездарма гавораць пра сябе, што яны людзі — «чорныя скрыні». Як ёсьць у самалёце «чорныя скрыні», па якіх потым дасьледуюць хаду і прычыны катастрофы, дык вось мы — нацыя-«чорная скрыня».
Людзі, можа, гэта не асэнсоўваюць, асабліва калі іх справакаваць на гэтае неасэнсаваньне. Каб зрабіць гэтую працу з чарнобыльскім мысьленьнем, трэба быць свабодным чалавекам, трэба мець унутры сябе тэрыторыю гэтай свабоды. Сёньня мы гэтага ня маем. Але мяркую, што мы ўсё ж першымі асэнсавалі, што будучыня — не такая, пра якую казалі героі Чэхава, што праз сто гадоў жыцьцё будзе прыгожым і чалавек будзе цудоўным. Праз 100 гадоў — Чарнобыль, ГУЛАГ і ўсё астатняе, што з намі адбылося. Мы вучым іншы сьвет, як ня трэба жыць. Гэта — нашае наканаваньне. Гэта — пастка нашай культуры, але ў мяне ёсьць надзея, што Чарнобыль павінен вызваліць чалавека. Нам дадзена гэтае выпрабаваньне, каб мы яго прайшлі. Незразумела, чаму першыя павінны гэта прайсьці мы — найменш падрыхтаваныя да гэтага. Можа, таму, што мы такая нявінная, дзіцячая нацыя, можа, таму нам дадзенае такое выпрабаваньне.
Чарнобыль для нас — гэта сапраўды Чарнобыльскі шлях, гэта вельмі доўгі шлях. Усе гэтыя нашы палітычныя баталіі, усе гэтыя сувэнірныя асобы, якія зьяўляюцца на нашай зямлі, са знакам плюс ці мінус — з пункту гледжаньня радыенуклідаў, якія жывуць тысячы гадоў, усё гэта пыл і нікчэмнасьць. Але мы павінны пачаць гэтую інтэлектуальную працу. Можа, хоць бы зьбіраць міты, веды, сапраўдную праўду. Гэта вельмі доўгі шлях. Чарнобыль — гэта наш лёс.
«У той час, калі Вы гінеце, яны робяць рамонт, купляюць новую машыну»
8 сьнежня 2006