Парада самадзержца мне спадабалася. Зрабіў я выгарадку на планеце. Назваў яе раем. Потым дзве істоты стварыў, каб размнажаліся і каб сумна ім не было. Усё як след. Ды раптам у галаву цюкнула. Калі эксперыментаваць дык эксперыментаваць. Ствару я яшчэ дзве істоты. Такія ж кволыя, але з дужа моцным розумам, як і на іншых галактыках. Цікава паглядзець, якая з дзвюх пар акажацца найбольш аптымальная. Скажу шчыра, вымусіў мяне на такі эксперимент самадзержац. Падумаў я, што ён не проста так сабе даваў параду, а хацеў падштурхнуць мяне на няправільны шлях.
Стварыў я яшчэ адну пару. Пасяліў яе на пятай арбіце. Умовы там яшчэ горшыя былі, ды затое розум у істот разоў у сто тысяч мацнейшы.
Скажу адразу: абодва эксперыменты не ўдаліся. Тыя істоты з моцным розумам за кароткі час такога натварылі, што хоць у антысусвет імігрыруй. Я тую планету на пятай арбіце — Фаэтон — к чортавай матары ўзарваў. Іначай яны і да мяне дабраліся б...
— Ну, а што з тымі істотамі, што на Зямлі ў раі пасяліліся? — спытаўся Богша.
Бог доўга маўчаў.
— Зямныя стварэнні аказаліся таксама з вялікімі заганамі, — нарэшце сказаў ён. — Непаслухмяныя, сварлівыя, крывадушныя, усім незадаволеныя, прагныя, задзірыстыя, хлуслівыя. Адчыніў я загарадку і выгнаў іх у свет. Думаў, яны і года не пражывуць. Дык хіба не здзівішся, калі пачуеш, што істот тых на Зямлі чатыры мільярды? Як яны там маглі пракарміцца? Як не перабілі адна адну?..
Богшу гэта закранула за жывое.
— Дык вось яно што, — узгарэўся ён. — Стварыў нас на Зямлі і кінуў на волю лёсу. А сам у "чорнай дзірцы" схаваўся. Гіньце створаныя мной людзі. Дык гэта не проста амаральна, але і злачынна. За такую злосную безадказнасць судзіць трэба.
Бог разгубіўся. Мабыць, з ім яшчэ ніхто і ніколі так не размаўляў. Але паступова да яго вярталася ўпэўненасць. I ўжо ён пайшоў у наступ на Богшу:
— Табе добра гаварыць... А мне па няходжаных сцежках давялося ісці. Тут такіх дроў наламаць можна...
— Кінь хавацца за аб’ектыўнымі прычынамі. Не ўпэўнены ў маральнасці эксперымента, то не бярыся за яго, — абурана адказаў Богша.
— Не крыўдуй, — папрасіў Богшу бог. — Я сапраўды рад нашай сустрэчы. Лепей раскажы мне пра зямныя вашы справы...
— На гэта спатрэбіцца шмат часу, — сказаў Богша. — А мне дамоў трэба. Ды хацелася яшчэ пабываць у Полацкім княстве дванаццатага стагоддзя.
— Пабудзеш. Гэта ў маёй сіле. I я табе цвёрда абяцаю. А цяпер сядай побач і расказвай, — папрасіў бог.
Шчыра кажучы, задача аказалася больш складаная, як здалося на першы погляд. 3 чаго пачаць? Не расказваць жа богу пра геалагічнае мінулае Зямлі, пра розныя мезазойскія і кайназойскія эры, пра мелавыя, трацічныя і чацвярцічныя перыяды, пра эвалюцыю ўсяго жывога на Зямлі ад найпрасцейшых арганізмаў да чалавека, калі бог перакананы, што стварыў усё сам, ды яшчэ застаўся незадаволены створаным.
Каб выхваляўся сваім умельствам, выстаўляў сябе творцам-геніем, які стварыў дужа дасканалую прыроду, Богша, вядома, не стрымаўся б, павыскаляўся б з ягонай самаўлюбёнасці. Тут надарылася абсалютна нетыповая для творчых работнікаў з’ява. Бог-творца наперакор прывычнаму быў незадаволены справай сваіх рук і гаварыў пра гэта абсалютна шчыра.
Лазар Богша пастараўся прыгадаць, ці сустракаў ён калі творцу, нават самага бяздарнага, які прызнаўся б, што ён зрабіў нешта нявартае ўвагі? Здаецца, не сустракаў. Бога за сваё самакрытычнае стаўленне да ўласнай творчасці можна было паважаць...
Не простым аказалася расказаць і вельмі сцісла гісторыю чалавецтва. Што яна такое, гісторыя? 3 якога боку да яе падступіцца?
Кінуўшы позірк у глыбіню стагоддзяў, Богша злавіў сябе на тым, што памятае фараонаў, цароў, імператараў, ханаў, шахаў, военачальнікаў, кіраўнікоў паўстанняў, ведае войны, якія яны вялі, бітвы, якія выйгравалі або прайгравалі. Але ж гісторыя гэта не толькі правіцелі і бітвы...
Дык пра што ён павінен гаварыць богу, каб той добра зразумеў, ад чаго і каго ён у свой час адступіўся? Богшу не хацелася паказваць чалавецтва, вываленым у брудзе і крыві. Яму хацелася ўзвысіць чалавечы род перад богам. Расказваць богу пра веліч і прыгажосць чалавека і ўсяго чалавецтва. А веліч і прыгажосць чалавецтва зусім не стасуюцца да войнаў і бітваў, як бы іх ні называлі ў гісторыі, бо гэта кроў, калецтва, гвалт, слёзы, смерць. А майстэрства палкаводцаў? Што гэта як не ўменне забіваць людзей, каб потым справіць nip на касцях пераможаных. Яно магло выклікаць у бога агіду і раскаянне, што ў свой час не ўзарваў і Зямлю, закончыўшы тым самым эксперымент на біялагічнай аснове.
Богшу не хацелася даць богу хоць маленечкі шанец на апраўданне. Хай бы адчуў, што кідаць створаную ім жа істоту, а тым больш узрываць планету не толькі амаральна, але і злачынна.