Читаем Святыя грэшнікі полностью

"А што, калі я толькі цяпер спазнаю тое, што схава­на ад чалавецтва на зямлі, што з’яўляецца для яго адвечнай тайнай? — падумаў ён. — Першы і адзіны сярод людзей! Як гэта будзе здорава!"

Аднак жа радасць пратрымалася нядоўга.

"Дапусцім, я спазнаю тайну пазазямнога існавання, але ж усё адно пра яе не будзе каму і як расказаць. На зямлі так ніхто і не даведаецца, што мне аднаму была адкрыта гэтая тайна. Дык ці варта за яе расплочвацца жыццём? Валодаць тайнай і маўчаць — якая гэ­та несправядлівасць і бязглуздзіца! Але ж нямала лю­дзей паміраюць так і не раскрыўшы людзям сваёй тай­ны. Бадай, кожны. Толькі ў адных тайна большая, а ў другіх меншая, але тайна абавязкова ёсць у кожнага чалавека, якую ён так і не раскрыў людзям. А хіба ма­ла людзей расплацілася жыццём, заглянуўшы ў куфэрак з чужой тайнай? Ці не таму тайны перажываюць людзей, эпохі, эры? Зрэшты, няма чаго пра гэта думаць, калі пакінуў ужо зямное існаванне. Лепей добра папрыглядадца да ўсяго, пазапамінаць, нават калі не давядзецца расказадь пра ўбачанае і пачутае жывым лю­дзям".

Вырашыўшы, як належыць трымаць сябе, Богша азірнуўся па баках з надзеяй, што, можа, ён і не пакідаў зямное існаванне. Магло ж быць такое: коні падбілі яго, але не насмерць і ён ляжыць недзе на лёдзе суйскага возера і трызніць. Каб ён памёр, дык хіба мог бы думаць?..

Не, ён не ляжаў на лёдзе, а дзіўным чынам сядзеў у тым самым вазку, у які была запрэжана белая тройка. Ды юнавала і сама тройка. Богша бачыў тры шырокія конскія крыжы, доўгія белыя хвасты, чорную са званочкамі дугу над карэннікам. Званочкі, аднак, не звінелі. I гэта вельмі падзівіла Лазара Богшу.

Здзівіла яго і другое, хоць і не павінна было, бо на тым свеце, вядома ж, усё новае, нязнанае. Побач з ім (Богша так і не паспеў разгледзець, адкуль і калі яны паявіліся) сядзелі дзве здані. Яны былі зусім зямныя, рэальныя і ўсё ж здані: адна ў белым, другая — у чорным адзенні. Рэальна выглядаў і фантастычны вазок — човен ці, можа, лодка, на якой не толькі плавалі, але і ездзілі пад ветразямі нашы далёкія продкі.

Лазар Богша зноў падумаў, што, напэўна, уся гэтая чартаўшчына яму прыснілася, а можа, і цяпер сніцца. Каб пераканацца, ці так гэта, Богша пакратаў сябе за нос.

Не, ліха на яго, нос, хоць і халаднаваты, як у нябожчыка, усё ж быў ягоны, ды і рука была ягонай і не халоднай, як ёй належыць быць у нябожчыка, а цёплай, бо інакш як бы ён мог адчуць, што нос халодны?

Цяпер Богшу захапіла другая думка, нават не дум­ка, гэта была ўпэўненасць, пераконанасць. Нікуды ён не ляціць, ніхто яго не падбіваў, а едзе ён на "газіку" са здымак на начлег у гасцініцу, па дарозе заснуў, нешта прытрызнілася, і ён ніяк не можа пазбавіцца ад гэтага соннага трызнення. А трызніцца таму, што ён ужо трэція суткі на здымках з тэмпературай, што за апошнія месяцы вельмі знямогся: недасыпаў, жыў на дэпрэсіне і нітрагліцэрыне, спаў толькі прыняўшы розную наркатычную дрэнь. Ён думаў надзіва лагічна, бадай, больш лагічна, як заўсёды. Ну, вядома, так яно і ёсць! Выдумаў вазок, коней, здані!.. А гэта ўсяго Люба, ягоная жонка, партнёрка, выканаўца галоўнай ролі, ягоная дрэсіроўшчыца і бог...

Богша абняў Любу за плечы, але рука прайшла праз яе, як праз туман. Гэта было вельмі непрыемнае адчуванне. Богша бачыў зусім рэальную жанчыну і больш чым абстрактную, нейкі міраж пустыні.

Тое ж самае здарылася, калі Богша штурхануў пад бок другога седака — мужчыну. Локаць свабодна праткнуў здань пад чорнаю апранахай.

Цяпер не даводзілася сумнявацца, што ён, Лазар Богша, усё ж памёр і знаходзіцца ў царстве ценяў, як казалі некалі старажытныя рымляне.

"Выходзіць, што нехта са старажытных людзей пабываў на тым свеце, што і яго везлі, можа, вось гэтыя самыя цені, якія сядзяць поруч з ім. Выходзіць, што ча­лавек калісьці здолеў вярнуцца ў зямное існаванне і расказаў пра той замагільны, незямны свет. Выдумаць цені было б проста немагчыма".

Цяпер заставалася высветліць, куды яго вязуць? Богша азірнуўся па баках. Іх вазок плыў высока-высока над зямлёй. У цемры ночы Богша добра бачыў заснежаныя, у лёгкай смузе палі, яркія агні сонных гарадоў. Ён задраў галаву ўгору, куды, па ўсяму відаць, несліся коні. Над ім, у чорным небе, там, дзе яшчэ нядаўна свяціўся месяц, зеўрала даволі вялікая круглая адтуліна. Коні якраз і ляцелі ў гэтую жахлівую адтуліну-бездань.

"Дык вось куды вывозяць душы памерлых, — падумаў Богша. — Яшчэ імгненне і коні вымчаць мяне не толькі за межы зямлі, але і за межы неба, на другі яго бок, у антысвет, у антыжыццё, антыіснаванне. Гэта, ліха на яго, даволі забаўна, хоць і дужа недарэчна, бо, відаць, з таго антысвету сапраўды ўжо няма звароту на зямлю".

Вазок тым часам крута завярнуўся, аж Богша ўхапіўся абедзвюма рукамі за барты, каб не вываліцца з яго на такой вышыні. На яго здзіўленне, пальцы адчулі цвёрдую аснову, а не туман, як было тады, калі ён кранаў здані.

Перейти на страницу:

Похожие книги