Чаго я баюся? Я баюся таго, што раней ці пазьней гэтая нашая беларуская рэзэрвацыя будзе падаўленая Расеяй і ўвойдзе ў гэты моцны паток. Я цяпер шмат ежджу па Расеі. Там нібыта адбываецца шмат пераменаў. Але з другога боку ідзе жорсткае разьмежаваньне грамадзтва, і расейская мэнтальнасьць гэтага не прымае. Асабліва гэта бачна па моладзі. І гэта пагражае новымі катастрофамі, проста цяпер дзякуючы нафтагрошам гэта ня так заўважна.
І я баюся, што Беларусь будзе ўцягнутая ў гэты вір, і вытрываць у нас няма ні матэрыялу для супраціву, ні прасторы. Гэта пачнецца ў 2008 годзе, і пачнецца вельмі нахабна, бо Расея пухне ад грошай, і каб іх уратаваць, іх трэба некуды раскідваць.
Банальнасьць, але Беларусь — гэта такі сябра Расеі, якога яна не захоча губляць і якога будуць купляць і палохаць. Гэта ж усё бачна і па крэдытах, і па ўсім: як нам іх даюць і як з намі размаўляюць.
Калі раней мы думалі, што Расея нам дасьць дэмакратыю, то цяпер у яе ў самой вялікія праблемы з гэтымі інстытутамі і зь яе псыхалёгіяй. Яна відавочна пайшла па кітайскім шляху, вось мы і будзем Тыбэтам пры гэтым «Кітаі».
На што я спадзяюся? На тое, што наша слабая апазыцыя паразумнее, што зьявяцца нейкія новыя людзі, новыя лідэры. Безумоўна, будуць пэўныя «браджэньні» эканамічнага характару, можа, гэта паспрыяе зьяўленьню новых людзей.
Я ня зьвязваю гэта з новым маладым пакаленьнем, якраз новае пакаленьне больш за ўсё расчароўвае, прынамсі ў Расеі. Гэта канфармісты, прагматыкі, рацыяналісты, людзі, якія паводле сваіх жаданьняў вельмі хутка сталі старымі. Лідэры зьявяцца зь сярэдняга пакаленьня, так мне здаецца.
Гэта такія наіўныя навагоднія пажаданьні, і, я спадзяюся, такія самыя страхі.
«Выйсьці з палону гіпнозу Лукашэнкі»
30 траўня 2008
Іна Студзінская, Менск
Гэта парадокс, які не разумеюць у цывілізаваным сьвеце: каб кнігі сусьветна вядомых, прызнаных пісьменьнікаў выходзілі мільённымі накладамі на розных мовах ўсюды, але толькі не на радзіме творцы. Каб літаратар меў дзясятак прэстыжных міжнародных прэміяў і узнагародаў, і ніводнай айчыннай.
Словы і пажаданьні Сьвятлане Алексіевіч ад калегі па літаратурнаму цэху Наталкі Бабінай
:«Для мяне асабіста Сьвятлана Алексіевіч — гэта прыклад такога пісьменьніка, які мае сілу і мае мужнасьць дадумваць усё да канца, гаварыць усё да канца, без усялякага страху, без усялякіх эківокаў на абставіны, на людзей. Я б хацела пажадаць, каб усясьветная слава пісьменьніцы Алексіевіч яшчэ ўзрастала. І яшчэ пажадаць, можа, ня толькі ёй, а нам усім, чытачам, каб яе кніжкі выдаваліся ня толькі ва ўсім сьвеце, але і тут у нас, у Беларусі».
Сьвятлана Алексіевіч
апошнія гады жыве і працуе за мяжой: спачатку ў Італіі, цяпер у Швэцыі. На радзіме бывае часта. Пісьменьніца перакананая:«Мы не павінны быць закладнікамі Лукашэнкі, мы не павінны быць закладнікамі ягонага калгаснага інтэлекту. Асабліва для эліты вельмі важна выйсьці зь ягонага палону, зь ягонага гіпнозу, сапраўды пачуваць сябе ў сьвеце, а ня толькі ў Беларусі. Я яшчэ раз паўтару: у сьвеце, Беларусьсю — але ў сьвеце».
У сваёй творчасьці Сьвятлана Алексіевіч абрала «жанр чалавечых галасоў». Яна прызнаецца, што свае кнігі выглядае і выслухоўвае на вуліцах, за акном, у іх рэальныя людзі распавядаюць пра галоўныя падзеі свайго часу. Яна піша пра вайну, пра Чарнобыль, пра Афганістан, пра самагубцаў і пра каханьне. Сьвятлана лічыць сябе шчасьлівым чалавекам:
«Я ўсё ж веру, што ўсё ёсьць у гэтым жыцьці: і каханьне ёсьць, і блізкія людзі ёсьць, і радасьць ёсьць. Мне ўдалося захаваць нейкую радасьць у жыцьці. І гэта цудоўна, што мы атрымаліся, і мы ёсьць. Жыць і ў часе, і разам з тым памятаць, што ёсьць тваё адзінае жыцьцё. Я і ў сваіх кнігах спрабую спалучыць сучаснага чалавека і тое, што называецца вечным чалавекам. Мне чым далей — тым жыць больш загадкава, чым далей — тым цікавей».
«Мінімум сем-восем гадоў ідзе на адзін твор»
31 траўня 2008
Аляксандар Уліцёнак, Менск
Назвы яе кніг сталі своеасаблівымі прыкметамі часу — «У вайны не жаночае аблічча», «Апошнія сьведкі», «Цынкавыя хлопчыкі», «Зачараваныя сьмерцю», «Чарнобыльская малітва»…