Читаем Святыя грэшнікі полностью

— Не дуры галавы, Кеша, — рагатнуў Лазар Бог­ша. — Ніякага мастацкага савета не было. Не трэба браць мяне на мушку.

Але тут жа Лазар Богша прыгадаў, што сапраўды яго выклікалі на мастацкі савет. Ён яшчэ пажартаваў тады ("Тады? Калі тады? Можа не тады, а цяпер?"): "На мастацкі савет выклікаюць не дзеля таго, каб пляскаць у далоні, а дзеля таго, каб пляснудь далоняй..."

Было падобна на тое, што ён, Лазар Богша, чала­век двадцатага стагоддзя, сапраўды трапіў у недасягальную чалавечаму разумению даўніну. Заставалася нявысветленым толькі адно: калі гэта сапраўды гістарычны Лазар Богша, які зрабіў крыж Ефрасінні Полацкай, дык адкуль ён ведае пра мастацкі савет і наогул пра справы ягонага, Богшавага, зямнога існавання?

— Не здзіўляйся, Лазар Богша, — нібы падслухаўшы ягоныя думкі, сказаў гаспадар. — Я ведаю пра цябе ўсё ці, бадай, усё. Няўжо ты думаў, што мы маем пра­ва прыводзіць сюды абы-каго.

"Фантастыка, — падумаў Лазар Богша. — Але ж і рэальная фантастыка, чорт мяне пабяры, рэальная машына часу ў дзеянні. А можа, гэта такі фантастычны сон? Зрэшты, самы фантастычны сон таксама рэальнасць. Калі ж да ўсяго падыходзіць з пункту гледжання кіношнага рэжысёра, дык усё, што са мной адбы­ваецца, вельмі падобна на кінамантаж. А што, калі існуе нейкі іншы мантаж чалавечага існавання? Варта навучыцца валодаць ім, як адкрыецца зайздросная перспектыва жыцця ў чатырох вымярэннях. Можа, я, не падазраючы таго, авалодаў гэтым мантажом свайго існавання ў чатырох вымярэннях? Іначай трэба прызнаць, што містыка паявілася не на голым месцы".

Падумаўшы так, Богшу захацелася праверыць на справе, як можна карыстацца мантажом чалавечага існавання. У кіношным мантажы ён, напрыклад, адразу ж пасля сустрэчы з Богшам паставіў бы эпізод з Ефрасінняй. Лагічна! Дык чаму ў мантажы чалавечага існавання ён не мае права сустрэцца з Ефрасінняй Полацкам? Абсалютна лагічна, асабліва калі ўлічыць, што пра Ефрасінню амаль нічога невядома.

— Ці маю я цяпер права карыстацца свабодай перамяшчэння? — спытаў Лазар Богша.

— Маеш, — адказаў гаспадар.

— Тады я хацеў бы зараз жа сустрэцца з Ефрасінняй Полацкай, — сказаў Богша. — Не заўтра і не праз тыдзень, пакуль вы, мае дарагія жэўжыкі, падрыхтуеце якую актрысу на ролю Ефрасінні... А зараз...

Гаспадар з дзецюком пераглянуліся.

"Ага, папаліся, жэўжыкі, — узрадаваўся Лазар Бог­ша. — Мяне за рубель дваццаць не купіш".

Зусім нечакана адчыніліся дзверы, і на парозе ўзнікла жаночая постаць у жоўтым кажусе. Лазар Богша ўбачыў, як абодва яго гаспадары — майстар крыжа і аўтар "Слова" — нізка схілілі галовы перад госцяй.

Яна была не зусім прыгожая, а калі казаць праўду, дык і зусім непрыгожая. I не таму, што твар яе быў пасечаны маршчынамі. Яна была непрыгожая ад самай маладосці. У яе быў акруглы твар, на якім ляпіўся тонкі, з гарбінкай нос, дужа расплюснуты ўнізе, з мясістымі закрылкамі. Можа, таму верхняя губа выглядала надта кароткай і тонкай. Ніжняя, наадварот, была адкапылена ўніз, надаючы падбародку яшчэ больш масіўны выгляд. На гэтым груба выцесаным твары, бадай, толькі вочы прыцягвалі ўвагу: сінія вялікія вочы, якія, праўда, ужо досыць пабляклі, сталі падобны на неба ў познюю восень. Да ўсяго жанчына нават пад кажухом вы­глядала нязграбна: было ў яе постаці нешта мужчынскае — ніякіх адзнак мяккай жаноцкасці.

— Будзь здарова, маці ігумення, — першы азваўся майстар крыжа, яшчэ раз згінаючыся ў паклоне.

— I ты будзь здароў, Лазар. Мне пільна трэба пагаварыць з табой. Выйдзі, — загадала таму Паэту, што напіша "Слова".

— Хто гэта? — спытаў Лазар Богша ў Паэта, калі той праходзіў каля яго.

— Ефрасіння, ігумення, — шапнуў Паэт.

"Дык вось яна якая!" — падумаў Богша.

— Выйдзі і ты, — раптам сказала Ефрасіння Лазару Богшу. — Твой час яшчэ не настаў. I тое, што я павінна сказаць, ніхто і ніколі не павінен ведаць.

— Гэта так небяспечна?

— Гэта можа каштаваць жыцця...

Лазару Богшу аж стала смешна: празарліўцы! Яму ўжо не пагражае смерць.

— Хачу нагадаць, — кпліва сказаў ён, — што я нейкім чынам ужо не жывы, а мёртвы...

Ён паглядзеў на Ефрасінню. Ці заўважыла тая іронію?

— 3 табой можа быць горш, — вельмі сур’ёзна ска­зала Ефрасіння. — Цябе могуць вярнуць назад, у зям­ное існаванне.

— Тады я застаюся, — весела выгукнуў Богша. — Зноў вярнуцца на зямлю, адсюль, адкуль ніхто ніколі не вяртаўся! Гэта ж здорава!

— Што здорава?

— Расказаць людзям пра тое, што бачыў.

— I ты спадзяешся, што табе нехта паверыць? Цябе палічаць за вар’ята...

Ад яе слоў у Богшы па спіне прапаўзла халодная вужака. Сапраўды, хто яму паверыць, што ён пабываў у дванаццатым стагоддзі, размаўляў з Ефрасінняй, з Лазарам Богшам ці аўтарам "Слова". Добра яшчэ, калі падумаюць, што ён брэша... А калі вырашаць, што з’ехаў з глузду? Тады адправяць у вар’яцкі дом, і будзь здароў, не кашляй. I ўсё ж перспектыва зноў вярнуцца ў зямное існаванне была вельмі зайздросная і прываблівая.

Перейти на страницу:

Похожие книги