Папраўдзе, дык то была і не хата ў цяперашнім разуменні, а, бадай, нейкая майстэрня ці, можа, нават кузня, бо злева ад дзвярэй, там, дзе трэба быць печы, чарнеў ад вечнай сажы горан. У ім белым агнём свяцілася вуголле, і чырвоныя жвавыя іскры выскоквалі праз адтуліну ў страсе. Гадоў шаснаццаці дзяцюк стаяў збоч горна, цягаў за сырамятны рэмень-дзяржак кавальскага меха з бычынай скуры. Можа, вядома, і не з бычынай, але Богшу здалося, што мех быў менавіта з бычынай скуры.
Дзецюку, відаць, было ў ахвоту раздзімаць вуголле ў горне, бо ён ад задавальнення спяваў, і голас у яго быў вельмі прыемны.
Справа ад горна, па другі бок дзвярэй, стаяў стол — дзве шырокія дубовыя дошкі на круглых точаных ножках. На стале, на разасланым ручніку, ляжаў крыж. Той самы крыж, які Лазар Богша добра ведаў па здымку, што захаваўся з даваенных часоў. Гэта быў крыж, зроблены для Спаскага манастыра па заказу самой Ефрасінні Полацкай.
На самой справе крыж быў нашмат прыгажэйшы, чым уяўляў раней Лазар Богша. Нават ад няяркага святла лампады ён зіхацеў і ззяў сакавітымі, не рэзкімі фарбамі. Лазар Богша ледзь адарваў ад яго позірк.
Па той жа правы бок у далёкім кутку стаяў яшчэ адзін стол. Над ім віселі тры абразы — пасярэдзіне, на чорнай дошцы без аніякай аправы, быў намаляваны Хрыстос, які ўваскрашае Лазара. Той, біблейскі Лазар, быў вельмі падобны на яго, Лазара Богшу. Ну, проста дзве кроплі вады — копія з партрэта, які намаляваў калісьці пад п’яную руку мастак, што афармляў ягоны фільм. Праўда, у гэтай, іконнай, копіі Лазару былі нададзены візантыйскія рысы, але ўсё роўна не заўважыць падабенства было проста немагчыма.
"Дзіва, дый годзе, — падумаў Лазар Богша. — Хоць якое там дзіва: туташні свет — адэкват тамашняму, а можа, наадварот. Во дзе відаць пацвярджэнне тэорыі сіметрыі ў прыродзе: плюс — мінус, адмоўны — станоўчы зарад, правае — левае, верх — ніз..."
Ён ужо хацеў спытаць у гаспадара, як здарылася, што з яго, Лазара Богшы, які ніколі не быў у зазямным царстве, напісана ікона, але гаспадар сам запытаўся ў яго:
— Ну, як даехаў? Мы ўжо хваляваліся — ці не здарылася што ў дарозе. Я разы два пасылаў паглядзець, ці едзеш? Не, кажуць, не відно. Мы яшчэ ўчора пасля абеду былі папярэджаны, што ты сабраўся да нас. Сядай, браце, за стол. Мусіць прагаладаўся? Ды і пагрэцца не пашкодзіць.
Здзіўлены прывітальнымі словамі, Лазар Богша моўчкі сеў на шырокую дубовую лаўку пад абразы, на кут. Гаспадар хаты паставіў на стол кадоўбчык літры на тры і драўляны кубак, падобную на лодку пасудзіну. Дзяцюк, што раздзімаў горан, паставіў перад Богшам гаршчок з параным бобам, паклаў кавалак мяса, спечанага, відаць, на вуголлі, бо да яго прыліплі вугольчыкі. Адышоўшы да горна, дзяцюк ва ўсе вочы пачаў глядзець на сінтэтычную Богшаву апранаху з мноствам кішэніяў і засцёжак. Сам ён быў у кашулі з нябеленага палатна, даволі доўгай, ледзь не па пяты, абуты ў лазовыя лапці і суконныя анучы.
Гаспадар зняў з кадоўбчыка вечка, наліў у кубак густой зеленаватай вадкасці. У хаце запахла мёдам, рутай, валяр’янкай і яшчэ нечым вельмі прыемным.
— Выіпі на здароўе, — сказаў гаспадар.
Богша ўсміхнуўся: а гаспадар, відаць, гумарыст, калі прапануе на тым свеце піць за здароўе. Але кубак узяў. Ён піў і не наталяў смагу. Пітво праходзіла праз яго, як вада праз пясок.
— Многа не пі, — папярэдзіў гаспадар. — Яно моцнае, бадай, мацнейшае за віскі...
"Што за чартаўшчына! — падзівіўся Богша. — Альбо я страціў розум і па-вар’яцку трызню, або адбываецца нешта несусветнае, тое, што не паддаецца нармальнай логіцы. Нібы чытаеш Кафку ці глядзіш п’есу Іанеску. Суцэльны абсурд. Адкуль на гэтым свеце ведаюць віскі?"
Пітво, аднак, добра ўдарыла ў галаву. Мабыць, у самым абсурдным свеце спіртное дзейнічае аднолькава рэальна — ад яго шуміць у галаве. У Богшы было такое адчуванне, што яму цяпер і мора па калена: абсалютна ўсё роўна, дзе ён знаходзіцца — на тым, зямным, свеце ці на гэтым, замагільным, або яшчэ на якім, на трэцім, пра які ніхто ніколі дасюль не здагадваўся. Яму было ўсё роўна.
— Слухай, — па-кіношнаму развязна звярнуўся ён да гаспадара, — слухай, чорт мяне пабяры, а чаму ты сам не п’еш? Ты мне кінь гэтыя хітрыкі. Я не люблю піць адзін. Думаеш, я нейкі прапашчы чалавек?..
Ён наліў у кубак пітва, падаў гаспадару. Той, аднак, піць не стаў. Паставіў кубак на стол.
— Мне нельга, — сказаў гаспадар і падаў знак дзецюку, каб прыбраў стол.
— А ты зусім няветлівы, — ускіпеў Богша. — Ты зусім няветлівы. Во што! А галоўнае — я не магу прыгадаць, дзе цябе бачыў? Мы недзе з табой сустракаліся, ці не праўда? Што ж ты маўчыш? Мы з табой, мусіць, некалі добра пацапаліся, калі ты не хочаш прызнавацца, дзе мы сустракаліся? Як цябе завуць?..
Гаспадар пераступіў з нагі на нагу.
— Лазар Богша, — як бы нават засаромеўшыся, назваўся ён.
— Чакай, чакай, гэта я — Лазар Богша...
— I ты Лазар Богша, — пагадзіўся гаспадар.
— Можа, і ён Лазар Богша? — Лазар Богша паказаў рукой на дзецюка, які ўважліва прыслухоўваўся да іхняй размовы.
— Не, ён не Лазар Богша, — сказаў гаспадар. — Ён — Паэт. Ён напіша "Слова аб палку Ігаравым".