Алексіевіч
: Я думаю, што гэта проста катастрофа. Я закідаю гэта перадусім нашай культуры — ня толькі ўладзе, Лукашэнку, а перадусім нашай культуры. Мы не расказалі так пра Чарнобыль нашаму, беларускаму чалавеку — ва ўсім сьвеце больш разумеюць, што такое Чарнобыль, як у тым анэкдоце: «Калі б Чарнобыль выбухнуў у папуасаў, пра гэта ведаў бы ўвесь сьвет, апрача саміх папуасаў» — гэта жорстка, але гэта, на жаль, так — а ў Беларусі, якая настолькі пацярпела, няма ні сапраўднага экалягічнага руху, ні супрацьатамнага руху, няма моцных чарнобыльскіх саюзаў — усе дазволілі сябе раздушыць.І тое, што сёньня на гэтым узроўні палітычнага мысьленьня зьяўляецца такая ідэя... Бо што такое атамная станцыя? Гэта высокія тэхналёгіі. Грошы забясьпечваюцца валютным запасам. Высокія тэхналёгіі павінны быць забясьпечаны прынамсі сьвядомай палітычнай уладай, тэхналягічнай культурай, кадрамі, падрыхтоўкай масавай сьвядомасьці... У Чарнобылі людзі працавалі і жартавалі: наша патэльня, наш рондлік... За гэтым жаргонам стаяла розьніца, разрыў між сучасным чалавекам і гэтымі новымі тэхналёгіямі. У выходныя яны ехалі да сваіх маці і працавалі віламі і рыдлёўкамі на гародзе, а потым вярталіся і разважалі гэтаксама — патэльня, націсьнем тую кнопку, тую...
Беларусь, якая сёньня апынулася на тэхналягічных задворках, трэба сабе шчыра гэта ўявіць — мы ж ня можам даць сьвету канкурэнтназдольныя кампутары, фотаапараты — у лепшым выпадку «Мілавіца» можа станікі прадаць, дый тое дзякуючы таму, што гэта натуральная бавоўна, альбо драўляную мэблю немцы ў нас нібыта купляюць, зробленую з чыстага дрэва, але паводле іхных узораў... І побач з гэтым такая ідэя — гэта яшчэ раз сьведчыць пра безадказнасьць улады і пра тое, што ўрок Чарнобылю не прачытаны.
І гэта перадусім наша віна, віна нашай культуры. Я ня памятаю спэктакляў выдатных пра гэта, кніг такіх пра гэта, я ведаю толькі палітычныя акцыі пратэсту і чарнобыльскія фонды — вось адзінае, што адказвала на тое, што адбылося. Усё астатняе не перапрацаванае культурай, для якой гэтая вельмі сур’ёзная, філязофская, тэхнічная праблема аказалася не пад сілу. Мы аказаліся ня роўнымі праблеме, якая паўстала перад намі, а чыноўнікі ёсьць чыноўнікі, яны неабавязкова павінны быць філёзафамі.
Алексіевіч
: Ведаеце, калі я адкажу на гэтае пытаньне, на мяне можна будзе пакрыўдзіцца, альбо пакрыўдзіцца на людзей на Захадзе, але гэта — людзі зь іншым пачуцьцём агульнай годнасьці, зь іншым разуменьнем мэты і сэнсу жыцьця, якасьці жыцьця, павагі да сябе самога... Там сьвет круціцца — паважаюць цябе як чалавека і паважаюць усё, што тваё — твая маёмасьць і г. д. Таму з гледзішча заходняга чалавека Лукашэнка, што адбываецца зь людзьмі, што адзін чалавек паралізаваў грамадзтва, што некуды зьнікла інтэлігенцыя, нават чыноўнік, які таксама ёсьць апірышчам дзяржавы, што ўсе прыніжаныя і ўсе з гэтым мірацца — усе будуць аднойчы ў неўразуменьні, як сёньня людзі старэйшага ўзросту ўзгадваюць, як Брэжнеў выступаў з устаўной сківіцай і якую лухту ён вёрз, а маса людзей на зьездах стаялі, пляскалі ў ладкі — гэтак мы з часам будзем прыніжана выглядаць. Таму ім цяжка нас любіць. Яны ўвесь час у неўразуменьні: што гэта за людзі? Чаму яны з гэтым згодныя?Але калі я сустракаюся зь людзьмі, якія езьдзілі ў Чарнобыль, якія дапамагаюць, маюць нейкія праекты, супрацоўнічаюць з нашымі арганізацыямі, установамі, яны кажуць, што мы мяккі, добры, сардэчны народ... Гэта асабісты кантакт. А кантакт з гісторыяй, мінулай ці сучаснай, выклікае ў заходняга чалавека неўразуменьне. У іх палітычныя праблемы ўжо на іншым узроўні. Праблемы чалавечай годнасьці, улучна з матэрыяльным, яны пазбаўлены — ты там павінен змагацца за сябе, іначай жыцьцё кіне цябе на дно — ты не памрэш з голаду, але будзеш прыніжаны. Але там у чалавека ёсьць шанец, ён свабодна ідзе, уключае тэлевізар і ня думае, дзе ён, у якім стагодзьдзі, дзе ён апынуўся — гэта тое, што я адчуваю, калі чую па тэлебачаньні нашых палітыкаў. Некаторых зь іх я ведаю, гэта годныя людзі, але тое, што яны сёньня кажуць — гэта ніжэй за іх... Гэта выклікае неўразуменьне, як можна так прынізіць і спыніць нацыю зь яе культурай.