Бадай, было і крыўдна і сорамна тварыць у залёжнасці ад чалавека, творчы метад якога ён адвяргаў цалкам і поўнасцю. Добра, што пра крыўду і сорам ніхто не ведаў, нават не здагадваўся. Усе лічылі, што ў Кірылы Лыкавязава не можа быць такіх пачуццяў. А яны былі. I ад таго, што пра іх не здагадваліся, крыўда і сорам прыпякалі не менш.
Цяпер яму не трэба было азірацца, не трэба з адчаем у сэрцы чакаць, што можа сказаць, зрабіць, падумаць Лазар Богша. Хто азіраецца на цені? Цені знікаюць. Значыць, вольнасць, незалежнасць, і не толькі яму, Кірылу Лыкавязаву?..
Ад нечаканай думкі, што ён не адзінокі, што нехта яшчэ будзе рады вызваліцца ад гнятлівай богшаўскай самапатрабавальнасці і сумленнасці, у свядомасці Кірылы Лыкавязава перастала гучаць недарэчная фраза.
I ён адразу вярнуўся да рэальных падзей з рэальнымі намерамі.
Найперш яму трэба было прадумаць развітальную прамову. Ён двойчы кашлянуў, правяраючы голас. Голас гучаў. Ды і чаму яму не гучаць?.. Цяпер варта падумаць, пра што ён павінен гаварыць? Якую выбраць тэму?
Ён незаўважна, па прывычцы падумаў пра тэму і адразу згубіў накірунак думак. З-за гэтага паняцця — тэма — яны з Богшам не адзін раз біліся лбамі да адурэння. Кірыла Лыкавязаў і цяпер адразу ж заспрачаўся з Лазарам Богшам, лёгка знаходзячы важкія аргументы ў апраўданне свайго пункту гледжання на тэму як аснову асноў любой творчасці.
Кі'рылу Лыкавязава заўсёды злавала, што Богша не хоча зразумець ягоных самых шчырых і добрых намераў, калі гаворка заходзіць пра першаснасць тэмы ў мастацкай творчасці, бо тэма — само жыццё, зарад выхаваўчай функцыі мастацтва, сацыяльны заказ грамадства мастаку. Як жа можна не разумець гэтага? Ён, Кірыла Лыкавязаў, не адмаўляў ролю майстэрства. Ён быў супраць вытанчанасці формы, вылізанасці мовы, супраць розных штучак уздзеяння мастацтва на чалавечыя эмоцыі. Дыялог у кіно павінен быць элементарны. Кіно не расказвае, а паказвае. Паказваць таксама трэба самое жыццё, раскрываючы тэму, а не ігру акцёраў, бо які таленавіты ні быў бы акцёр, ён не раокрые сутнасць чалавека. А тэму раскрыць можа...
Богша здзекліва пакепліваў над ягонымі тэарэтычнымі разважаннямі. Кірыла выразна чуў Богшаў кплівы голас і ўсё адбіваўся важкімі, на яго думку, аргументамі. Як заўсёды, ён захапіўся і нават не заўважыў, як адышоўся ад акна, закрочыў па кабінеце, мераючы яго па дыяганалях. Ён наогул любіў хадзіць па дыяганалях, як бы перакрэсліваючы чужыя доказы, меркаванні, думкі. Ад завочнай дыскусіі яго адарваў тэлефонны званок.
Яго запрашалі на пасяджэнне пахавальнай камісіі, якая сабралася ў кабінеце дырэктара студыі.
Перш чым выйсці з кабінета на калідор, дзе, напэўна ж, сноўдалі кіношнікі, Кірыла Лыкавязаў з хвіліну пастаяў сярод пакоя, каб прыдаць твару пакутлівы выраз.
***
Апрача членаў камісіі ў кабінеце дырэктара студыі знаходзілася яшчэ чалавек шэсць-сем прадстаўнікоў афіцыйных і неафіцыйных устаноў, у тым ліку і Рыма Сяргееўна Громава.
Дырэктар студыі, ён жа старшыня пахавальнай камісіі, не адрываўся ад тэлефонаў: то званіў сам, то званілі яму. У яго быў заклапочаны выгляд. I не дзіва, бо клопатаў сапраўды хапала. Трэба было ўсё прадугледзедь, узважыць, нічога не забыць, узгадніць і ўтрэсці кожную драбніцу, каб потым не апынуцца перад нейкімі непрыемнымі нечаканасцямі. А што яны могудь узнікнуць, не даводзілася сумнявацца.
3 самай раніцы і зусім нечакана да студыі пацягнуліся прыхільнікі таленту Лазара Богшы. Яны спыняліся ў студыйным скверы з расчышчанымі і падмеценымі дарожкамі, збіваліся ў групы і групкі, а тым часам з аўтобусаў і тралейбусаў, што падыходзілі да прыпынку "Кінастудыя", выплёскваліся ўсё новыя і новыя людскія хвалі.
Дзень, як на тое, абяцаў быць па-вясноваму сонечным і цёплым — і гэта пасля нядаўніх маразоў, якія, здавалася, пратрымаюцца яшчэ вельмі доўга. Таму трэба было чакаць яшчэ большага наплыву народу, і пахавальная камісія, што граха таіць, разгубілася.
Справа, вядома, была не ў тым, што на пахаванне прыйдзе так многа народу. Сярод натоўпу, што сабраўся ў скверы, зрэшты, як і сярод тых, хто нейкім чынам пранік на студыйныя калідоры і ў студыйныя вестыбюлі, шасталі самыя розныя чуткі пра смерць Лазара Богшы і тайныя падкопы пад яго, якія і прывялі геніяльнага ражысёра да такой заўчаснай смерці.
Чуткі выклікалі прыкрасць і абурэнне, нібы хто знарок хацеў запляміць студыйную дабрачыннасць, узвесці паклёп на яе дружны калектыў. Чамусьці ўсе лічылі, што калектыў быў дружны, вядома, не без таго, але ж не так, каб распускаць чорт ведае якія паклёпы.
3 вуснаў у вусны, напрыклад, перадаваліся падрабязнасці пра пасяджэнне мастацкага савета, на якім быў бязлітасна "зарэзаны" богшаўскі фільм. Падрабязнасці гэтыя ашаламлялі.