Гэта ня пастка ў тым сэнсе, што яе нехта штучна стварае. Але чалавек павінен ведаць, што найлепшыя інвэстыцыі — гэта інвэстыцыі ў дзяцей, у адукацыю, у нерухомасьць, каб не чакаць, калі выканкамаўская чарга падыдзе, а самому думаць. Спадзеў на правадыра — гэта мэнтальная скрыўленасьць, рудымэнт сацыялістычнай мінуўшчыны, а ня нешта, што накідае прапаганда.
І я лічу, што грамадзтва, якое ўсур’ёз разважае наконт будучыні, павінна разумець, што будучыня залежыць, як пішуць у нашых газэтах, ад таго, як кожны канкрэтны чалавек гэтую будучыню сябе ўяўляе.
Дракахруст
: Спадарыня Алексіевіч, а ў Вас, як у «канкрэтнага чалавека», які погляд на гэтую праблему?Алексіевіч
: Я гэта бачу крыху інакш. Я мяркую, што мы — не асобныя людзі і ня ўсё тут залежыць ад мясцовых умоваў. Сёньня толькі ў краінах ісламу яшчэ працуе энэргія рэлігіі. А ў астатнім сьвеце скончыўся час вялікай гісторыі. Людзі расчараваліся ва ўсіх ідэях і ў містычных сэнсах. І беларусы — нацыя, якая спазьнілася, зь недабудаванай дзяржавай — сыходзяць зь вялікай гісторыі ў сваю маленькую гісторыю і кажуць: «Чума на абодва вашыя дамы! Ёсьць сёньня і цяпер, і я хачу жыць сёньня». Гэта мы, наіўныя шасьцідзясятнікі, думалі, што разваліцца ўсё гэта і людзі кінуцца каяцца, будаваць дзяржаву, вучыцца свабодзе, а яны кінуліся вучыцца жыць. Яны, як дзеці, усё спрабуюць. Мне даводзілася спатыкацца з расейскімі алігархамі — Беразоўскім і Абрамовічам. І здавалася б — людзі ўсё маюць, але нават яны выхваляюцца тым, што набылі, людзі, што менш багатыя, выхваляюцца крыху меншымі яхтамі.Мы, беларусы, яшчэ такое недафармаванае цела, а цябе выкідаюць у дарослае жыцьцё. На пэўны час аўтарытарны лідэр нібыта абараніў грамадзтва, зрабіў такую сумесь турмы і дзіцячага садка.
Але ва ўсім сьвеце адбываецца, а ў нас, на непадрыхтаванай глебе гэта хутчэй і жахлівей — дыктатура маленькага чалавека, які хоча смачна есьці і мала працаваць. У сваім доме я паспрабавала памяняць газавую пліту. Дык гэта два дні трэба сядзець на тэлефоне, дзесяць дзяўчат адказваюць вам, але насамрэч ніхто ні за што не адказвае. І, можа, празь месяц да вас хтосьці прыедзе. Яны атрымліваюць новыя заробкі, пэўна ўжо езьдзяць на нейкіх патрыманых машынах з Захаду, але ўменьне працаваць — усё тое самае. Іх навучылі толькі хацець.
Лідэр сам не падазрае, якая небясьпека, перш за ўсё для яго і для народу — дыктатура маленькага чалавека, дыктатура яго любові. Але калі ён будзе расчараваны, калі гэта ўсё яму не дадуць, а ён толькі ўвайшоў у смак — якой страшнай будзе яго нянавісьць. І няма чаго замілоўвацца гэтым дзіцячым садком, які хоча жыць. Мы — як дзеці, і гэта вельмі страшна для ўсіх нас.
«Час Лукашэнкі скончыўся»
22 жніўня 2007
Сяргей Навумчык, Прага
Алексіевіч
: Гэта быў такі фільм «Гэтыя незразумелыя старыя людзі». Насамрэч, гэта быў дзівосны чалавек, Арэхва, я яго яшчэ засьпела, і ён як ніхто даў мне зразумець трагедыю камуністычнай веры. Таму што ўсе думаюць, што гэта бандыты, як пісаў калісьці Пазьняк, «Ленін быў сыфілітык» — гэта прымітыўныя ўяўленьні, я лічу... Гэта прыгожая была ідэя, і туды сышло вельмі шмат прыгожых людзей. І вось адзін зь іх быў Арэхва.