Але адносна апазыцыі гаварыць пра нейкі сацыяльны і грамадзкі крэатыў наагул не выпадае. Часам там проста «Менская газэта» 1941 году. Толькі мяняй прозьвішчы, а зьмест — той самы пячорны. Хоць ёсьць і цікавыя людзі, і цікавыя ідэі.
Але ня варта казаць, што ўсё у дзеяньнях улады грунтуецца на савецкім досьведзе. Вось я нядаўна апублікаваў артыкул пра тое, што ў Гомелі знайшлі месца пахаваньняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій 1937 году. Чаму гэта трэба замоўчваць? Мне гэта зусім не зразумела. Некаторыя людзі ва ўладзе адразу кажуць — гэта супраць камунізму, а камунізм гэта... Мы, сёньняшнія людзі, грамадзяне Беларусі кажам, што хочам узяць з савецкай эпохі нешта пазытыўнае. Яно сапраўды там было. Але мы павінны з брыдотай адмовіцца ад таго нялюдзкага, што адбывалася ў 1930-я, часткова ў 1920-я і 1940-я гады. І вось тады зьявіцца нейкае паразуменьне.
Дракахруст
: Існуюць дзьве мадэлі пабудовы нацыі: на культурна-этнічным адзінстве — нямецкая мадэль, і на грамадзянска-палітычным адзінстве — француская мадэль. Хіба не найбольш яркім прыкладам апошняй мадэлі зьяўляюцца Злучаныя Штаты Амэрыкі, там этнічнага адзінства як такога няма, а мова — супольная з былой мэтраполіяй. Але ёсьць тое, што называюць «грамадзянскай рэлігіяй» амэрыканцаў. Дарэчы, амбітным, хоць і няўдалым, праектам пабудовы грамадзянскай нацыі была ідэя савецкага народу.Цяперашняя беларуская ўлада культурна-этнічны праект пабудовы нацыі адкідае. Як мы чулі ад Паўла Якубовіча, улада зводзіць культурна-этнічны праект да досьведу калябарацыі часоў вайны. Гэта азначае, што выбар робіцца на карысьць мадэлі грамадзянскай нацыі. Але ж для пабудовы грамадзянскай нацыі патрэбныя моцныя, паважаныя грамадзкія інстытуты, якія і могуць злучыць людзей у супольнасьць, і злучаюць, скажам, у тых самых ЗША. Ці ёсьць у Беларусі, у беларусаў такія інстытуты, на якіх можна ўгрунтаваць грамадзянскую нацыю? Спадар Садоўскі, як Вы мяркуеце?
Садоўскі
: Я пачаў бы адказ з парадаксальнай прымаўкі: каб эканоміць ваду, яе трэба больш піць. Людзі ахвотна п’юць кока-колу, піва і гарэлку. Але каб зрабіць 1 літар піва, трэба страціць 7 літраў вады, на кока-колу — 4, а на біяпаліва этанол — 4650 літраў вады. Мы гаворым пра эканамічныя і сацыяльныя посьпехі, пра простае, штодзённае жыцьцё, якое задавальняе абывацеля, а абывацелі складаюць у любой краіне працэнтаў 75, думае 10-15 працэнтаў, актыўна працуе 4 працэнты людзей. Я мяркую, што нам лепш апэраваць эўрапейскімі прыкладамі, вось нават і Павал кажа, што мы — Эўропа.Вы, Юры, некалькі разоў ужывалі тэрмін «грамадзкія інстытуты» і ўзгадвалі Злучаныя Штаты. Я паўтаруся, што ня ведаю нацыі, дзяржавы, дзе грамадзкія інстытуты былі б збудаваныя без нацыянальнай ідэі. Праўда, цяпер гэта ўжо нібыта нямодна, кажуць, што нацыянальная ідэя скончылася ў ХХ стагодзьдзі. Але мы — недабудаваная нацыя, і наш прэзыдэнт — люстэрка гэтага. Ён мае посьпех, таму што адлюстроўвае стан электарату. Але відавочна, што трэба ўжо пайсьці наперад.
Калі паглядзець на эўрапейскія краіны, такія, скажам, як Нямеччына, то мы бачым, што ў эпоху глябалізацыі робіцца актуальным патрыятызм, і ня толькі канстытуцыйны, але й нацыянальны. Я як германіст магу сказаць, што калі б немцы не былі нацыяй у звыклым сэнсе, яны б усе свае інвэстыцыі вывезьлі туды, дзе танная працоўная сіла, і беспрацоўе ў Нямеччыне было б яшчэ большым, чым цяпер. У апошнія 2 гады беспрацоўе зьмяншаецца. І гэта ў значнай ступені вынік таго, што нямецкія прадпрымальнікі, якія быццам цалкам урасьлі ў глябалізацыю, паводзяць сябе як патрыёты, думаюць ня толькі пра свае прыбыткі, а пра тое, як заняць працай іх землякоў.
Паглядзіце на паводзіны нямецкіх энэргетычных канцэрнаў адносна Францыі, Італіі, Расеі, балтыйскіх краінаў. Яны паводзяць сябе патрыятычна. Крэольская нацыя такога ня зробіць. Калі Вы паглядзіце на Лацінскую Амэрыку, то ўбачыце, што там няма стрыжнёвай нацыянальнай ідэі і многія краіны застаюцца бананавымі рэспублікамі.
Дракахруст:
Сп-ня Алексіевіч, Вы ўжо назвалі адзін інстытут, на якім цяпер спрабуюць збудаваць беларускую нацыю. Гэта прэзыдэнт, прычым не пасада прэзыдэнта, а канкрэтная асоба, якая гэтую пасаду займае — Аляксандар Лукашэнка. У пэўным сэнсе ўлада будуе беларускую нацыю як народ Лукашэнкі. Пакуль гэтая мадэль неяк працуе. Што будзе, калі ён сыдзе — так ці іначай? Ці не атрымаецца так, што ня толькі палітычная сыстэма, але і нацыянальнае адзінства можа пахіснуцца і нават рассыпацца, збудаванае толькі на гэтым стрыжні?