Надзіва, размова з Кірылам Лыкавязавым дабратворна паўплывала на Богшу — нібы ён скінуў з сябе жалезную кальчугу, што замінала ягоным рухам. Стала вальней пачуваць сябе. Богша прыбраў кававае начынне ў шафу, апрануў куртку і выйшаў на вуліцу.
3 усходу, уздоўж шырокага праспекта, дзьмуў вецер, асабліва пякучы ў перадранішні час. Ад яго парываў гайдаліся ліхтары і шэрыя цені кідаліся па баках; здавалася, вуліца бяжыць, як плёнка ў праектары. Лазар падумаў, што трэба шукаць нейкую спадарожную машыну, але дзе ты яе знойдзеш, калі праспект пуставаў. Кварталы праз два на вялізным пляцы, Богша пабачыў адзінокае таксі — здалёк свяціўся ў цемры зялёны агеньчык. Богша разбудзіў шафера і ўжо хвілін праз сем быў у пад’ездзе свайго дома, сляпога, без адзінага агеньчыка.
Лазар падняўся на свой паверх, адчыніў дзверы, не запальваючы агню, прайшоў у спальню — яму чамусьці падумалася, што там ужо чакае яго Люба, ён паспешліва запаліў святло — спальня сустрэла яго безалаберным запусденнем: скамечаная падушка, скручаная коўдра, абы-як раскіданыя рэчы, папера на стале, пішучая машынка з недадрукаваным аркушам паперы — усё крычала пра запусценне. Аж стала моташна.
За гады жыцця з Любай Лазар прывык да найстражэйшага парадку, які часам нават і раздражняў яго: кожная рэч на сваім месцы, нідзе ні пылінкі, ложкі акуратна засланыя, як у мемарыяльным музеі. Богша скінуў куртку, пачаў быў скідаць джынсоўку, але глянуўшы на ложак, аж здрыгануўся: падалося, што той падобны на халодную магілу.
Ён сеў у мяккае вальтэраўскае крэсла. Яно прагнулася пад цяжарам ягонага цела, моцна ўзяло ў свае пяшчотныя абдымкі, нібы засумавала без яго.
У ванным пакоі з крана капала вада. Лазар падумаў, што варта было б пайсці закруціць кран, але расслабленае цела не хацела слухаць ягоную слабую волю. У крэсле было дужа ўтульна і цёпла. Богша ляжаў колькі часу з заплюшчанымі вачамі, адчуваючы прыемную знямогу. Раптам ён успомніў пра тую жанчыну, што сядзела ў зале днём, калі ён так неабачліва заскочыў туды голы. Сядзіць яна там ці не?
"Так яна цябе і чакала, — насмешліва падумаў ён. — Даўно пайшла. Але як яна магла выйсці, калі я замкнуў дзверы на два замкі? Тады сядзіць... А раніцай прыляціць Люба. Трэба ўсё ж зазірнуць у залу. Пераканацца".
Перамогшы сваю расслабленасць, Богша ўстаў з крэсла, выйшаў на калідор. У доме да жудасці было ціха. Ніводнага гуку. ён паціху адчыніў дзверы.
У зале, на тым жа крэсле, бокам да яго, сядзела незнаёмая жанчына ў чорным адзенні — тая, якую ён бачыў днём, калі яму пазваніў Карней Карнеевіч Кладачка.
ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ: праваслаўныя язычнікі
1
У зале, на тым жа крэсле, бокам да яго, сядзела незнаёмая жанчына ў чорным адзенні — тая, якую ён бачыў днём, калі яму пазваніў Карней Карнеевіч Кладачка.
Богша жахнуўся. Яго ўразіла і напалохала не тое, што жанчына дачакалася яго (куды дзенешся, калі ён замкнуў кватэру аж на два замкі?), а тое, што яна сядзела ў крэсле ў той жа паставе, як і тады, калі ён заглянуў у залу. Не хацелася верыць, што чалавек можа нерухома праседзець больш паўсутак. А што, калі яна памерла?.. Во ўжо сапраўды крымінальны дэтэктыў у стылі Жоржа Сіменона: кінарэжысёр прыходзіць дамоў, а ў мяккім крэсле — мёртвая жанчына...
"Нешта дурное лезе ў галаву, — падумалася Богшу. — Чаму ў маёй кватэры павінна быць жанчына? Несусветная лухта! Можа, у крэсле сядзіць здань або сама смерць?.."
Думка была дужа бязглуздая, але Богша адчуў, як брыдкі халадок папоўз па спіне, прытаіўся ў патыліцы і адразу на галаве заварушыліся валасы, як тады ў лесе, калі ён пабачыў галодных піліпаўскіх ваўкоў, якія вялі, падганяючы хвастамі, двух вясковых сабак. Ён сам цяпер быў падобны на сабаку: у сваёй кватэры адчуваў сябе пад канвоем.
Як і тады, яму захацелася кінуцца наўцёкі, можа, нават да тэлефона, каб пазваніць у міліцыю. Няхай прыедуць, разбяруцца, бо гэта іхні клопат ахоўваць грамадзян ад гвалтаўнікоў і зданяў...
Ды нешта пазбавіла яго здольнасці рухацца. Нават язык прысох да нёба — самае жахлівае з таго, што даводзілася некалі адчуць Богшу: усё бачыць, разумець і маўчаць, не ратаваць сябе. Ягонае жаданне нешта рабіць нагадвала аслаблены адлегласцю імпульс незразумелай волі, нібы нехта з далёкага сусвету кіраваў ягонай дзейнасцю.
Богша яшчэ падумаў, што, бадай, фантасты мелі рацыю, калі пісалі аб планеце ў космасе, на якой існуе звышразумнае рэчыва, што кіруе ўсёй чалавечай дзейнасцю на зямлі. Жахліва быць на месцы гэткага біялагічнага робата, якому нехта недзе праграмуе ягоныя добрыя і благія ўчынкі: любоў і нянавісць, мір і вайну, забойствы і літасць, зайздрасць і спагаду, скупасць і шырыню натуры. Хочаш ці не хочаш, а рабі, што табе запраграмавана. Жах!.. Цікава, а электронны робат, які зроблены чалавекам, таксама пакутуе?.. Мабыць пакутуе. Не можа не пакутаваць, калі яго, напрыклад, прымушаюць разлічваць траекторыю атамных ракет, якія нясуць атамныя зарады і павінны знішчыць цэлы народ. Бедалага робат, як хочацца яму паспачуваць!