Я, калі працавала над усімі гэтымі кнігамі, то кожны раз была зноўку закаханая ў кожную кнігу, яе герояў, яе ідэю. Напэўна, любімыя — «У вайны не жаночае аблічча», «Цынкавыя хлопчыкі»... Я не ў кнігу закаханая, а ў шлях, калі нейкія рэчы ўдаецца глыбей зразумець, лепш сфармуляваць, больш здагадацца пра нешта ў чалавеку.
Ня ведаю, я люблю хутчэй шлях кніг у сабе, як яны адгукаюцца ў людзях — вось гэтае адлюстраваньне. І люблю, калі яны патрэбныя, нават сёньня, нягледзячы на тое, што людзям не патрэбныя прапаведнікі, сьвятыя, бо такі сёньня час — кожны сам сабе прапаведнік і настаўнік. Нельга нават зразумець, у чаго ці ў каго людзі вучацца — супэрмаркет іх вучыць, ці там Маркес, ці Янка Купала, ня ведаю... Складана штосьці зрабіць са словамі — яны нейкія ня моцныя, зь іх зьнікае энэргія, электрычнасьць... Але калі атрымліваеш такое пытаньне, то думаеш, што пішаш недарэмна.
Алексіевіч
: І цяпер цяжка новая кніга пішацца, «Час second-hand», пра тыя 20 гадоў, якія мы пражылі пасьля катастрофы, пасьля вызваленьня, але найцяжэй мне давалася, вядома, «Чарнобыльская малітва». Таму што мой жанр, у якім я працую, зьвязаны ня з тым, каб перапрацаваць агромністую колькасьць матэрыялу, я не ствараю калекцыю жахаў — націсьні кнопку тэлевізара, і жахаў будзе больш чым дастаткова, будзе жахліва выходзіць на вуліцу і вечарам не захочацца слухаць музыку...Матэрыял — гэта адно, хоць гэта цяжкая шахцёрская праца. Самае галоўнае — стварыць канцэпцыю, філязофію, прадставіць нейкі новы погляд на рэчы. Чарнобыль быў нейкай таямніцай, я адразу гэта для сябе вызначыла зь першых паездак. Тут была і мэтафізыка, і нейкая новая філязофія — мы зазірнулі далей за ўсіх, чалавецтва не было ў гэтай прасторы, і патрыярхальная нацыя сутыкнулася з зусім новымі выклікамі, да якіх нават супэрдзяржавы былі не падрыхтаваныя — і раптам беларускі і ўкраінскі селянін апынуліся з гэтым сам-насам і ўсё спазнавалі самі.
І ў мяне не было традыцыі, на якую абаперціся. Калі я пісала пра вайну, то божа мой — колькі людзі жывуць, столькі яны ваююць... Ёсьць цэлая традыцыя, «культура вайны», як пра яе пісаць... Калі ты нават пішаш іначай, то ты ад нечага адштурхоўваесься... Па Чарнобыльскай тэме я пісала кнігу гадоў 10-11, і складанасьць была менавіта ў гэтым — знайсьці нейкія новыя тэксты, сабраць іх, пачуць іх, а для гэтага трэба было выйсьці на новы давер да жыцьця, бо ў культуры гэтага не было...
І гэта вельмі цяжкая праца, мы рабілі яе разам з маімі героямі, бо я шукала чалавека агаломшанага — ня проста таго, хто ўскочыў на біялягічны канвэер, і яго панесла — ці няшчасьце, ці вайна... Мне патрэбны быў маленькі філёзаф, і насамрэч яны ў тыя дні былі агаломшаныя — яны думалі, пайшлі ў цэрквы, спрабавалі на штосьці абаперціся. Вельмі цікава было размаўляць са старымі — я раптам убачыла, што зь імі размаўляць цікавей, чым з вучонымі, генэраламі, таму што штосьці ў гэтай сялянскай культуры ёсьць наладжанае на выжываньне — тое, чаго ў сучаснай цывілізацыі няма. На многія пытаньні трэба было адказаць ці прынамсі паспрабаваць адказаць, вось я і спрабавала.
Алексіевіч
: Любы таталітарны рэжым — гэта, канечне, прымітыўная сыстэма. Зь нізу да верху падбіраецца вельмі прымітыўная ўлада, заснаваная на боязі і на герархіі падпарадкаваньня. Ніхто нічога не бярэ на сябе. Узьнікаюць дзіўныя фігуры. Хто такі наш міністар культуры? Калі паглядзіш — будаўнік з выгляду. Твары міністраў, самога прэзыдэнта гавораць пра паветра культуры, культуру краіны, грамадзтва. Культура — гэта нейкія чаканьні, нейкія падзеі... Гэтага няма, хіба толькі моладзь сама штосьці выдае... А так — гэта нейкая машына паводле нейкага савецкага клішэ. Тэлебачаньне — поўная ідэалягічная машына. Здаецца, нібыта робяцца нейкія кнігі, нейкае кіно, нейкія прэм’еры — але нібыта мы існуем у нейкім вакуўме... Няма падзей, людзей, фігур, думак, ідэй... Калі вы ідзяце ў беларускае кіно, вы загадзя паводле назвы ведаеце, што гэта за канструкцыя — такі савецкі зьлепак...Гэта самае страшнае, што адбылося — у школе, адукацыі, культуры, грамадзтве — зьнік нейкі рух, нічога не адбываецца... У Маскве наадварот, бачны нейкі прарыў — там нейкія сайты, нейкія ідэі, нейкія людзі... Адчуваецца — у іх ужо іншая адукацыя... У нас ёсьць таксама сайт «Новая Эўропа» — нібыта яго робяць у ЭГУ, там ужо іншы погляд.