Лазар Богша, не жадаючы таго, слухаў Кірылу з незразумелай яму ўвагай. Ён наперад ведаў, што скажа Кірыла, але слухаў уважліва, баючыся чамусьці прапусціць хоць адно слова. Кожнае лыкавязаўскае слова было падобна на кулю, якая не забівае, а вельмі балюча джаліць. Зрэшты, Богша чакаў ад Кірылы і нейкіх нечаканасцей. Лыкавязаў быў вунь як здольны да іх.
— Дык вось, — Кірыла Лыкавязаў зрабіў паўзу і загаварыў ужо з металам у голасе, пазіраючы кудысьці ўгору, нібы хацеў заклікаць усявышняга ў сведкі сваёй аб’ектыўнасці. — Дык вось, дарагія таварышы, — яшчэ раз паўтарыўся ён, — у такога выдатнага майстра, які валодае талентам з незвычайнай сілай уздзейнічаць на чалавечыя эмоцыі, на свядомасць людзей, моцны не толькі станоўчы эфект уздзеяння, але, і што найбольш небяспечна ў дадзеным выпадку, адмоўны эфект уздзеяння. Ягоныя хібы, памылкі, недахопы такія ж яркія, уражлівыя, як і ўсё ягонае майстэрства. Ягоныя памылкі становяцца памылкамі людзей, якія іх не заўважаюдь. I гэта не толькі насцярожвае...
Лазар Богша ледзьве стрымаўся, каб не зарагатаць у гэтай перанасычанай ад напружання зале, дзе голас Лыкавязава здаваўся голасам вясковага вешчуна-чарадзея, якога і слухаюць толькі таму, што ён гаворыць не так, як усе, а незразумела.
Станоўчы эфект уздзеяння!..
Яркія, уражлівыя недахопы!..
Ачумець можна!.. Але ж слухаюць і не заўважаюць, што чуюць!..
Як жа любіць кіношная брація вычварнасць і заблытанасць!.. Незразумела — і вельмі добра! Непісьменна — ну і што? Абсурдна — значыць, па-наватарску!..
Мусіць, ён на нейкі час адключыўся, выпусціў з-пад увагі лыкавязаўскія практыкаванні ў "высокім стылі", бо раптам голас Лыкавязава вынырнуў як з падзямелля.
— На нашу думку, быў выдатны сцэнарны матэрыял выдатнага пісьменніка і кінадраматурга Цімоха Баравіка-Залеўскага, быў, нарэшце, прыстойны рэжысёрскі сцэнарый, адобраны намі, падтрыманы Дзяржкіно. I вось паважаны майстра — а толькі майстры могуць дазволіць сабе такую вольнасць — адкідвае прэч літаратуру, уласнае бачанне літаратурнай асновы, робіць зусім новы экранны варыянт кінатвора. Мы не можам ухваліць такі ўчынак хай сабе і заслужанага рэжысёра, бо ён — дрэнны прыклад для моладзі. Мы не можам ухваліць і тое, што нам паказаў рэжысёр, як першую прыкідачную рэдакцыю. На нашу думку, экранны варыянт стаў горшым за літаратурную аснову і па распрацоўцы агульнай сюжэтнай лініі і па змястоўнай напоўненасці дзеяння...
На гэты раз Лазар Богша толькі пакрывіўся ад "агульнай сюжэтнай лініі" і "змястоўнай напоўненасці дзеяння".
I зноў Богша адключыўся ад таго, што гаварыў Кірыла Лыкавязаў. Ён не ведаў, ці доўга прабыў у такім стане. Лыкавязаўскі голас вярнуў яго ў канферэнц-залу.
— Такім чынам, — гаварыў Лыкавязаў, — ні па ідэйнай канцэпцыі, ні па мастацкаму вырашэнню тэмы мы не можам ухваліць прадстаўленую нам рэдакцыю фільма...
Ён адразу ж даў слова Рыме Сяргееўне. Богшу аж стала шкада яе.
Рыма Сяргееўна спрабавала ўратаваць фільм, але, ратуючы яго, яшчэ больш нішчыла, прапануючы Богшу выкідваць з фільма найбольш дарагія яму эпізоды, тыя, якія яны прыдумалі з Цімохам Баравіком-Залеўскім, абрамляць увесь фільм нейкай штучнай гісторыйкай з сучаснага жыцця, быццам тое абрамленне магло нешта дадаць фільму.
Лазар Богша ўжо не быў здзіўлены, калі і Рыма Сяргееўна пагадзілася з Лыкавязавым, што яшчэ рана прымаць рэдакцыю фільма.
Усё было хоць і не зусім неспадзявана, але ўсё ж неверагодна, што Лазар Богша нават не паверыў пачутаму: Кірыла Лыкавязаў аб’явіў пасяджэнне закрытым.
"Усё, — падумаў Богша з адзінокай асуджанасцю. Ён разумеў, што перарабляць фільм не стане, каб не разбурыць створанае. Рабіць жа нейкае публіцыстычнае абрамленне было ўсё адно, як да Полацкай Сафійкі прыбудаваць буйнапанельны корпус. Рыма Сяргееўна яшчэ спрабавала даказаць яму, што такое абрамленне можна зрабіць без аніякай шкоды для фільма, але Лазару Богшу было нецікава яе слухаць. Ён прадаўжаў думаць: — Талент мастака мусіць найперш за ўсё дбаць пра душэўныя рухі чалавека, пра тыя важкія галоўныя пытанні, што сікладаюць сутнасць жыцця, яго сэнс. Жыццёвыя сітуацыі мяняюцца часта, а чалавек з яго адвечнымі праблемамі застаецца. Колькі рэжысёраў браліся ўжо за нейкую самую актуальную тэму, але мяняліся ўмовы быцця і фільм паміраў на вачах яго ж творцы. Які гэта жах, калі на вачах у бацькоў паміраюць дзеці. Дзеці павінны паміраць толькі пасля бацькоў. I я не хачу смерці маім творам пры мне..."
Рыма Сяргееўна, відаць, зразумела Богшаў душэўны стан, а таму развіталася, перанёсшы размову на заўтра.
На калідоры Богшу чакалі аператар Юра Засухін і Кладачка.
— Не гаруй, стары, — абняў Богшу аператар. — Фільм ёсць...
— Быў, — сказаў Богша.
— Зрабі ты ім гэтае абрамленне, а эпізоды адстаім. Пасля яны самі адмовяцца, — параіў Карней Карнеевіч.
— Не, — сказаў Богша. — Здароваму чалавеку не патрэбны мыліцы...
Яны моўчкі пайшлі па калідоры, пустым і доўгім.
— Я застануся, — сказаў Богша. — Хачу яшчэ раз паглядзець фільм, можа, у апошні раз...
— Глянь на сябе, — параіў Кладачка. — Выспіся. Заўтра паглядзім разам.