Читаем Святыя грэшнікі полностью

Тады пра што ён павінен расказваць богу? Хіба пра духоўную культуру чалавецтва? Але ж і ў ёй гучыць водгулле крывавых войнаў і бітваў. Вядома, гучыць, але на якой ноце? Во ў чым сакрэт. Во чаму такі жывучы старадаўні эпас розных народаў. Сакрэт — у ноце дабра і справядлівасці, якімі прасякнуты паданні і міфы, быліны і сказанні. На ёй, адной гэтай ноце, створана ўся народная культура.

У Лазара Богшы была магутная памяць на паэтычныя творы. Ён ведаў ледзь не ўвесь старажытны індыйскі эпас, паэтычныя міфы Сярэдняй Азіі, "Іліяду" Гамера, "Песню песняў" Саламона, скандынаўскія сагі, фінскую "Калевалу", нямецкую "Песню пра Нібелунгаў", цудоўныя сказанні амерыканскіх індзейцаў і, вя­дома ж, рускія быліны і самы цудоўны помнік усходнеславянскай культуры — "Слова аб палку Ігаравым".

Богша з натхненнем чытаў урыўкі з шэдэўраў сусветнай літаратуры, каменціраваў іх, усяляк падкрэсліваючы высокі духоўны ўзровень чалавецтва. Сапраўды, было што чытаць, пра што расказваць. Можа, толькі тут, у гэтай "чорнай дзірцы", Богша і сам, як ніколі ра­ней, адчуў веліч чалавецтва, яго духоўную сілу і моц, ягоную прыгажосць і непаўторнасць і не ў тым, што яно вынайшла порах, гармату, кулямёт і розныя складаныя машыны, якія вырабляюць усё гэта на згубу чалавецтва, а ў тым, што стварыла помнікі архітэктуры, скульпту­ры, карціны, песні і паданні — памяць пра сябе і свае пачуцці.

На жаль, ён мог ілюстраваць свой расказ пра куль­туру чалавецтва толькі паэтычным словам. Гаварыць пра выяўленчае мастацтва, музыку і архітэктуру ён не хацеў. Баяўся, што не хопіць дакладных і вобразных слоў, каб данесці да бога і гэтыя здабыткі чалавечага генія. Таму ў канцы свайго чытання паэзіі Богша коратка сказаў богу: "А чалавецтва яшчэ стварыла найвыдатнейшыя шэдэўры жывапісу, скульптуры, архітэктуры, музыкі, расказваць пра якія нельга бездапаможнымі тут словамі. Музыку трэба слухаць, а творы выяўленчага мастацтва — глядзець. Але павер мне, яны бываюць мацней за слова".

Бог сядзеў уражаны пачутым. Ён плакаў.

Можа, яму было сорамна, што некалі не разгледзеў у кволай істоце, якая сапраўды мела мноства заган і недахопаў, такі патэнцыял інтэлекту, пра які ён, бог, не мог і марыць.

— Я хацеў бы загладзіць сваю віну, — выціраючы рукавом слёзы, сказаў бог. — Можа, я буду чым-небудзь карысны чалавецтву?

Захоплены высокай паэзіяй, духам дабрыні і праўды, якая перамагае крыўду, Богша неяк забыўся на страшэнныя супярэчнасці ў пакінутым ім свеце. На жорсткія войны, у якіх гіне самы цвет чалавецтва, яго надзея і будучыня — моладзь, на голад, бяспраўе, прывід ядзернай вайны, якая можа ў адно імгненне спапяліць цывілізацыю, здабытую такой дарагой цаной.

Цяпер ён успомніў пра ўсе цяжкія хваробы чала­вецтва і ледзьве стрымаўся ад спакусы папрасіць бога пазбавіць чалавецтва ад іх. Гэта так было проста — папрасіць. Але Богша паспеў падумаць: а як чалавецтва ўспрыме ягоную гэтую просьбу? Хто ўпаўнаважваў яго? Ён хацеў ужо адмовіцца ад божай дапамогі, ды зноў яго ахапілі сумненні. Адмаўляючыся ад такой спакуслівай просьбы, ён, Лазар Богша, бярэ на сябе вялікую адказнасць. А што, калі чалавецтва не здолее ўтрымаць рукі вар’ятаў, якія трымаюць атамныя бомбы? Тады ён і ніхто другі будзе вінаваты ў атамнай вайне, у знішчэнні жыцця на Зямлі.

Яму было над чым падумаць. Некалькі разоў ён га­товы быў папрасіць бога, як дарослыя сынкі просяць, не чырванеючы, сваіх бацькоў даць ім грошай на набыццё японскага магнітафона. Але вера ў чалавека і чалавецтва перамагла.

— Я схлусіў бы табе, — сказаў ён, — калі б сказаў, што мы жывём без трывог і клопатаў. Больш таго, ча­лавецтва час ад часу сутрасаюць такія выпрабаванні і катаклізмы, пасля якіх яно клянецца зрабіць усё, каб такія катаклізмы больш не паўтарыліся. Праходзяць гады, і чалавецтва зноў нехта заганяе ў выпрабаванні яшчэ больш жахлівыя і цяжкія, як мінулыя. Але ж, бачыш, яно жыве, развіваецца, шукае новыя шляхі да лепшай долі. Яно жыве па сваіх чалавечых законах, недасканалых, жорсткіх, нават бязлітасных, але сваіх. Дык ці варта яму вяртацца ў той рай, які быў у яго? Хай чалавецтва жыве па сваіх законах. Само шукае свае шляхі да праўды і дабра. Даруй, але табе лепей застацца тут, у "чорнай дзірцы".

Бог задумаўся.

— Бадай, ты маеш рацыю, — сказаў ён. — Я захоплены чалавецтвам. Яно застаецца самай дасканалай істотай у сусвеце на бясконцыя гады. Жыць яму вечна! Розум не вынішчальны, ён усё пераможа. А цяпер вяртайся на зямлю. Я вельмі рады, што сустрэўся з табой. Я адпраўлю цябе ў любую кропку планеты... у любы час яе існавання... заплюшчы вочы... задумай, куды табе трэба... моцна... яшчэ адно імгненне...

Апошнія словы даходзілі да Богшы, як у сне. Потым адбыўся выбух. Богша перастаў адчуваць гравітацыю. Ён стаў разрастацца, як невялічкае воблачка, бывае, разрастаецца ў навальнічную хмару. Яму дыхалася вольна і лёгка, ён ляцеў у Сусвеце з хуткасцю святла. Яна паволі замаруджвалася. Ператварылася ў нуль. Богша пачуў пад нагамі нешта цвёрдае.

"Прызямліўся", — падумаў ён і расплюшчыў вочы.

Ён стаяў у царкве.

Перейти на страницу:

Похожие книги