Читаем Святыя грэшнікі полностью

Богша толькі цяпер прыслухаўся да сябе: левая палавіна грудзей зноў, як днём, набракла болем, а левая рука амярцвела.

— Адпачнём там, — Богша ткнуў рукой у падлогу. — Я цябе папрашу, Карней Карнеевіч, пашлі тэлеграму Любе.

Ён дастаў з кішэні блакнот, вырваў лісток, прыткнуўшыся да падаконніка, напісаў тэкст:

"Люба, даруй. Прылятай хутчэй. Мне блага. Вёльмі".

— Надумаў ты нешта, — буркнуў Кладачка, але настойваць, каб не заставаўся, не стаў, ведаў, што бескарысна.

Богша падняўся на другі паверх, дзе была лабараторыя.

— Можа, гатова плёнка? — спытаў ён начальніка змены.

— Гатова.

Ён распарадзіўся, каб яе занеслі ў мантажную. Там за акаванымі жалезам дзвярамі яго чакала мантажніца Вера.

— Лазар Васільевіч, — сказала яна, — не перажывайце вы так, неяк абыдзецца.

— Абыдзецца...

Лазар сеў за мантажны стол. I толькі цяпер адчуў, як стаміў яго гэты мастацкі савет.

Наперадзе была ноч.


***

3 таго часу, як Лазар Богша сеў за мантажны стол, прастора і час страцілі адвечнае сваё значэнне — усё цяпер абмежавалася маленькім квадратам экрана, на якім адбывалася звязанае ў заблытаны вузел дзеянне: жыццё і смерць — дзве няўжыўчывыя суседкі.

Напачатку Богша прагледзеў выданую лабараторыяй плёнку, якую не паказваў і на Суі, калі глядзелі ў калгасе, адабраў лепшыя на ягоны густ дублі. Потым ён узяўся за мантаж, не заглядаючы нават у мантажныя лісты — усё помнілася да драбніц: кожны эпізод, кож­ны план. Ён пагрузіўся ў работу, як пагружаецца ў глыбіню мора вадалаз: зямное, сухапутнае знікае, застаецца праца ў адрыве ад гаманкога свету.

Яны, бадай, не размаўлялі з Верай, бо тая разумела яго з паўслова, ды і словы, якімі яны часам абменьваліся, належалі да іншай сферы чалавечага жыцця — справы,— дзе не патрэбны хітрасць, крывадушнасць, зайздрасць, ліслівасць, хлусня, дзе можна абыходзіцца першароднымі словамі-сімваламі.

Калі фільм быў пераманціраваны, Лазар Богша падумаў, што павінен глянуць на яго збоку, адным позіркам і ўжо старонняга гледача, каб атрымаць цэльнае і цвярозае ўражанне.

У Веры быў стомлены выгляд: пад вачамі залеглі сіняватыя цені, а твар завастрыўся, набыў попельнае адценне.

— Адпачні, Вера, — сказаў ён і сеў на яе месца за мантажным сталом.

Вера перасела ў мяккае крэсла, што стаяла ў куце. Лазар заклаў стужку, націснуў рычажок — на экране з’явіліся першыя кадры... Неўзабаве Богша здолеў так адключыцца ад навакольнага свету, што ўжо адчуваў сябе не проста гледачом, нават не сведкам, а ўдзельнікам далёкіх падзей. I хваляваўся не як глядач, а як удзельнік далёкіх падзей, які не ведае, што будзе потым.

Апошнія кадры, як заключны акорд сімфоніі, нарэшце аджылі свой век на экране. Лазар Богша выключыў яго, прадаўжаючы механічна ўзірацца ў цёмны квадрат, нібы чакаў які цуд.

— А ўсё ж добра, што ні кажыце — добра, — сказаў ён з той перакананасцю, якая бывае ў людзей, абсалютна ўпэўненых у сваёй праўдзе.

Уласны голас, што прагучаў у мёртвай цішыні, вярнуў Богшу з далёкіх вандровак, дзе не было ні прасторы, ні часу, ён убачыў белую сцяну, мантажны стол, ру­лон плёнкі на ім і толькі цяпер успомніў пра Веру.

— Ах, Вера, Вера, — паціраючы рукі ад задаволенасці сабой, узнёсла загаварыў ён, — які я малайчына! Далібог, мне не сорамна прызнавацца ў гэтым.

Вера прамаўчала, і ён павярнуўся, каб сказаць ёй нешта ўжо іранічнае. Вера соладка спала, схіліўшы га­лаву на плячо.

"Вечны лёс мастака: няма з кім падзяліцца першым сваім шчасцем, самым свежым уражаннем", — усміхнуўся ён і на дыбачках выйшаў на калідор.

Яму страшэнна хацелася курыць, здалося, што не курыў аж з таго часу, як пабываў на нямігскай бітве. Дым цыгарэты крыху асвяжыў галаву. Богша пайшоу па калідоры, з прыемным хваляваннем слухаючы, як гулкае водгулле разносіць ягоныя крокі, нібы крокі камандора, калі той ішоў на званы nip.

Яму хацелася цяпер зусім аб’ектыўна падумаць пра тое, як склаўся фільм. Эмоцыі эмоцыямі, а ў мастака павінна быць яшчэ і цвярозае да сябе стаўленне. Яму нідзе так не думалася, як у рэжысёрскім пакоі. Нават дома, дзе заўсёды нешта адцягвала ўвагу, можа, тая хатняя ўтульнасць, якую стварыла Люба.

"Яна павінна ўжо была атрымаць тэлеграму, — падумаў ён пра жонку. — Можа, цяпер сядзіць у аэрапорце, чакае пасадкі".

Яго пакой быў паверхам ніжэй. Лесвіца патанала ў змроках, хоць на яе і падала святло з вялізнага, на ўсю сцяну, акна, за якім у скверы гарэлі ліхтары. У калідоры на другім паверсе дык і наогул было вельмі цёмна, толькі ў канцы віднелася акно — светлая пляма на чорным аксаміце цемры.

Лазар Богша ледзь адамкнуў дзверы — усё не мог патрапіць ключом у замок. Затое выключальнік у пакоі намацаў адразу. Некалькі разоў міргануўшы пад столлю, успыхнула асабліва яркае ўначы святло, дарэшты запаланіўшы Богшаў пакой.

Перейти на страницу:

Похожие книги