Лазар Богша і сам не разумеў, навошта яму ведаць, хто з князёў завітаў у келлю дзіўнай манашкі, больш падобнай на блудніцу, чым служку бога. Абодва князі, здаецца, былі бездары, пра абодвух засталіся ў гісторыі скупыя радкі ў летапісах. Наліха яшчэ забіваць сваю памяць лішняй інфармацыяй, і так яе замнога абрушылася на беднага чалавека дваццатага стагоддзя. Але нешта як бы свярбела. Усё тая ж чалавечая цікаўнасць, якая прывяла свет да атамнай бездані. Лазар Богша ўжо не мог супакоіцца, пакуль не спадзе з тайны апошняя покрыўка. Ён навастрыў увесь свой слых і ўсю ўвагу.
— Чаго клікала, Кажына? — спытаўся князь, спрабуючы абняць манашку.
"Дык яна яшчэ і Кажына, — усміхнуўся Богша. — Бач ты!.. Манашка, разведчыца, шпіёнка, агент нумар... Стоп, стоп! Тут, напэўна, шпіёнаў яшчэ не дадумаліся нумараваць..."
Манашка адвяла князеву руку.
— Богша зрабіў крыж Прадславе, — сказала яна такім прыглушаным, таямнічым голасам, якім, мабыць, Далес дакладваў Трумэну, што і ў рускіх ёсць атамная бомба.
На князя, аднак, яе паведамленне не зрабіла вялікага ўражання. Ён кпліва ўсміхнуўся. Так звычайна ўсміхаюцца людзі, якім здаецца, што толькі яны валодаюць тайнай.
— Не церпіцца Ефрасінні зацьміць славу Сафіі, — сказаў ён.
Ягоныя словы і кплівая ўсмешка выклікалі ў Кажыны гнеў. Богшы здалося, што манашка крыху перабірае меру.
— О, божа мой, — узняла яна ўгору рукі, як бы заклікаючы багоў у сведкі, — да чаго вы, князі, лянівыя! Галавой паварушыць не хочаце. Усё за вас нехта павінен думаць, разважаць, у галаву вам укласці, але і тады вы не здольны звязаць трох слоў, глянуць далей свайго ненажэрнага пуза...
— Глядзі, каб я не загадаў вырваць твой паганы язык, — прыгразіў князь, зноў абдымаючы манашку.
— Адзінае, на што здольныя, — вылузнуўшы з ягоных рук, падкалола князя Кажына. — А пра тое не падумаеце, хто ж вам будзе гаварыць праўду.
— На які ляд мне праўда? — рагатнуў князь. — Што з яе зварыш?
— Няўжо ты сляпы, князь? Хіба не бачыш свайго блізкага канца?..
Князь аж скалануўся ад яе прароцтва.
— Ты ведаеш нешта такое, чаго не ведаю я? — дрыготкім голасам спытаўся ён. — Кажы, не муч...
— Сядай, князь, — прапанавала манашка. — Мне паложана стаяць перад табой...
У голасе Кажыны пачуліся ноткі самаахвярнага прыніжэння, за якімі Богша адчуў хітра расстаўленую князю пастку. Але князь нічога не заўважыў. Самаўпэўненасць і ганарыстасць пазбавілі яго тонкага чуцця, а прывычка ўсё дамагацца сілай — разважлівасці.
Князь сеў на лаўку.
— Слухаю цябе, чарадзейка і ведзьма, — сказаў ён з лагоднасцю, якая больш пасавала да ложка, а не да келлі манашкі.
— Толькі не гневайся, князь, — папрасіла Кажына. — 3 табой я хачу быць шчыраю, бо ты патрэбны мне, а я табе. Ці не так?..
— Хай сабе і так, — міласціва пагадзіўся князь.
— Азірніся, князь, навокал. Хіба ты не бачыш, як занепадае Кіеў? Нават Юрый Даўгарукі махнуў на яго рукой. А сын ягоны Андрэй і глядзець на Кіеў не хоча. Кіеўская Русь развальваецца. Каму гэта на руку? Табе, князь, на руку. А Прадславе — горкі ком у горле. Чаму? А таму, што моцны князь — моцная дзяржава. Моцная дзяржава — багатая царква. Царква прагне быць адзінай. А князі разрываюць Русь на кавалкі, як ваўкі ласіцу. Царква, во хто зацікаўлены ў моцным князі. А дзе яго возьмеш?.. Здрабнелі князі. Hi адвагі, ні розуму. Адна пыха і дурасць. Ты, князь, сядзіш у сваім лясным княстве, а таго не ведаеш, што Прадслава, маці-ігумення Ефрасіння, абмянялася пасланцамі і з Пячэрскім манастыром, і з епіскапам Растоўскім Фёдарам. I ўсе яны вока і спадзяванні свае паклалі на Усяслава Віцебскага, каторы сын Васількі, пляменнік Прадславы. Абое яны, як табе, князь, вядома, дзеці малодшага сына Усяслава, якому сам Баян складаў песні. Спачатку Усяслаў Віцебскі зойме Полацкае княства. А потым — Кіеўскае... Таму на палажэнне крыжа ў Спаскім манастыры і едзе з Віцебску Усяслаў Васількавіч. Вось і кумекай, князь...
Князь пабарвавеў. Ён адчуваў сябе, як шчупак у нераце: куды ні кінешся — няма збавення.
— А крыж?.. Навошта крыж? — як за апошні ратунак, схапіўся ён, каб толькі заспакоіць сябе, што Кажына палохае яго, і не больш.
— Гора мне з табой, князь, — уздыхнула Кажына. — Зусім ты нічога не цяміш. Абух абухом...
— Ты вельмі цяміш, — пакрыўдзіўся князь.
Кажына села на лаўку, паклала руку на князевы плечы.
— Не крыўдуй, тпруценька мой, — гарэзліва і пяшчотна прыхінулася яна да князя. — Паслухай мяне дужа ўважлівенька, князь, а я табе па чарзе ўсё да драбніц і раскажу. Крыж гэты не малых грошай каштаваў. I грошы тыя не аднаму Лазару Богшу дасталіся. Імі і рамесны і гандлёвы люд пажывіўся. Таму і славу яны пяюць не табе, а Прадславе. I паслухаюць яе, а не цябе. Крыжам гэтым Прадслава і сабе славу здабудзе і племянніку свайму Усяславу Полацкае княства. А Усяслаў, як толькі стане князем полацкім, першае, што зробіць, пойдзе супраць яцвягаў. Ты ж, князь, сядзіш на пуці да іх. Твайму княству першаму пасці вызначана.
"Як па палічках усё расклала, — падзівіўся Богша. — Але ж не так сабе? Нешта хаваецца за гэтым".