Алексіевіч
: Рэч у тым, што ў сьвеце ўсе мае кнігі маюць тэатральныя, кінаварыянты, і асабліва «Чарнобыльская малітва» — як ніводная з маіх кніг яна прайшла па сьвеце, было вельмі шмат яе тэатральных пастановак, і ў кожнай краіне было сваё прачытаньне... У Францыі больш за ўсіх ідуць спэктаклі, там нават у Бардо быў фэстываль, дзе з усёй Францыі прывезьлі 12 спэктакляў паводле «Чарнобыльскай малітвы», і гэта было вельмі цікава... Я думала, чаму менавіта чарнобыльская кніга мела такі масавы водгук і настолькі зацікавіла эўрапейскіх інтэлектуалаў... У мяне былі дыскусіі з Полем Вірыльё, якога называюць «філёзафам Апакаліпсісу», і ў нас былі такія дэбаты на сцэне, дзе зьбіралася па 600-700 чалавек, і нават фільм існуе з нашым дыялёгам... Мяне зьдзіўляла, што ў залі было шмат маладых людзей, былі цікавыя пытаньні...Я думаю, што «Чарнобыльская малітва» — насамрэч, хроніка будучыні. Яна выйшла за межы досьведу нейкай адной сыстэмы, адной мэнтальнасьці, хоць тэма вайны таксама выходзіць за гэтыя межы, каб кніга была не мясцовага спажываньня, кніга павінна выйсьці на той пункт інтэлектуальнага назапашваньня, які існуе ў сьвеце, каб гэта было цікава ўсім, а ня толькі на «вясковым выгане». Іначай ня варта пісаць — чаму я настолькі доўга пішу свае кнігі. Я магла б зрабіць 10 такіх кніг, як у «У вайны не жаночае аблічча», я ж ужо дастатковы прафэсіянал, і не пісаць кнігу 7-10 гадоў... Але я хачу, каб кожная кніга была зусім іншай, я павінна вырвацца зь ёю ў зусім іншую прастору, а не паўтарыць саму сябе, тое, што я ўмею рабіць.
А ў Чарнобылі заходняя публіка, заходнія інтэлектуалы знаходзяць адказы на гэтыя страхі будучыні, яны робяцца агульнымі — ужо нельга, як раней, калі вайна ішла ў Эўропе ці ў Савецкім Саюзе, а хтосьці адседжваўся ў Амэрыцы ці ў Аўстраліі, сёньня гэта немагчыма. То бок, страх — гэта новая, паўсюдная культура. Я аднойчы на працягу месяца была ў чатырох краінах: у Францыі паліцэйскія кідаліся да кожнага пакета ў мэтро, у Гішпаніі якраз былі выбухі здарыліся, у Маскве ў мяне 10 разоў праверылі пашпарт... Вось гэтая культура страху, у якой мы жывем, яна ахапіла ўвесь сьвет, і пра страх гавораць больш, чым пра любоў. І безумоўна ў чарнобыльскай кнізе ёсьць гэтае супрацьстаяньне: да чаго ідзе прагрэс, што прагрэс — гэта форма новай вайны, — усе ваююць з прыродай і ў выніку гінуць...