Чуткі пра мастацкі савет яшчэ можна было неяк растлумачыць. Пасяджэнне мастацкага савета кінастудыі не пасяджэнне генеральнага штаба, дзе ўсё сакрэт і ваенная тайна. Ніхто з членаў мастацкага савета не даваў клятвы ці падпіскі аб нераспаўсюджванні чутак аб яго пасяджэннях, а таму кожны мог вельмі пераканаўча жывапісаць выступленні праціўнікаў Богшы супраць ягонага фільма.
Здзіўляла другое: адкуль зусім староннія людзі ведалі пра тое, што Лазар Богша пасля пасяджэння мастацкага савета застаўся на ўсю ноч у мантажнай і так удала пераманціраваў фільм, што новы варыянт сягнуў да сусветных вышыняў мастацкага кіно?
Што Богша сапраўды зрабіў новы варыянт свайго фільма, магла засведчыць мантажорка. Але хто мог засведчыць, што новы варыянт быў сапраўды геніяльны? Яго ж ніхто не бачыў, апрача самога Лазара Богшы. Чутка тым не менш расплывалася па натоўпе.
Казалі яшчэ, што фільм у новай рэдакцыі не пабачыць свету, бо ён геніяльны, а ўсё геніяльнае бездары не дапускаюць да народа. Нехта абсалютна дакладна ведаў, што фільм пакладзены ў сейф, які апячаталі трыма пячаткамі.
Усе гэтыя і іншыя зусім ужо неверагодныя чуткі ўзбуджалі натоўп. Здавалася, вось-вось над ім выбухне шаравая маланка — загадка прыроды, якую ніяк не разгадаюць фізікі. У такім жа прыблізна становішчы знаходзяцца і сацыёлагі-псіхолагі, калі спрабуюць разгадаць феномен натоўпу.
Чуткі даходзілі да дырэктарскага кабінета, выклікаючы ў членаў камісіі самыя розныя да іх адносіны. Трэба было прымаць нейкія захады, а якія — ніхто не ведаў. Усе нечага пабойваліся і асцярожнічалі. Таму самыя простыя пытанні, звязаныя з пахаваннем Лазара Богшы, вырасталі ў складаныя праблемы. Раптам узнікла, напрыклад, праблема, дзе ставіць труну. Раней усё было зразумела. Труну збіраліся паставіць у вестыбюлі, дзе звычайна і адбываліся грамадзянскія паніхіды, калі паміраў хто са студыйных супрацоўнікаў. Цяпер была выказана думка, што народ можа не зразумець камісію. Ды і студыйны вестыбюль не мог умясціць такую процьму народу. Узнікла пытанне і пра памінальны стол, на якім асабліва настойваў Баравік-Залеўскі як шчыры прыхільнік старых традыцый і звычаяў. Мноства вось такіх пытанняў чакалі свайго вырашэння і ніяк не вырашаліся, пакуль некаму ў галаву не ўзбрыло паслухаць думку Кірылы Лыкавязава, які да ўсяго стаяў начале Саюза кінематаграфістаў і яму, як кажуць, па штату належала сказаць сваё рашаючае слова.
Многія пры гэтым у душы ўсміхаліся. Кірыла Лыкавязаў быў непераўзыдзены майстар перакладаць вырашэнне нават самых малых і нязначных пытанняў на людзей старонніх, абы самому ўхіліцца ад адказнасці. Цяпер, здавалася, Кірылу Лыкавязаву нічога не застанецца, як выказацца без аніякіх адгаворак.
Кірыла зайшоў у дырэктарскі кабінет з выглядам самога гора, увасобленага ў каржакаватую спартыўную фігуру. Ён вельмі ціха павітаўся з усімі, не забыўшыся, аднак, пацалаваць руку Рымы Сяргееўны Громавай.
— Я вам спачуваю, — сказала Рыма Сяргееўна.
У яе такіх простых словах многія пачулі падтэкст. Справа ў тым, што ў натоўпе, які сабраўся, каб праводзіць Богшу на могілкі, гаварылі не толькі пра геніяльнасць Лазара Богшы і розныя падрабязнасці з ягонага жыцця; называліся і нядобразычліўцы, якія ўвесь час дапякалі Богшу, пакуль не звялі яго ў магілу. Сярод сваіх, хатніх нядобразычліўцаў і чужых найчасцей называлася імя Кірылы Лыкавязава.
Рыма Сяргееўна была праінфармавана пра гэта. Члены камісіі абмяняліся думкамі, ці варта ў такім выпадку даваць слова Кірылу Лыкавязаву. Вырашылі — варта. Бо маўчанне Кірылы Лыкавязава толькі яшчэ больш напаліла б атмасферу.
Кірыла Лыкавязаў збольшага ведаў, што пра яго гавораць у натоўпе. У яго ўсюды былі свае людзі, якія дакладвалі яму не па абавязку службы, а па абавязку дружбы. Гэта быў адзін з прынцыпаў Кірылы Лыкавязава: больш ведаеш — лягчэй прымаць рашэнні.
Калі Кірыла Лыкавязаў зайшоў у кабінет, дырэктар студыі адкінуўся на спінку крэсла, пераключыў усе тэлефоны на прыёмную і, пазіраючы кудысьці за акно, коратка і дакладна пералічыў усе ці амаль усе праблемы, якія належыць неадкладна вырашыць.
Кірыла ўважліва выслухаў дырэктара і нейкі час сумленна моршчыў лоб, як бы ўзважваючы на ўласных шалях кожную з праблем і кожнае для іх рашэнне.
Члены камісіі падумалі, што Кірыла Лыкавязаў трапіў у нерат: ні назад ні наперад. Але ён, на здзіўленне, усе праблемы вырашыў адным махам.
— Я мяркую, — сказаў ён, — што нам трэба спытаць наконт усяго гэтага думку Дзяржкіно, у чым нам дапаможа шаноўная Рыма Сяргееўна, бо, мне здаецца, нам самім лёгка збіцца на шлях неаб’ектыўнасці...
Хто, апрача Кірылы Лыкавязава, мог бы знайсці такое простае выйсце? Ды ніхто!
Рыма Сяргееўна запунсавелася. Ёй было і прыемна, што звярнуліся да яе, але яна і разгубілася. Каму можна пазваніць па такому далікатнаму пытанню? Старшыні Дзяржкіно?.. I нязручна і небяспечна. Галоўнаму рэдактару? Бескарысна. Можа, адгаварыцца... Але на яе глядзелі з надзеяй, і марудзіць у такіх выпадках азначала паказаць сябе маленькай сошкай, якая толькі на перыферыі спрабуе выставіць сябе важнай персонай.