Читаем Святыя грэшнікі полностью

Лазару Богшу папера не была патрэбна. Ён яшчэ на здымачнай пляцоўцы вызначыў для сябе, які дубль удаўся, а які не ўдаўся. Але так ужо было заведзена ў групе — нехта з асістэнтаў ці мантажніца, калі яе прыдавалі групе, запісваў, які паўтор эпізоду трэба адабраць для далейшага мантажу.

Яшчэ на століках стаялі бутэлькі з вадой, не нарзанам, як бывала часцей, а нейкай без назвы і этыкеткі, што прадавалася ў буфеце прафілакторыя. Кіношнікі жартавалі, што яе рабілі па рэцэпту: два ржавыя цвікі на двухсотлітровую бочку вады, якую вытрымліваюць пры нармальнай тэмпературы аж тры дні. Піць яе, аднак, можна было, асабліва калі засядзеш на пяць гадзін без перапынкаў, якія Богша не хацеў аб’яўлядь, каб не парушыць адзінства ўражання.

Эпізод за эпізодам, паўтор за паўторам цягнуліся бясконца доўга. Кіношная брація бязлітасна дыміла цыгарэтамі, і ўжо гадзіны праз дзве Карней Карнеевіч Кладачка загадаў на паўгадзінкі адчыніць дзверы ў вестыбюль. Нехта ж адразу пажартаваў, каб пазванілі куды трэба, што ў клубе нічога не гарыць, апрача тэрмінаў здачы фільма на дзвюх стужках, бо інакш можа прыехадь пажарная дружына.

Больш за ўсіх курыў Кірыла Лыкавязаў. Пасля першых дзесяці — пятнаццаці хвілін ён, як кіношнік, а не збоку прыпёку прышлы чалавек, пабачыў, што на гэты раз Лазар Богша пераўзышоў самога сябе — так без суч­ка і задзірынкі быў зняты кожны эпізод, кожны дубль. Але менавіта гэта і разгубіла Лыкавязава. Ён быў падобны на чалавека, які зайшоў на кухню, пабачыў смач­ную здобу, але ведае, што не можа, не мае права яе пакаштаваць, вымушаны шукаць адгаворку, чаму адмаўляецца адкусіць хоць бы кавалачак печыва. Нават пры ўсёй геніяльнасці Богшавай карціны Лыкавязаў не мог дазволіць, каб яна паявілася на экранах ужо толькі та­му, што была знята насуперак яму, Кірылу Лыкавязаву, насуперак зацверджанага ім рэжысёрскага сцэнарыя. Дрэнныя прыклады прыліпчывыя.

Нарэшце апошнія метры дубляў прамільгнулі на эк­ране, і адразу пад столлю загарэлася люстра, старая, на медных ланцугах, перыяду празмернасцей у архітэктуры. Звычайна, калі запальваецца святло, кіношнікі ўскокваюць з месц, весела гамоняць, віншуюць адзін аднаго з перамогай. Бывае, і разыходзяцца ціхенька, саромеючыся паглядзець адзін аднаму ў вочы. Цяпер усе сядзелі на месцы і маўчалі, быццам не насядзеліся за пяць гадзін сорак восем хвілін.

Фільм, якога яшчэ не было, які існаваў у разабраным выглядзе, як славуты інданезійскі храм у часе рэстаўрацыі, усё адно рабіў моцнае ўражанне. У кожным эпізодзе буйна красавала складанае, поўнае чалавечых страсцей жыццё, якое то трагічна абрывалася, то зноў набірала яшчэ большую сілу і прыгажосць.

Лазар Богша першы парушыў маўчанне. Ен павярнуўся тварам да кінабудкі.

— Вялікі дзякуй, Аксіння Раманаўна, — падзякаваў ён кінамехаініку. — Замарылі мы вас...

— Яна ў нас прывыклая, бо не менш за мяне любіць кіно, — адказаў з задніх радоў старшыня калгаса Ляўковіч. — А цяпер, дарагія таварышы, прашу да мяне. Жонка, мабыць, зачакалася, ды і вам час замарыць чарвячка.

Толькі цяпер да Лазара Богшы дайшло, чаму яны праглядаюць матэрыял не ў іншым клубе, а ў "Чырвоным партызане". Мацей Ульянавіч Ляўковіч быў страсным прыхільнікам кіно. I не проста прыхільнікам, які толькі любіць глядзець фільмы. Ен стварыў у калгасе сваю калгасную аматарскую кінастудыю, і, можа, таму, што такая студыя была, у калгасе не ведалі гора з рабочай сілай. I Лазару Богшу двойчы давялося бываць у калгаснай кінастудыі. Цяпер ён нарэшце ўгледзеў і калгасных кіношнікаў, якія ціхенька сядзелі на апошнім радзе.

Лазар Богша пажартаваў, што іх, бадай, мнагавата, каб умясціцца за сталом. Мацей Ульянавіч нават пакрыўдзіўся: што ён жабрак які ці сквалыга! Дзякуй богу, заробкі ў яго нядрэнныя і жыве ён багата, так што мог бы накарміць усю кінастудыю...

Кіношная брація, якая аднолькава вольна паводзіць сябе ў павільёне кінастудыі і за банкетным сталом адказнага прыёму, на гэты раз адчувала сябе крыху скавана: Мацей Ульянавіч, салідна старшынствуючы за ста­лом, вёў не проста свецкую гаворку аб сучасным кіно, а такую, што прымушае таго ж кіношніка прыўзнімацца над прывычнымі дробязямі будняў. Нават Кірыла Лыкавязаў, які напачатку трохі паблажліва слухаў Мацея Ульянавіча, непрыкметна для сябе запаважаў яго за неардынарныя думкі і погляды.

Кароткі зімовы дзень непрыкметна сканаў за сценамі старшынёвай хаты. Трэба было вяртацца на Сую. Студыйны аўтобус ужо чакаў пасажыраў, якія няспешна развітваліся з гасціннымі гаспадарамі. Заставаліся якія хвіліны да ад’езду, калі Любе прыйшла ў галаву дзівацкая прыхамаць: паехаць на Сую тройкай калгас­ных коней.

Перейти на страницу:

Похожие книги