Лазар Богша скоса паглядзеў на дзецюка.
— Такі малады і Паэт, — кпліва загаварыў Богша. — Можа, ён ужо і член Саюза пісьменнікаў? Дык во што, даражэнькія, кіньце свой прымітыўны розыгрыш. Ён са сваім "Словам" ніколі не праскочыў бы прыёмную камісію.
— Ён яшчэ вырасце і стане славутым, — як бы просячы прабачэння, сказаў гаспадар. — А пакуль ён наш госць і вучань Ефрасінні...
— Якой Ефрасінні? — спытаўся Богша.
— Князёўны полацкай, вядома, — адказаў гаспадар.
— Ну, хопіць жартаваць, — сказаў Лазар Богша цвёрда, але і з нецярплівасцю. — Мы таксама нешта чыталі і нешта вывучалі. Аўтар "Слова" ніколі не быў палачанінам, і нечага прыпісвадь Полацку таго, чаго ён не меў.
Гаспадар кпліва ўсміхнуўся.
— Вы там цяпер усё дужа добра ведаеце. Аж смех. Вось жа ён, Паэт, перад табою, дык няўжо ты і зараз пачнеш сумнявацца?
— Мне гэта надакучыла, — крыкнуў Богша. — Я хачу ведаць, хто ты на самай справе і дзе я знаходжуся?.. Хопіць разыгрываць чалавека, які не памятае некаторыя неістотныя дэталі...
Гаспадар паклаў руку на Богшава плячо. Рука была цяжкая, аж забалела плячо.
— Ты стаміўся, Лазар Богша, — спачувальна сказаў гаспадар. — Табе хочацца адпачыць. Але мастак не мае права на адпачынак, ён мусіць працаваць нават і ў сне. Працай і пакутамі творчасці мастак плаціць за славу і даўгавечнасць.
— Мне не патрэбна слава, — зазлаваў Лазар Богша. — Слава — чырвоная ануча, якой тарэадор дражніць быка за хвіліну да таго, як праткне яго рапірай.
— Дарэмна ты так ставішся да славы, — памяркоўна сказаў гаспадар. — Слава натхняе мастака на працу. Без славы няма мастака.
— Адчапіся, — папрасіў Лазар Богша. — Я пачынаю балдзець ад гэтай гаворкі. Як у нас на кінастудыі: ты — геній, я — геній. Глупства! Хто ты і што ад мяне хочаш?
— Я — Лазар Богша, — сказаў гаспадар. — Няўжо ты не пазнаеш мой крыж, які я зрабіў і які праславіў мяне праз вякі?..
— Стой! — крыкнуў Богша.
Нешта хоць і вельмі трудна, балюча скранулася ў ягонай галаве, цяжка, аж са скрыгатам павярнулася, нібы жорны, і спынілася; тады Лазар Богша пачаў здагадвацца, куды яго занесла. Але здагадка гэтая роўным чынам ні пра што не сведчыла. Наадварот, яна заблытвала ўсё дашчэнту. Лазар Богша глянуў на крыж, потым на гаспадара. Ну, так, крыж быў знаёмы — рэквізітны крыж. Ну-ну!
— Ты хочаш сказаць, што з’яўляешся тым, старажытным, Лазарам Богшам, які зрабіў крыж для Ефрасінні Полацкай?
— Так яно і ёсць, — адказаў гаспадар.
Лазар Богша зарагатаў. Яго разбіраў смех, ён рагатаў доўга, а гаспадар цярпліва чакаў, пакуль ён перастане смяяцца. Нарэшце Лазар Богша высмеяўся дарэшты.
— Я чаго рагатаў? — пачаў апраўдвацца ён, як вінаваты. — Я быў падумаў, што памёр, што мяне падбілі коні на возеры Суя пад Полацкам. А выходзіць, што я жывы, хоць нейкім цудам трапіў у дванаццатае стагоддзе, у старажытны Полацк.
Лазар Богша тонка іранізаваў. Ён хацеў, каб гэты самазваны Лазар Богша зразумеў, што яго выкрылі і далей няма сэнсу прадаўжаць гульню. Але гаспадар іроніі, відаць, не разумеў.
— Так яно і ёсць: ты трапіў у шэсць тысяч шэсцьсот шэсцьдзесят дзевяты год ад стварэння свету, або ў адна тысяча сто шэсцьдзесят першы год ад нараджэння Хрыста... Як табе больш зручна, так і лічы.
— А можа, гэта ты, мой шаноўны цёзка, трапіў у дваццатае стагоддзе на кінастудыю?
Лазар Богша знарок зрабіў такі празрысты намёк, каб гаспадару прыкідвацца далей было немагчыма. Але той зноў не зразумеў намёку.
— Не, Лазар Богша, іменна ты трапіў у дванаццатае стагоддзе...
— Я дык я, — сказаў Богша, — хоць ніяк не магу ўявіць, як без фантастычнай машыны часу можна было апынуцца ў дванаццатым стагоддзі?
— Што такое восем стагоддзяў у бясконцай чарадзе гадоў існавання чалавецтва? — па-філасофску зазначыў гаспадар.
Цяпер Лазару Богшу і зусім стала весела.
"Ну і жукі! Задумалі разыграць. Хацелі пасмяяцца. Цяпер я добра разгадаў іхнюю містыфікацыю".
Ад простай здагадкі ў ягонай галаве неяк праяснела, і ўсе фантастычныя прыгоды цяпер уяўляліся хоць і дасціпным, але, што ні кажы, розыгрышам. А так разыграць мог толькі Юрка Місюк, ягоны, Богшаў, адміністратар.
"Калі ж ён вярнуўся з камандзіроўкі? — падумаў Лазар Богша. — Ці не ўсё роўна калі? Факт застаецца фактам: Юрка прывёз нейкага акцёра і разам з Алегам Дутавым склалі сцэнарый розыгрышу. Потым яны загрыміравалі акцёра пад Лазара Богшу..."
—А ты зусім не Лазар Богша. Я здагадаўся, хто ты, — сказаў Лазар Богша. — Ты — Інакенці Смактуноўскі. Я запрасіў цябе на ролю Усяслава Полацкага. Хто цябе так добра загрыміраваў?.. У нас на студыі так не ўмеюць.
Гаспадар пахітаў галавою.
— Аднак жа здорава цябе падсекла рашэнне мастацкага савета. Прыгледзься лепей і ты ўбачыш, што на маім твары няма і мазка грыму. Мне таксама шкада, што мастацкі савет закрыў тваю карціну, якая была б сапраўды геніяльным творам. Закрыў, нягледзячы на тое, што на яе было выдаткавана восемсот дваццаць тысяч восемдзесят шэсць рублёў сорак тры капейкі.
Гаспадар загаварыў голасам студыйнага бухгалтара, калі той, бывала, закрываў фінансаванне фільма да асобага распараджэння.