Я памятаю і сваю журналісцкую працу ў газэтах — вечнае адчуваньне «ката ў пастцы», што ты ня можаш — тое, што мне было цікава, было непатрэбна. Думаю, у гэтым трагедыя нашай літаратуры, вясковай, як яе называлі, і ваеннай літаратуры, таму што там увесь час прысутнічала спачатку «вайна-ідэя», гэта сталінскае стаўленьне, потым пачала прабівацца праўда пра вайну, гэткае народнае стаўленьне «вайна-бяда», але мы так і ня ўзьняліся да таго, што яшчэ Анры Барбюс рабіў, калі пісаў свае кнігі пра першую ўсясьветную вайну — «вайна-шаленства», экзыстэнцыяльныя праблемы. Ня тое, колькі каштавала вайна, які страшны Сталін, а наагул, як чалавек робіць выклік Богу, забівае іншага чалавека ў такой колькасьці, як ён застаецца сам-насам з гэтым пачуцьцём, з гэтай думкай. Я да гэтага здолела прабіцца толькі дзякуючы жаночаму стаўленьню да вайны і дзякуючы таму, што я сама была ў Афганістане («Цынкавыя хлопчыкі»), бачыла, як гэта адбываецца, але гэта было ўжо вельмі позна, мне было трыццаць зь нечым, каля сарака... І я здолела нейкім шляхам узяць гэтую ўсясьветную культуру...
Мы былі зачыненыя, я адчувала прыніжэньне як інтэлектуал, як чалавек, у якога не было гэтага выйсьця... Я памятаю, калі я хацела прачытаць Ніцшэ і Фройда, у студэнцкія часы, я пайшла ў дэканат па нейкую паперку — я павінна была атрымаць дазвол, мне яе не далі. То бок, я не змагла зразумелым для іх чынам патлумачыць, навошта мне Ніцшэ і Фройд, ім было гэта незразумела. Мы павінны былі вучыць, калі газэта «Правда» выходзіла, калі там што... Я сказала, што гэта патрэбна мне для разуменьня сьвету. Акрамя жаху — я была неблагой студэнткай — я нічога ня бачыла ў вачах свайго дэкана Булацкага...
Навумчык
: Завяршаем нашу онлайн-канфэрэнцыю. Вашае, спадарыня Сьвятлана, уражаньне ад пытаньняў і Вашыя пажаданьні слухачам і наведнікам вэб-сайту Свабоды.Алексіевіч
: Неяк малавата злых пытаньняў, а можа, людзі зразумелі, што агрэсія — не найлепшая форма пазнаньня сьвету і пазнаньня чалавека, які гаворыць на Свабодзе. Нармальныя пытаньні, людзі хочуць зразумець сьвет, дакапацца да сілы слова, да сэнсу слова.Я думаю. што сёньня вельмі важна для ўсіх нас захаваць душэўны спакой. Захаваць гэтае жаданьне працы, не стаміцца, не расчаравацца, не махнуць рукой, не паддацца, калі ты бачыш, што чалавек ператвараецца то ў камфортную жывёлу, то ў агрэсіўную жывёлу. Усё роўна чапляцца за лепшае — тое, што ёсьць у цябе ў жыцьці, тое, што ты прачытаў, тыя, пра існаваньне якіх ты здагадваесься. Жыцьцё нашае не дае шмат нагодаў вельмі радавацца жыцьцю — але ў нас іншага часу ня будзе. І нават больш, мяркуючы па той сытуацыі, у якой мы цяпер жывем у Беларусі — думаю, што нашае жыцьцё будзе пагаршацца. Наша ўлада павінна будзе адказваць за гэтыя пропускі, страты гістарычнага часу. А ўлада ніколі не расплачваецца адна, расплачваецца кожны з нас, кожны чалавек.
Але ўсё роўна — гэтыя 70-80 гадоў жыцьця — гэта ўсё, што ў нас ёсьць. І грэкі маюць рацыю: усё ж, трэба вучыцца майстэрству жыцьця. Калі мы будзем цаніць сябе, сваіх блізкіх, цаніць людзей і радавацца жыцьцю — неяк гэта будзе адбівацца і на ўсім астатнім, і зробіць значна болей, чым проста палітычныя атакі, на якія ўжо ў грамадзтва няма энэргіі. Таму кожны павінен зрабіць гэтую маленькую працу ў самім сабе, і тады, магчыма, будзе тое, чаго мы так хочам.
Вядомых пісьменьнікаў выкінулі са школьнай праграмы
31 жніўня 2007
Валянціна Аксак, Менск
З новага навучальнага году беларускія школьнікі ня будуць вывучаць творы Генадзя Бураўкіна, Вольгі Іпатавай, Сяргея Законьнікава, Сьвятланы Алексіевіч, Анатоля Сыса, Уладзімера Някляева, Леаніда Дранько-Майсюка, Уладзімера Арлова ды многіх іншых сучасных пісьменьнікаў.
Іхняе месца ў толькі што выдадзенай Міністэрствам адукацыі праграме па беларускай літаратуры занялі імёны пісьменьнікаў, невядомых чытачам, затое добра вядомых дзяржаўным чыноўнікам.
«Расея пайшла па кітайскім шляху, вось мы і будзем Тыбэтам пры гэтым “Кітаі”»
4 студзеня 2008
Юры Дракахруст, Прага
Алексіевіч
: Я ехала зараз у таксоўцы, і там па радыё ўсіх палохалі Пацуком, што ён не для ўсіх будзе дружалюбным. Я сама нарадзілася ў год Пацука, так што спадзяюся, што ён мяне пашкадуе.Для сябе я хацела б скончыць новую кнігу «Час сэкан-хэнд. Канец чырвонага чалавека». У ёй я разважаю, над Вашымі, Юры, сёньняшнімі пытаньнямі.