Читаем Святыя грэшнікі полностью

I добра, што ўхапіўся, што было за што ўхапіцца. Коні так імкліва нырнулі ў бездань — а можа, наадва­рот, вылецелі ўгору, — што ў Богшы аж дух захапіла. Так было, праўда, зусім не доўга. Неўзабаве пачалося даволі плаўнае апусканне, падобнае палёту на планёры.

Богша глянуў уніз. Яны ляцелі над лесам, асветленым халодным сінім святлом. Лазара Богшу ахапіла расчараванне. Тайны, аказваецца, няма. Ёсць люстэркавы адбітак зямной рэчаіснасці. Цікава, а ці ёсць тут смерць? Калі ёсць, дык куды адсюль адпраўляюць душы памерлых? Можа, зноў на зямлю? Во ўжо незайздросная перспектыва — боўтацца між двух існаванняў, якія вельмі падобны адно да аднаго.

Богша адчуў сябе бясконца ашуканым. У такія хвіліны ён звычайна станавіўся насмешлівы і нават іранічны.

— Наліха вы мяне сюды прывезлі? — спытаў ён у здані з той падкрэсленай іроніяй у голасе, якой звы­чайна карыстаўся на мастацкіх саветах, калі яму хацелі навязаць нешта супрацьлеглае ягонаму густу, ягонаму разумению мастацтва. — Не маглі прыдумаць нешта больш арыгінальнае? У вас не мастацкая інтэрпрэтацыя найвялікшага акта, якім з’яўляецца смерць, а бяздарная інструкцыя пахавальнага бюро. Хто складаў, хто зацвярджаў гэты бездапаможны сцэнарый? Суцэльныя штампы! Ніякай выдумкі! Чарговы опус нікчэмнага графамана. Заезджаныя ў кіно тройкі коней. Дзірка ў небе. На каго вы разлічваеце? Хто рабіў вам эскізы да вось гэтага раннефеадальнага горада? Божа мой, якая безгустоўшчына! Ці, можа, у вас шануюць бездараў? Ну, што ж, з імі спакойна, асабліва ў вашым замагільным царстве. Ніякіх праблем. Бездары тым і добрыя, што не маюць сваіх думак. Наліха яны ім? Без думак жыць лёгка і проста.

Богша мог практыкавацца такім чынам вельмі доўга, бо яму ніхто не пярэчыў, і ён неўзабаве змоўк, крыху здзіўлены, што ягоныя словы не закранаюць за жы­вое зданяў.

Во дзіва! Абое пасажыры, як і коні, як і вазок, незаўважна зніклі. А можа, так і належыць на тым ці хутчэй ужо на гэтым свеце, пасмяротным для Богшы.

Ён стаяў адзін на скрыжаванні дзвюх вельмі вузкіх вуліц, сярод ночы, у незнаёмым і, папраўдзе, дужа дзіўным горадзе, здорава падобным на няўдалую кіношную дэкарацыю да гістарычнага фільма: ніякіх адвольнасцей — суцэльны натуралізм.

Было, мабыць, надта позна ці, наадварот, вельмі ра­на. У горадзе ніякіх адзнак жыцця. Нават сабак не чутно.

"Зрэшты, — падумалася Лазару Богшу, — у гэтым, па той бок зямнога існавання, горадзе жывыя істоты, што падыхаюць, а не паміраюць, напэўна, адсутнічаюць".

Не паспеў ён так падумадь, як недзе зусім побач азваўся певень. Голас у яго быў гарласты і, папраўдзе, вельмі прыгожы, як у ротнага запявалы, з якім Лазару Богшу калісьці давялося адбываць трохмесячныя зборы. Зрэшты, каб у пеўня быў і зусім паганы голас, Ла­зару Богшу ён падаўся б нашмат прыгажэйшы за славутага Каруза.

Дзякуй богу, што ў горадзе аказаўся певень! Калі ёсць певень, дык ёсць і чалавек. I ён, Лазар Богша, тады непадобны на героя крамераўскага фільма, які высадзіўся на бераг пасля атамнай бамбардзіроўкі...

Было даволі холадна. Калючы марозны вецер працінаў лёгкую Богшаву сінтэтычную апранаху наскрозь, да самых касцей.

Перейти на страницу:

Похожие книги