Читаем Святыя грэшнікі полностью

Хавалі Соф’ю Ігнатаўну назаўтра. Лазара Богшу засмуціў да бязлікасці спрошчаны абрад пахавання. Hi прамоў, ні аркестра, ні вянкоў, ні кветак. Белую, збітую з габляваных дошак труну паставілі на грудок зямлі. Нейкая бабуля папырскала магілу вадой з бутэлечкі. Двое дужых мужчын узяліся за канцы вяровак, паціху апусцілі труну ў ашчэраную зяпу магілы.

I зноў Богша адчуў сваю віну перад нябожчыцай. У мітусні будняў, у вечным чалавечым эгаізме ён так ніколі і не пагаварыў з Соф’яй Ігнатаўнай. Яны з Любай жылі самі па сабе, Соф’я Ігнатаўна з Долем самі па сабе. Як чужыя.

На памінках ён выпіў заведзеных па абраду тры чаркі, непрыкметна падняўся і выйшаў у музей. Яму хаце­лася пазбавіцца ад гнятлівай атмасферы памінкаў. То зноў было праяўленне эгаізму, але Богша і сапраўды не мог бачыць памінальнага стала.

У музеі ён пайшоў ад закутка да закутка, думаючы пра здзіўляючую жывучасць рэчаў і імгненнасць чалавечага жыцця.

— А гэта ўсё яе, Зосьчына, — вывеў яго з задуменнасці Долеў голас.

Рафаіл Міхайлавіч стаяў на праходзе перад тым за­куткам, дзе вісеў іканастас. Богшу ўразіла супярэчлівая гэтай горкай часіне дзіўная прасветленасць Долевага твару. А яшчэ больш уразіла, што музейныя рэчы нале­жалі Соф’і Ігнатаўне. Тады, у першае знаёмства, Соф’я Ігнатаўна, наадварот, падкрэслівала, што рэчы збіраў Доля.

Сям’я гэтая ўсё яшчэ заставалася для Богшы таямніцай. Усе — Соф’я Ігнатаўна, Доля, Люба — былі такія непадобныя, нібы выпадкова сабраныя пад адным дахам. Богшу здалося, што яго знарок не дапускалі ў гэтую сям’ю, нібы ён быў з іншага свету. Зрэшты, падумалася Богшу, ён і сам не дужа імкнуўся нешта высветліць, нешта вызнаць пра жыццё Долі і Соф’і Ігнатаўны. Ды ў каго ёсць цікавасць да чужых жыццяў? Людзі затаіліся па кватэрах, раздзеленых калідорамі, пад’ездамі, жалезабетоннымі камяніцамі. На працу ходзяць, каб працаваць, сварыцца з-за дробязей; на схо­ды, каб слухаць старанна напісаныя, да косачкі вывераныя прамовы; на юбілеі, каб гаварыць кампліменты, а назаўтра пасміхацца і з сябе, і з юбіляра...

Лазару Богшу захацелася спытацца ў Долі пра Соф’ю Ігнатаўну? Хто яна? Як трапіла ў гэтую глухамань?.. Што звязвала яе і Долю? Але нешта замінала. Ці не тая самая боязь парушыць замкнутае кола чужой тайны, не даць падстаў для цікаўнасці, для спробы заглянуць і ў ягоны свет думак і адчуванняў.

Богшу падумалася яшчэ, што людзі старанна захоўваюць свае думкі, нібы баяцца выказаць іх уголас.

Чаму баяцца?.. А можа, і не баяцца, а гэта толькі так здаецца?.. "Не, чорта з два, сам я не вельмі люблю дзяліцца думкамі. I не таму, што яны ганебныя. Яны не лезуць у пракрустава ложа звычнага, прынятага..."

— Іканастас таксама належаў Соф’і Ігнатаўне? — спытаўся ён.

Доля нечага збянтэжыўся, быццам Богшава пытанне зачапіла ў ім непрыемныя згадкі. Ён зайшоў у закутак, выцягнуў насоўку, абмёў пыл з разной аздобы іканастаса, хоць Богша таго пылу і не заўважыў.

— Іканастас, як і многія іншыя рэчы, належаў некалі Аркадзю Аркадзевічу, — сказаў ён і, нібы раскаяўшыся, зацкавана глянуў на Богшу.

Лазар Богша зразумеў, што далейшыя пытанні, па крайняй меры, пра тое, хто такі Аркадзь Аркадзевіч, будуць нетактоўныя. Ды і што яму да таго, каму належаў іканастас, хто такі Аркадзь Аркадзевіч?

— Аркадзь Аркадзевіч быў мужам Соф’і Ігнатаўны... Да вайны...

Во, гэта сапраўды было нечакана!

Дасюль Лазар Богша з усёй жончынай біяграфіі ведаў толькі дзве акалічнасці: што яна па маці паходзіць з роду прыгонных актрыс Азарэвічавых, якія пачыналі сваю тэатральную кар’еру яшчэ ў прыгонным тэатры графа Зорыча ў Шклове, і што Любін бацька загінуў у вайну.

Зразумела, Соф’я Ігнатаўна магла выйсці замуж другі раз. Але Люба пра айчыма ніколі не гаварыла. Тады што хаваецца за Долевымі словамі?

У пакоі, дзе паміналі нябожчыцу, дзве местачковыя жанчыны моўчкі і без мітусні заканчвалі прыбіраць са стала. Зрабіўшы сваю справу, яны ўсё гэтак жа моўчкі пакланіліся Долі, а той паднёс кожнай па кашаміравай хустцы. I сам пакланіўся жанчынам.

Тыя пайшлі. Богша з Долем засталіся адны ў апусцелым і няўтульным пакоі.

— Бачу і разумею, Лазар Васільевіч, — пасля доўгага і надакучлівага маўчання сказаў Доля, — што вам не церпіцца як найхутчэй уцячы з гэтай юдолі жальбы і смутку. Але не адкажыце, пабудзьце яшчэ хоць дзянькі тры.


***

Назаўтра, як і належала па абраду, яны пайшлі на могілкі. Моўчкі ў журбе пастаялі над курганом свежай зямлі, Сярод занесеных снегам магіл курганок гэты выглядаў чорнай воспінай на белым твары зямлі. Закутыя ў жалезныя агароджы, нібы катаржане ў кайданы, чарнелі драўляныя і металічныя крыжы. Над імі гаманілі хвоі — шапталі малітвы на спачын чалавечых душ.

Лазар Богша аж здрыгануўся і азірнуўся наўкруг. Рафаіл Міхайлавіч стаяў ля магілы, апусціўшы галаву. У сваім няўцешным горы ён здаўся Богшу неад’емнай часцінай могілак — гэткая самотная статуя над прахам Соф’і Ігнатаўны. Лазару Богшу падумалася, што ён ужо ніколі не вернецца сюды. Нават на пахаванне Долі, калі той памрэ.

Думка была жорсткая, бязлітасная, як праўда.. Ад яе хацелася збегчы на край свету.

Перейти на страницу:

Похожие книги