Уліцёнак
: Сёньняшняя Беларусь — гэта трывіяльны працяг Атлянтыды савецкай, або ёй дадаліся нейкія новыя, а магчыма нават і знакавыя рысы ў псыхалёгіі?Алексіевіч
: У нейкім сэнсе час тут і цяпер прыпынены палітычна. Але хто такі беларус? Гэта ўсё ж чалавек зь сялянскай мэнтальнасьцю: ён хоча пераменаў, але ня хоча ўзрушэньняў. Многае ў сёньняшняй уладзе яму знаёмае, звыклае, з гэтым людзі мірацца.А з другога боку яны езьдзяць, глядзяць, слухаюць, бачаць сьвет, будуюцца, купляюць нязвыклыя рэчы, частуюцца новай ежай — зрушэньне адбываецца. І яго не спыніць ніякай аўтарытарнай уладзе — хутчэй яна сама будзе мяняцца. Бо грамадзтва разумнее, становіцца больш плястычным, больш дынамічным. Уладзе ад гэтага нікуды не падзецца. Тым больш і Расея ўжо ня стане ўтрымліваць беларускі сацыялізм: усе заклапочаныя ўласнымі інтарэсамі.
Мы ўступілі ў сьвет, дзе няма ілюзій. І да гэтага трэба быць гатовымі.
Іншая рэч, я не падзяляю ідэі пра тое, што нас чакае рэвалюцыя. Не дачакацца яе тут. Будзе павольная, паўзучая эвалюцыя, так мне падаецца.
Уліцёнак
: Што ў беларусах неадэкватна ўспрымаюць тыя самыя швэды ці немцы, зь якімі вам даводзіцца часта мець справу?Алексіевіч
: Са свайго досьведу замежных вандровак магу сказаць: людзі паўсюль аднолькавыя. Добрыя і злыя, мэлянхолікі і сангвінікі — хутчэй вось так сьвет дзеліцца. Тое, што адбываецца зь Беларусьсю, залежыць не ад характару беларусаў — тут хутчэй справа ў масе гістарычных прычынаў. Не, зусім не ў мэнтальнасьці рэч, калі кажуць, што беларусы вось такія нібыта марудныя, сядзяць там у сваіх балотах, а потым ужо — выбух: партызанскі рух…Я так ня думаю. Проста Эўропа падзяліла постсавецкі сьвет на зоны сваіх інтарэсаў. А беларусы выпалі з-пад гэтай увагі. Прыбалтыка, напрыклад, была цікавая швэдам, немцам, гэтаксама як і іншыя. А мы апынуліся недзе пасярэдзіне, і паводле неабвешчанай дамовы трапілі ў сфэру інтарэсаў Расеі.
Зноў кажу: ня думаю, што тое зьвязанае з нашай мэнтальнасьцю. Тут справа ў гістарычных заканамернасьцях. Урэшце — у гісторыі.
«Ведаю дакладна: рамантызм сёньня злачынны»
4 чэрвеня 2008
Аляксандар Уліцёнак, Менск
Алексіевіч
: Памятаю, лячу ў самалёце, і са мной побач — вучоны. Вялікі, у сэнсе пасады і рангу — начальнік з Акадэміі навук. Спачатку, пакуль ён мяне не пазнаў, была вельмі добрая гутарка. І раптам нешта мільгае ў вачох: «Вы хто — Алексіевіч?!» Ну, ня ведаю: каб можна было выскачыць тады ў ілюмінатар, то ён бы напэўна так і зрабіў… Зьбялеў, пачаў азірацца: хто яго бачыць…Вось яна, наша эліта: тут і баязьлівасьць у чалавечых паводзінах, у думцы… Тут усё неяк разам.
А з другога боку бачу малады рамантызм: мы — асаблівыя, мы — ня рускія, мы цягнемся некуды вышэй, у Эўропу…
Тыя жывуць страхам, гэтыя — сьветам рамантызму.
А моцнага мазгавога цэнтру, эліты сапраўднай сёньня ня маем. Найлепшыя магікане памерлі ўжо: няма ні Караткевіча, ні Быкава, ні Адамовіча, Брыля няма… Але ж былі ў нас такія людзі!
А цяпер, у такі страшны час, мы абсалютна бяз пастыраў. А яны нам дужа патрэбныя. Бо мы вырашаем праблемы XX, a не XXI стагодзьдзя.
Няхай нават з розных прычынаў шмат каго з нас не чытаюць і ня слухаюць (мяне, напрыклад, як і многіх іншых, выкідваюць з праграм, не друкуюць), аднак сёньня такі сьвет, калі можна і сказаць, і надрукаваць. У такім разе трэба не ў адчай упадаць, а спакойна рабіць сваю працу.
Чаму? Дакладна ведаю, што тыя сотні маладых людзей, якія выходзяць на вуліцу, яны ня зробяць рэвалюцыі. Але нас, нашую годнасьць — ратуюць.
Адзінае, у чым я абсалютна ўпэўненая, гэта наступнае: рамантызм сёньня злачынны. Эліта мусіць ісьці да людзей, гаварыць зь імі, выяжджаць на месцы. Я, дарэчы, калі вяртаюся ў Менск, вельмі шмат падарожнічаю тут.
Бо гэта наш сьвет, ён не падобны на іншы. Нельга ў менскім мэтро езьдзіць па нью-ёрскім раскладзе. У нас сваё жыцьцё. Што зусім не азначае, нібыта тут паўстане нейкая асаблівая, беларуская дэмакратыя. Яна або ёсьць, або яе няма. Але…
Але трэба ўглядацца ў сваё жыцьцё.
«Перамагчы зло канчаткова можна толькі ў сваёй душы»
6 чэрвеня 2008
Алексіевіч
: Цяпер мы ўсе перажываем пэрыяд адзіноты і разгубленасьці перад новым жыцьцём, перад новай сыстэмай каштоўнасьцяў. Вядома, Біблію не перапісалі, але… Кожны час існуе ў нейкіх сваіх адказах. Сёньня чалавеку трэба адказаць: што важна, акрамя прыватнага жыцьця?