Богша сеў на свайго любімага канька іронію і, мабыць, не злез бы з яго так хутка, каб не пачуўся прымірэнчы голас некага трэцяга, хто ўлез у літаратурную дыскусію тураўскага епіскапа і зняволенага ў манастыры на Лач-возеры жартаўніка з некалі радавітых уладзіміра-суздальскіх людзей.
— А ці не лепей было б нам, брацця, складаць песні сягачасным ладам? Ці ж можна салоўкам імкнучы па выдуманым дрэве, сягаючы звонам гусляў пад воблакі, не чуць плачу жаночага, душапрыдатных пропаведзяў з царкоўных амбонаў, якія адкрываюдь сэрцы любові і радасці, прыпевак, жартаў на вясёлых ігрышчах, якіх не цураўся і славуты Баян, летапісных сказаў і павучанняў, язычаскіх часоў паданняў і песняў, якія ёсць голас народа і ягонае непрыхарошанае жыццё? Дык паплачам, паразважаем над раз’яднанай Руссю, узрадуемся шчасцю спяваць некалі адну песню на ўсе рускія землі, упрыгожыўшы яе фарбамі жывога і пісанага слова...
Ну, вядома ж, гэта быў аўтар "Слова аб палку Ігаравым". Дзіўна было другое: як маглі сабрацца разам такія славутыя людзі дванаццатага стагоддзя? Богша напружыў усю сваю памяць, каб прыгадаць, калі яны нарадзіліся і калі памерлі. У галаве было пуста.
Перад вачамі плылі толькі разнаколерныя кругі. У прамежкі між імі Богша бачыў нейкія дзіўныя ўрыўкі нейкіх незразумелых падзей, чуў нейкія размовы, якія вялі невядомыя людзі. Усё мроілася невыразна. Ды раптам перад ім вынік з неадкуль нейкі гісторык ці, можа, крытык-літаратуразнаўца, а, бадай, і не той і не другі, а звычайны палец, які ўказвае, што трэба рабіць, куды і чаго ісці. I гэты нехта абурана загаварыў, звяртаючыся да яго, Лазара Богшы:
— Хопіць, Лазар Богша!.. Хопіць!.. Падзівачыў, і годзе! Твае мастацкія дасканаласці — гэтыя выбрыкі на патрэбу выбраных — нікому не патрэбны. Яны парахня і пыл. Забыццё кране іх раней, чым твая труна будзе апушчана ў магілу...
"Гэта ж Кірыла Лыкавязаў, — здагадаўся Богша і чамусьці вельмі ўзрадаваўся яму. — Мы ж вгікаўцы. Нам трэба памірыцца. Я скажу яму..."
Богша не ведаў, што ён скажа Юрылу Лыкавязаву, але адчуваў, што нешта важнае, тое, што спазнаў, падарожнічаючы ў прасторы і часе, ён памкнуў яму насустрач з лёгкасцю птушкі, якая лунае ў паднябессі. Ён працягнуў Кірылу руку на вечнае брацтва. А той моцна штурхнуў Богшу ў грудзі, саштурхнуў проста ў раку.
Сам жа застаўся на беразе ў позе бога, які пакараў непаслухмянага грэшніка. Кірыла пераможна ўсміхаўся...
— Я перамог, цябе, Лазар, — сказаў ён.
— Час няўмольны суддзя, а не ты, — адказаў Богша.
Тысячы людзей у няўцешнай жалобе прыйшлі праводзіць яго ў самае доўгае падарожжа; і конная міліцыя ледзьве стрымлівала натоўп на бясконцай дарозе.
ЧАСТКА ПЯТАЯ: фантазія ля мажор
Эпізод апошні: апладысменты пад заслону
* * *
Тысячы людзей у няўцешнай жалобе прыйшлі праводзіць яго ў самае доўгае падарожжа; і конная міліцыя ледзьве стрымлівала натоўп на бясконцай дарозе.
Недарэчная фраза гэтая, народжаная чорт ведае па якіх законах логікі, паўтаралася ў свядомасці Кірылы Лыкавязава на адной і той жа ноце, як надакучлівы зубны боль.
Кірыла Лыкавязаў стаяў ля акна ў сваім кабінеце, і яго ахоплівала радаснае адчуванне вольнасці. Ён разумеў, што пачуццё гэтае нізкае, брыдкае, подлае, не вартае чалавечай годнасці, але насуперак цвярозай развазе, падспудна, у ліха ведае якіх закутках ягонай сутнасці жыло вось гэтае адчуванне раскаванасці і вольнасці, нібы са смерцю Лазара Богшы з ягоных плячэй, а можа, і душы, зваліўся неймавернай вагі груз.
Трэба было пазбавіцца ад нізкай радасці, прыдаць сабе выраз жалобы і засмучэння адпаведна моманту, але заглушыць бурлівую радасць было немагчыма, бо каварная фраза ўсё падагравала яе. Тады Кірыла Лыкавязаў загадаў сабе не паўтараць правакатарку-фразу, як некалі, у пару маладосці, загадваў выйграваць апошні раунд у спаборніцтве на званне чэмпіёна.
Цяпер, аднак, волі было недастаткова, пэўна, таму, што фраза гэтая склалася ў піку Лазару Богшу і ягонаму пахаванню, пра ягонае, Кірылава, пахаванне, так, як ён яго ўяўляў. Яно павінна было зацямніць пахаванне Лазара Богшы. Таму сіла волі тут не дзейнічала: яе не было, яна таксама памерла.
Лухта?.. Бязглуздзіца?..
Каб жа ды так!..
Кірыла Лыкавязаў раптам зразумеў, што ўсё ягонае жыццё, творчасць самым фатальным чынам залежалі ад жыцця і творчасці Лазара Богшы. Залежалі нават тады, калі Лазар Богша цярпеў непапраўныя катастрофы, падаў з вышыні ў прорву, а ён, Кірыла Лыкавязаў, знаходзіўся на грэбені магутнасці і славы, узняты туды чарговым поспехам. Гэта была ягоная трагедыя. Ён зараней быў асуджаны па поспех. Яшчэ тады, калі недзе абгаворвалася ягоная кандыдатура на новую пастаноўху, новы поспех чакаў яго ў прыёмным пакоі. Кожны новы фільм мог быць толькі поспехам. Але чаму і тады ён, Кірыла Лыкавязаў, абавязкова азіраўся на Богшу, нібы і фільм, і поспех яму патрэбны былі, каб падкалоць Богшу, даказаць сваю праўду, свой прамы, як пад лінейку, шлях у мастацтве.