Кірыла Лыкавязаў быў першы, хто пасля смерці згадаў апошні Богшаў фільм. Што падштурхнула яго загаварыць пра фільм, які быў бязлітасна ім жа самім раскрытыкаваны на мастацкім савеце, у які ён не верыў, які не мог успрыняць і прыняць, застанецца тайнай на ўсе часы. Прадбачанне? Жаданне загладзіць сваю вiну?.. А можа, цвёрдая вера ў тое, што фільм гэты — самая вялікая няўдача Лазара Богшы з усіх ягоных няўдач?..
Зрэшты, справа зусім не ў тым, каб дакопвацца да глыбінь лыкавязаўскай псіхалогіі. Яна як лабірынт Мінатаўра, з якога не выберашся без чужой дапамогі.
Любоў Аляксандраўна пачула ў словах Кірылы Лыкавязава пра апошні Лазараў фільм нейкі намёк, нейкую інтрыгу, і, як бывае ў людзей свавольных, але ўпартых і рашучых, у яе тут жа саспела ідэя, самая, здавалася, нерэальная, нават абсурдная, але таму і вельмі спакуслівая і жаданая.
— Я сказала ніякіх памінак, бо для мяне Лазар Васільевіч жывы. Памінаць жывога, даруйце, кашчунна і святататна, — Любоў Аляксандраўна няўзнак кінула позірк на Баравіка-Залеўскага. Той праглынуў папрок і, як вінаваты, богатварыў цяпер яе. — Але я не збіралася парушаць дзедаўскія традыцыі і звычаі. Лазар Васільевіч любіў застоліцы і сёння не адмовіцца пасядзець са сваімі сябрамі і калегамі за таварыскім сталом. Але... Але перад тым, як мы сядзем за стол, я хацела б, каб мы ўсе разам паглядзелі ягоны фільм, над якім ён працаваў усю ноч. Аддамо павагу яго неўтаймаванай прадаздольнасці. Тым больш што ў народа склалася не зусім правільнае ўяўленне... Вы разумееце, пра што я кажу...
Дырэктар кінастудыі запытальна глянуў на Рыму Сяргееўну. Тая моўчкі схіліла галаву. Было незразумела, ці яна падтрымлівае Любоў Аляксандраўну, ці збянтэжана яе прапановай.
***
Кірыла Лыкавязаў доўгім праніклівым позіркам абвёў натоўп, які запоўніў агромністы здымачны павільён і ўсю прастору перад ім, зрабіў два крокі да мікрафонаў.
Пад столлю і на спецыяльных пляцоўках гарэлі сафіты. Ледзь чутна стракатала камера. Славуты рэжысёр-дакументаліст здымаў на ўсялякі выпадак грамадзянскую паніхіду па Лазару Богшу.
Натоўп быў спрасаваны ў адну істоту з сотнямі твараў, якія нагадвалі старажытную тэатральную маску трагедыі. I, як тая маска, ён быў маўклівы. Здавалася, нават не дыхаў.
Кірыла перавёў позірк на Лазара Богшу. Той ляжаў у чырвонай труне з выразам насмешлівасці. Такім Кірыла Лыкавязаў ведаў яго жывым. Такім ён застанецца ў памяці.
— Таварышы, — сказаў ён і адчуў, што голас гучыць так, як і хацелася, — верная сяброўка і саратніца Лазара Васільевіча Богшы, найвыдатнейшая кінаактрыса і цудоўнай душы чалавек, Любоў Аляксандраўна сказала, што Лазар Богша не памёр. Ён жывы. I гэта вельмі дакладна і правільна. Таму і я буду гаварыць пра яго жывога, любімага і грэшнага.
Ён быў паэтам, акцёрам, рэжысёрам. Непаўторным. Таленавітым. Мудрым. Пра нас з ім нагаворана шмат. Рознага. А мы заставаліся бескампраміснымі таварышамі, вернымі сябрамі і пабрацімамі, для якіх кінематограф быў святыняй. Мы пранеслі яе ў сэрцы, не апаганіўшы хоць бы адным кадрам.
Не, мы не былі святымі, якіх малявалі багамазы. Мы спрачаліся, сварыліся, але мы дружылі непарушнай мужчынскай дружбай. Напэўна, мы часам у спрэчках перабіралі меру. Кажу пра сябе, нізка схіляючы галаву перад паплечнікам і калегам па высокаму мастацтву.
Кірыла Лыкавязаў сапраўды адступіў у бок ад мікрафонаў, па-тэатралънаму прыгожа, дасканала схіліў галаву. Калі ён вяртаўся да мікрафонаў, на ягоных вачах бліснулі дзве слязінкі.
Баравік-Залеўскі, які плаціў Лыкавязаву той жа манетай непрыязнасці, ціха шапнуў аднаму з членаў камісіі:
— Стары, каго хаваюць: Лазара Богшу ці Кірылу Лыкавязава?..
Той наступіў на нагу сцэнарыста: маўляў, маўчы.
— Лазар Васільевіч, — тым часам прадаўжаў прамову Кірыла Лыкавязаў, адчуваючы задаволенасць, што заваяваў увагу натоўпу, — меў нялёгкі характар. Але пры ўсім тым, ён заставаўся чалавекам высокай маралі і майстрам сваёй справы. Яго часта спасцігалі няўдачы, бо ён быў мастак, які любіў і найбольш за ўсё цаніў эксперымент. Але ён знаходзіў мужнасць перамагаць няўдачы і сябе ў іх.
Тры дні назад мастацкі савет кінастудыі глядзеў рэдакцыю апошняга ягонага фільма. Твора вельмі складанага па мастацкай структуры, філасофскаму асэнсаванню гістарычных падзей далёкай даўніны, я сказаў бы, фільма спрэчнага, хоць і цікавага. Мы, ягоныя сапраўдныя сябры, выказалі шмат заўваг, прапаноў і прэтэнзій да фільма. Як сумленны мастак і грамадзянін Лазар Васільевіч не стаў у позу пакрыўджанага майстра, а засеў за мантажны стол, каб зрабіць новую рэдакцыю з улікам нашых прапаноў.
Мы не ведаем, якая атрымалася новая рэдакцыя. Спадзяёмся, што новы фільм Лазара Богшы будзе дастойным ягонага імені. Я хацеў бы звярнуць увагу на адзін толькі штрышок характару Лазара Богшы.
У тую ноч, гадзіне а пятай, мяне разбудзіў тэлефонны званок. Я падняў трубку і пачуў узбуджаны, усхваляваны голас Лазара Васільевіча.
— Я закончыў мантаж новай рэдакцыі, — сказаў ён мне.