Баравік-Залеўскі весела заржаў, як той малады жарэбчык, якому ўдалося выпрагчыся з калёс і ўцячы ў поле. Можа, ён падумаў, што Богша разыгрываў яго, а можа, задума Богшы паказалася яму фальшывай нотай, якую пусціў дужа самаўпэўнены спявак.
— Ты ўяўляеш, пра што гаворыш? — усё яшчэ смеючыся, спытаўся ён. — На гэта спатрэбілася б стужка даўжынёй у "Семнаццаць імгненняў вясны". Хто ж дазволіць дабе здымаць фільм без Шцірліца, але з манахам Ніканам, епіскапам Кірылам Тураўскім, князем Уладзімірам Манамахам, легендарным паэтам Баянам і невядомым нікому нават па імені аўтарам "Слова аб палку Ігаравым". Гэта неверагодна, Богша!..
— Чаму? — абурыўся той. — Да д’ябла займальныя сюжэты, якія ўзвінчваюць псіхіку і адвучаюць думаць над жыццём. Мастацтва — не забава для нядбайнікаў, а адбітак рэчаіснасці. Было б злачынствам перад будучыняй прыўзнімаць толькі краёчак жыцця, а не ўсё жыццё. Я хачу даць слова вялікім сведкам далёкіх часоў, што пакінулі след не толькі аб сабе, але і аб сваёй эпосе. Мне патрэбна ўсяго дзве часткі: адна — кандэнсат жыцця і смерці, другая — згустак чалавечага мыслення і чалавечай велічы.
Лазар Богша раптам пачуў, што ён страшэнна змарыўся за гэтыя дні жыцця на Суі. Мабыць, вось такую зморанасць адчувае няшчасны Сізіф, ускочваючы на гару камень, які, дасягнуўшы вяршыні, скочваецца назад.
— I ўсё ж гэта неверагодна, — памаўчаўшы, сказаў Баравік-Залеўскі. — Ты хочаш пераскочыць цераз сваю эпоху...
— Ну і што?
— Гэтага пакуль нікому не ўдавалася ні ў літаратуры, ні тым больш у кіно.
— Няпраўда!.. Удавалася! — горача запярэчыў Богша. — "Слова аб палку Ігаравым" таму прыклад. Ты дрэнна чытаў яго. У "Слове" ўжо восем стагоддзяў назад былі аб’яднаны вялікія і малыя падзеі ўсёй пісанай гісторыі Русі. I як па-майстэрску!..
— А хто ж аб’яднае іх у тваім фільме? — падікавіўся Баравік-Залеўскі.
— Ефрасіння Полацкая, — адказаў Богша і ўбачыў, як вырачыліся і без таго лупатыя вочы паэта, які, здаецца, прывык да любых нечаканасцей кіношнай браціі. — Ты здзіўлены?.. Але ж ты сам падаў мне гэтую думку. Падаў і чагосьці спалохаўся. Чаго? Што Ефрасіння — князёўна? Дык я чытаў пра гэта ў аднаго барадача гісторыка са штучным, нянаскім прозвішчам і штучнымі поглядамі на нашу гісторыю. "Ефрасіння Полацкая не магла мець перадавыя погляды, бо была прадстаўніцай класа эксплуататараў". Не больш і не менш!.. Зручная пазіцыя, каб даказаць, што мы за сваімі плячамі нічога не маем, бо народ наш быў непісьменны і цёмны, а тыя, хто меў асвету, належалі да эксплуататараў, і таму іхнія погляды варта адрынуць. Вось мы і Іваны, якія не маюць ні традыцый, ні культуры, ні сваёй гісторыі. А можа, ты спалохаўся, што цябе западозраць у мясцовым патрыятызме?.. Лыкавязавы і накіпелавы і на гэтае здольны. Што ім з таго, што ў тыя далёкія часы не было такіх паняццяў, як Расія, Украіна, Беларусь, а была адзіная Русь, якую дзялілі на ўдзелы па сваіх прыхамацях князі? Ды і не ў тым справа. А ці задумаўся ты, чаму Кіеў, які вечна варагаваў з Полацкам, прылучыў Ефрасінню Полацкую да ліку святых усёй Русі?.. Ага, дайшло!.. Так, так, дружа, святых рабілі не за прыгожыя вочы. А пасля Барыса і Глеба, якія ўвасаблялі пакутнікаў за адзінства славянскіх народаў, гэта асабліва наводзіць на думкі...
— У цябе ёсць накіды? — спытаўся Баравік-Залеўскі. — Дай пачытаць.
Гадзіны праз тры, калі над Суяй стаяла глыбокая марозная ноч, Баравік-Залеўскі зняў акуляры, узняўся з крэсла і моўчкі, з пачуццём пацалаваў Богшу...
***
Мабыць, ён прадчуваў нешта, гэты таленавіты на нюх Кірыла Лыкавязаў. Ці адзін ужо раз Лазар Богша дзівіўся лыкавязаўскаму нюху — учуць у тваіх творах тое, чаго ты яшчэ і сам не пачуў.
Яны якраз паставілі апошнюю кропку ў цяжкім сачыненні, якое называецца кінастужкай, калі ранічкай да ганка прафілакторыя падкаціла чорная "Волга" з чатырма літарамі на борце: "Кіно". Нібы слова гэтае было пропускам усюды і на ўсе выпадкі жыцця. "Волга" апісала крутую дугу вакол клумбы, на якой дзядзька Мікодым цяпер зрабіў нешта накшталт снежнай крэпасці.
Кірыла вылазіў з машыны не спяшаючыся, нешта гаварыў шафёру, нібы чытаў акадэмічную лекцыю, і ўсё рабіў, няйначай, дзеля таго, каб Карней Карнеевіч Кладачка, адміністратар Юрка Місюк, а найперш за ўсё сам Лазар Ботша паспелі збегчы ўніз, у вестыбюль.
3 акна другога паверха Лазар Богша з цікавасцю. назіраў за артыстычнай непаспешлівасцю Лыкавязава, якую той разыгрываў з зайздросным талентам.
Богша ведаў, ні Карней Карнеевіч, ні Юрка Місюк не выбегуць сустракаць Кірылу Лыкавязава — яны паехалі ў калгас "Чырвоны партызан", кіламетраў за дванаццаць ад Суі, каб падрыхтаваць там прагляд знятай плёнкі. Калі і выбег бы хто, дык мастак-пастаноўшчык Тарас Жылех, але ён любіў раніцай паспаць, пакуль яму добра не грукнуць у дзверы. Выходзіла, сустрэць Кірылу Лыкавязава мог адзін Богша. Але ён не збіраўся ступіць хоць бы адзін крок насустрач.
"А трасцу табе, — цікуючы за Лыкавязавым, падумаў Богша. — Шмат будзе гонару, калі я пабягу цябе сустракаць. Знойдзеш дарогу і без мяне".