"А можа, няварта ламаць галаву, чаму і дзе я знаходжуся зараз, у гэта самае імгненне: на дарозе ў камфартабельнай машыне або ў акіяне на кволым плоціку, на фешэнебельным курорце або ў захудалай, правінцыяльнай турме? Нехта з вучоных сказаў, што калі б прырода "выбрала" крыху іншую паслядоўнасць лічбаў, дык свет быў бы зусім другім. Не выключана, што чалавека наогул не было б і не было б каму пазнаваць Сусвет. О, гэтая выпадковасць не ўсвядомленых яшчэ заканамернасцей ад чатырох тыпаў фундаментальных узаемадзеянняў у Сусвеце да пяці рэцэптараў, якімі чалавек пазнае свет такім, якім ён, можа, і не існуе ў сапраўднасці! Відаць, сэнс заключаецца ў тым, каб чалавек асэнсоўваў яго ўсюды, куды ні трапіў бы на сваім жыццёвым шляху".
Думка гэтая супакоіла і адцягнула Богшаву ўвагу ад другараднага. Зрэшты, пакуль што ён не мог выдзеліць тое галоўнае, на што павінен скіраваць сваю ўвагу.
— Прызнаюся, я зусім не здагадваўся, што ў труне ляжыць Усяслаў Полацкі, — прызнаўся Богша. — Ды і на пахаванне я трапіў выпадкова...
— Яго будуць хаваць не тут, у Полацку, а на Суі, — зашаптаў Баян. — I не па царкоўнаму абраду, па старому...
— I ты прымчаўся, каб спець мёртваму славу, як спяваў некалі славу Яраславічам, калі яны разграмілі Усяслава на снезе Нямігі? — Богша не стрымаўся, каб не ўпікнуць Баяна за ягоную беспрынцыповасць.
— Пра што ты гаворыш, няшчасны? — абурыўся Баян. — Пра якое паражэнне Усяслава на Нямізе?.. Ля ягонай труны ты ганьбіш вялікага воіна, чалавека і пакутніка, абылганага нядобразычліўцамі. I не славу я прымчаўся пець, а слухаць вялікі плач найвялікшай плакальшчыцы Рагнеды, сястры Усяслава і жрыцы-вяшчунні суйскага храма...
— Але ж прызнайся, што ты спяваў славу Яраславічам пасля Нямігскай бітвы, — не адставаў ад Баяна Богша.
— Спяваў, — прызнаўся Баян. — Як лёгка мы дакараем другіх, а пасля самі, стаўшы на іх месца, робім горшае і не чырванеем нават... А знаеш, Богша, з якіх слоў я пачаў славу Яраславічам пасля Нямігскай бітвы?.. "На Немизе снопы стелют головами, молотят чепи харалужными, на тоце живот кладут, веют душу от тела. Немизи кровави брезе не бологом бяхуть посеяни, посеяни костьми руских сынов..." Во з чаго я пачау славу Яраславічам.
— Гэта сказаў аўтар "Слова аб палку Ігаравым", — запярэчыў Богша.
— Гэта сказаў я. Толькі я мог сказаць такое, — узлаваўся Баян. — Я сам бачыў, як клаліся галовы воінаў на белым снезе. Я бачыў, як чырванелі ад крыві берагі Нямігі. Я стаяў на крутым беразе ракі і глядзеў на тую страшную бітву. Вось тады я, напэўна, упершыню падумаў, што не славу князям мне спяваць трэба, а плачам, раздзіраць іхнія сэрцы. Тады і пачала адступаць ад мяне маладосць безразважлівасці...
— А пасля, як Усяслава садзілі на княжацкі стол у Кіеве, хіба не ты спяваў славу Усяславу?..
— Ну, я... I не адзін я ўскладаў надзеі на Усяслава. Хіба ўпершыню такое, калі думаеш: нарэшце прыйшоў той князь, які ўстановіць на зямлі мір, парадак і справядлівасць?..
— Твае славы князям зрабілі дужа вялікі ўплыў на песняроў усіх княстваў, — нагадаў Богша.
— Што мне былая слава мая? Хіба я вазьму яе з сабой у магілу?..
— Ты застаўся ў памяці, — сказаў Богша.
— Маё імя — як водгулле чыесьці другой славы, — не пагадзіўся Баян, і Лазар Богша падзівіўся, як ён блізка ад ісціны.
У царкве раздаліся ледзь чутныя крокі.
3 прытвора да дамавіны лёгкай хадою ішла жанчына ў доўгай накідцы з гарнастаяў, пад якой відаць быў белы каптан.
4
3 прытвора да дамавіны лёгкай хадою ішла жанчына ў доўгай накідцы з гарнастаяў, пад якой відаць быў белы каптан.
Дзве дзяўчыны падтрымлівалі краі накідкі.
— Рагнеда, — шапнуў Баян. — Сястра Усяславава.
Богша выйшаў з-за калоны. ён бачыў, як наструніліся людзі, як загарэліся любоўю і адданасцю іхнія вочы. I толькі ў сыноў Усяслава і іхніх жонак прамільгнуў у вачах страх, а можа, разгубленасць. Не ва ўсіх...
Не дайшоўшы крокаў трох да дамавіны, Рагнеда выпрастала з-пад накідкі рукі, узняла ўгору. У адной яна трымала чорнага пеўня, у другой — каменны нож.
Лазара Богшу ўразіў твар Рагнеды — адухоўлены і прасветлены, нібы яна стаяла не перад нябожчыкам, а перад нованароджаным.
Яна роспачна крыкнула і ў тое ж імгненне няўлоўным, прызвычаеным, нават прыгожым рухам рукі адсекла галаву пеўню, акрапіла ягонай крывёю белую покрыўку на нябожчыку.
Богша здрыгануўся. Абрад гэты здаўся яму дзікунскім і бязглуздым.
Яна ж кінула пеўня пад дамавіну, сашчапіла рукі, узняла іх над галавой і колькі часу стаяла так у маўклівай задуменнасці.
— Зараз ты пачуеш такое, — зашаптаў Баян і ад асалоды, якую чакаў, заплюшчыў вочы. — I плач, i славу, і праклён, i клятву, і найвышэйшую любоў — песню ўсіх песняў.
У царкве панавала пругкая цішыня. Чулася толькі патрэскванне свечак. У Лазара Богшы чамусьці моцна білася сэрца.