— Рыма Сяргееўна, я ўсё разумею і вельмі прашу вас з разумением паставіцца да таго, што ўбачыце, — Богша гаварыў з той доляй шчырасці, на якую здольны таленавіты акцёр. — Мы з аўтарам — спачатку зусім незалежна адзін ад аднаго, а потым і разам — прыйшлі да думкі, што сцэнарная аснова толькі выйграе ад змен. Я ўвесь час памятаў вашы заўвагі, калі прымалі літаратурны сцэнарый. Тады я быў супраць. Потым зразумеў, што вы вельмі прафесійна вызначылі слабае месца ў сцэнарыі, — Богша паддобрываўся да Рымы Сяргееўны. На самай справе яна нічога не гаварыла. — Сапраўды, праз бітву на Нямізе мы маглі сказаць банальную рэч. А вось паказаць аўтара "Слова аб палку Ігаравым", які паўстаў супраць канонаў быліннага часу, супраць Баяна, якога ён паважаў, у якога вучыўся і ўсё ж пайшоў супраць яго, бо адчуваў новыя павевы часу і новыя задачы творчасці, як і Пушкін у "Барысе Гадунове", — вось пра гэта варта было здымаць фільм.
Рыма Сяргееўна нічога не сказала на гэта. Богша адчуваў: яна падрыхтавана, каб здацца.
— Я была здзіўлена вашаму выбару на ролю Усяслава Полацкага, — сказала яна, каб перавесці гаворку ў спакойнае рэчышча.
— А ён якраз няблага іграе, — адказаў Богша. — А каго б бачылі вы?
— Не ведаю, не ведаю, — паспешліва сказала Рыма Сяргееўна, як бы гаворачы гэтым Богшу, што яна не любіць улазіць у творчыя справы рэжысёра, але не ўтрымалася і назвала адразу тры прозвішчы акцёраў, якія, на яе думку, маглі сыграць галоўную ролю.
— На жаль, двое з іх вельмі занятыя і не маглі здымацца, — адказаў Богша, — а трэцяга я не стаў запрашаць сам. Яго апошнім часам заездзілі.
— I ўсё ж ён у кожным фільме непаўторны, — сказала Рыма Сяргееўна, адразу зразумеўшы, пра каго сказаў Богша.
Размова была вельмі прафесійная, а таму прыемная абаім: што ні кажы, а добра, калі людзі разумеюць адно аднаго з паўслова. Богша незаўважна адчуў, як з яго спадае цяжар сумненняў, што адолелі ў машыне па дарозе на студыю.
Тым часам на калідоры паявіўся дырэктар кінастудыі, чалавек сутулы і пануры з выгляду, у акружэнні сваёй світы, якую ён усюды вадзіў за сабой дзеля большай саліднасці. Павітаўшыся з Богшам, дырэктар загаварыў з Рымай Сяргееўнай пра тое, як ён некалі ў маладосці хадзіў паляваць на тыгра і ледзьве не загінуў, бо падранены звер выбіў з яго рук стрэльбу. Але ён не спалохаўся, выхапіў кінжал, і тады тыгр уцёк у плаўні. То быў адвечны "канёк" дырэктара, заезджаны да знямогі, але пра гэта ён расказваў кожны раз, калі трапляўся свежы чалавек, які і не здагадваўся, што дырэктар ніколі не хадзіў на паляванне, нават на зайцоў.
У блакітнай зале — дырэктар чамусьці вельмі любіў блакітны колер — сядзела ці не палова студыі. Богша акінуў позіркам залу, і яго ахапіла тое прыемнае хваляванне, якое ахоплівае любога мастака, калі ён выносіць свой твор на публіку. Было страшна, але і добра, як перад скачком з парашутам.
— Чаму так многа народу? — незадаволена буркнуў дырэктар, сядаючы ў крэсла. — То ж не грамадскі прагляд... Давайце пачынаць. Наступны раз каб, апрача членаў савета, нікога не пускалі...
На дырэктарскую буркатню ніхто, вядома, не звярнуў увагі. Дырэктары на тое і існуюць, каб бурчаць, сварыцца, даваць указанні... А сапраўды, яшчэ для чаго існуюць дырэктары?
Кірыла Лыкавязаў, як належыць яму па праву, адкрыў мастацкі савет кароткім уступным словам. Маўляў, мастацкі савет сабраны нечакана і толькі таму, што прыехала паважаная Рыма Сяргееўна, але гэта якраз і дарэчы, бо настала патрэба прагледзець рэдакцыю фільма, які займае ў планах студыі важнае месца як па тэматыцы, так і па ўдзельнай вазе ў вытворчасці. Даўшы слова Лазару Богшу, Кірыла адышоўся і сеў ззаду, ля сцяны, як бы ў цень. Лазар Богша аж здзівіўся: звычайна Кірыла сядзеў побач са студыйным начальствам. На ўсякі выпадак.
— Да гэтага фільма я ішоў доўга, — пачаў Богша, раптам адчуўшы, што зусім не ведае, пра што павінен сказаць мастацкаму савету. Заўсёды ведаў, а цяпер ніякіх думак. — Мне даўно хацелася крануцца нашай гісторыі, якую мы так мала ведаем. Наколькі мне ўдалося — меркаваць вам. Даруйце, што матэрыял не поўнасцю падкладзены. Вы пабачыце і дублі і праклейкі. Я пастараюся сказаць, што хаваецца за кожнай такой праклейкай. Можа, будуць пытанні?
Пытанняў не было. Лазар Богша націснуў на кнопку селектарнай сувязі, папрасіў кінамеханіка:
— Пачынайце, калі ласка.
Экран успыхнуў сіняватым святлом...
***
3 нейкага часу паміж Кірылам Лыкавязавым і Лазарам Богшам ішла зацятая і непатрэбная, на думку кіношнікаў, дыскусія. Папраўдзе, дык сутнасць яе была незразумела самому Лазару Богшу. Ён часам падазраваў, што Кірыла знарок уцягвае яго ў дыскусію. Богша даваў сабе слова не спрачацца, а мудра маўчаць, але кожны раз незаўважна для сябе пачынаў пярэчыць Кірылу, а запярэчыўшы, ужо стаяў на сваім, хоць і шкадаваў: чаму было не стрымацца?