— Можна і не расказваць пра тое, што бачыў, — сказаў ён, але без належнага энтузіязму. — Мне вельмі важна акунуцца ў рэальныя падзеі вашага часу. Вы, мусіць, не ведаеце, што я — кінарэжысёр Лазар Богша. Я хачу зняць фільм пра бітву на Нямізе. Мяне захапіў вобраз вашага дзеда Усяслава. Вам не здаецца, што ягоныя дзеянні, як і, зрэшты, падзеі таго часу, у нашай гісторыі асветлены просталінейна, без належнай псіхалагічнай матывіроўкі? Усё было больш складана і больш лагічна. Вось чаму я хацеў бы не проста зняць гістарычны фільм, дзе ўсё прыблізна, а зняць такі фільм, які перадаў бы нашаму сучаснаму гледачу ўсю сукупнасць жыццёвых фактаў...
Яго раптам панесла, нібы ён гаварыў на мастацкім савеце. Што-што, а тлуміць мазгі Богша ўмеў, асабліва калі гэтага вымагалі абставіны. I цяпер ён пачаў развіваць свае намеры і планы з апантанасцю заўзятага манюкі, які і сам верыць у тое, пра што гаворыць. Ён практыкаваўся ў красамоўстве, можа, хвілін пятнаццаць, а Ефрасіння моўчкі і даволі засяроджана слухала яго. У яе вачах адбіваўся смутак.
"Мусіць, я зарваўся, — падумаў Лазар Богша. — Я кажу ёй пра тое, што яна і сама добра ведае. I, наогул, у гэтым пазазямным свеце, бадай, не вельмі цэняць красамоўства".
— Даруйце, што я адымаю ў вас час, — сказаў ён шчыра. — Кіношны рэжысёр павінен умець добра гаварыць. Калі ён не ўмее гаварыць, дык яму могуць даказаць, што ён здымае не фільм, а служыць па сабе паніхіду...
— На жаль, я не магу цябе выслухаць да канца, — сказала Ефрасіння, — пагаворым пасля. У нас будзе час...
Цяпер ужо не было як заставацца ў хаце. Богша выйшаў на ганак у развіднелую марозную раніцу. 3 высокага ганка хаты быў відаць увесь горад. У пунсовым ад нябачанага сонца небе зіхацелі золатам крыжы на Сафійскім саборы, а над пасадам, па той бок крэпасной сцяны і па гэты, у рамесніцкай слабадзе, падымаліся ўгору ранішнія дымы. Яны выбіваліся з-пад стрэх падслепаватых і чорных закурадымленых хат.
"Куды я пайду? — раптам падумаў Лазар Богша. — Мне няма куды ісці. Вось табе і чацвёртае вымярэнне. Боўтайся ў ім, як непрыкаяны грэшнік у чысцілішчы... А ўсё ж якую тайну хоча сказаць Ефрасіння свайму майстру?.."
Апантаная думка гэтая неўзабаве цалкам завалодала Лазарам Богшам. I хоць сумленне падказвала яму, што падслухоўваць ды падглядваць непрыстойна, нешта так і падбухторвала яго пайсці насуперак сумленню. Яшчэ добра не ўсведамляючы, што ён робіць, Богша прайшоўся па ганку да самага вугла хаты, рубленага на заморскі манер — замком, — і там убачыў лесвічку, што вяла на падстрэшша. Нядоўга думаючы, Лазар Богша ўзабраўся па ёй да лаза, прасунуў галаву ў яго і ўбачыў унізе яшчэ адны сенцы. Пры сцяне ў іх і якраз насупраць лаза стаяў куфар. Богша даволі лёгка саскочыў на куфар і адразу пачуў голас Ефрасінні.
— Мы абое састарыліся, Лазар, і цяпер, на схіле жыцця, напярэдадні найвялікшых выпрабаванняў, нам не варта прыгадваць мінулыя крыўды. Смерць прымірае. Прыміраныя ёю, мы сыдзем у нябыт, але імёны нашы застануцца. Чалавек жыве на зямлі, каб пакінуць пасля сябе след. Мы шмат выцерпелі, і мы займелі права на памяць...
— Дзіўна ты загаварыла, — пачуўся голас Богшы. — Быццам ты і не ігумення, а жрыца суйскага язычніцкага храма.
— 3 табою я магу гаварыць шчыра, — сказала Ефрасіння. — 3 другімі я навучылася хаваць свае думкі і свае пачуцці.
Лазару Богшу захацелася пабачыць майстра і ігуменню. Ён, нядоўга думаючы, забраўся на лаўку, вельмі шырокую для таго, каб толькі сядзець на ёй, — мабыць, яна была і ложкам, — адхінуў мядзведжую шкуру і ўбачыў перад сабой пакой, з якога яго толькі што выставілі.
Майстар сядзеў пры стале на лаўцы, абапёршыся локцямі на калені, а Ефрасіння стаяла перад іму скрыловаўшы на грудзях рукі.
— Ты не баішся граху? — спытала яна ў Лазара-майстра.
— Я ніколі яго не баяўся. Баялася ты...
— Не трэба, Лазар, — умольна папрасіла Ефрасіння. — Тое, пра што я табе скажу, сапраўды лічыцца смертным грахом...
— Кажы, не мучай душу. Ты ўмееш віць з людзей вяроўкі...
Размова была вельмі туманная.
Богша пераступіў з нагі на нагу і тут жа пачуў на сваім плячы чыюсьці руку. Ён спалохана азірнуўся: за плячамі ў яго стаяў даволі нямоглы манах з вострымі, як бураўчыкі, вачамі.
— Дзе ты дастаў такую хвацкую апранаху? — напаўшэпт спытаў манах. — Далібог, ніколі такой не бачыў. Мусіць, заморская?..
У наступнае імгненне ў манаха вырачыліся вочы, як у печанага рака. Ды і твар у яго стаў падобны на рачыны — увесь пабарвавеў. Манах часта-часта заморгаў вачамі, паматаў галавою.
— Свят-свят-свят, — перахрысціўся ён. — Я думаў, што гэта ты, Лазар Богша, аж... Хто ты?..
— Я і ёсць Лазар Богша. Кінарэжысёр Лазар Богша... Прыляцеў сюды ў творчую камандзіроўку, — на ўсякі выпадак зманіў Богша.
Манах схапіў Лазара Богшу за каўнер курткі і пацягнуў з сенцаў на двор.
3
Манах схапіў Лазара Богшу за каўнер курткі і пацягнуў з сенцаў на двор.
Лазар Богша не супраціўляўся, ды і супраціўляцца было немагчыма. Манах меў зайздросную сілу. 3 выгляду дык зусім нямоглы, а на самой справе — волат.