"Што ён падрыхтаваў мне? Якую пілюлю? — падумаў Богша. — Але нешта падрыхтаваў. Во ўжо ніколі не здагадаешся, што ён можа сказаць, зрабіць у наступную хвіліну..."
Другая палова пяцідзесятых гадоў была багатая на змены надвор’я. То раннія прымаразкі, то познія адлігі.
Лазар Богша ў тыя гады станавіўся на рэжысёрскія ногі. Марудна. Цяжка. Ён увесь быў захоплены творчасцю, планамі на будучае, тым, каб устаяць, закрочыць насустрач сонцу. Менавіта сонцу. Гэта быў вобраз, які захапіў яго, як ідалапаклонніка. Ці не таму ён нічога не бачыў навокал, нічога не чуў. Ён хадзіў, задраўшы галаву, каб глядзець на сонца, і не мог схіліць яе, каб пабачыць зямныя справы. Яны даносіліся да яго рэхам студыйнага калідора.
Кіношная брація пацяшалася на той час з Кірылы Лыкавязава, але найбольш употай, пакуль аднаго разу не абурылася, аднак абурылася зноў жа так, як умеюць толькі кіношнікі, — ярасны выбух і дабрадушнае заспакаенне.
Лазару Богшу даўно быў вядомы зменлівы характар Кірылы. Але пры ўсім гэтым Кірыла ўмеў заставацца наперадзе. Ён нагадваў таго ўсюдыіснага штабс-капітана, які, ідучы наперадзе калоны, нейкім чынам зноў аказваўся наперадзе, калі давалі каманду кругом, шагам марш!.. Кірылу нічога не каштавала адрачыся ад сваіх слоў, сцвярджаць нешта зусім супрацьлеглае таму, што нядаўна сцвярджаў. Але Богша паблажліва ставіўся да ягоных хібаў — сам не без іх, дык чаго абурацца чужымі? Ды і ці мала на Богшавай памяці было такіх, што рабілі так, як Кірыла. Ці мала хто прызнаваў свае памылкі, каб потым адрачыся ад прызнанняў, а затым зноў прызнавацца.
Кірыла, праўда, умеў не прызнавацца ў памылках. Ен заўсёды сам быў у наступленні на тых, хто дапускаў памылкі. Ну, а калі ўжо не было выкруткі... Кірыла заўсёды знаходзіў выйсце. Гэта яму належаў афарызм: "У мяне, вядома, ёсць свая думка, але я з ёю катэгарычна нязгодны".
У тыя гады на кінастудыі паявіўся здольны рэжысёр Міця Зяблік, які зняў свой першы фільм і пра які раптам загаварылі як пра з’яву мастацтва.
Лазару Богшу фільм Зябліка не тое што не падабаўся. Ён не мог зразумець, хоць і баяўся праслыць рэтраградам, чаму фільм так хваляць. Праўда, у ім была нейкая свежая думка, але дужа нязначная, каб узнімаць фільм на такую вышыню. Праўда, у ім была непадкупная наіўнасць. Але зноў жа гэта не давала падстаў для такога захаплення. Вялы мантаж. Нявыверанасць сцэн. Адсутнасць акцёрскага ансамбля. Ды і не заўсёды відаць была рука рэжысёра. Ён паспрабаваў сказаць гэта на калідоры Кірылу Лыкавязаву. Той абрынуў на яго вадаспад абвінавачанняў, сярод якіх самым бяскрыўдным было абвінавачанне ў адсталых поглядах на мастацтва. Кірыла на той час захапляўся італьянскім неарэалізмам.
Не прайшло і паўгода, як аднекуль падзьмуў іншы вецер і фільм Зябліка быў дружна раскрытыкаваны. 3 гэтай прычыны і ўжо не на студыі адбылося абмеркаванне. Дакладчык, асоба вельмі нават адказная, у сваім дакладзе сказаў пра фільм Зябліка яшчэ больш жорстка, можа, з перахлёстам, але зусім безапеляцыйна. Зяблік сядзеў на той нарадзе побач з Кірылам. Ён быў перапалоханы. Ды і не дзіва. Хто ж пасля такой крытыкі дасць яму новую работу?
— Кірыла Мацвеевіч, — звярнуўся ён да Лыкавязава, — мне трэба выступіць, прызнаць памылкі. Гэта найлепшае, што можна прыдумаць пры такіх абставінах...
Кірыла паглядзеў на Зябліка са спачуваннем, але і са злосцю.
— Ты думай, што гаворыш!.. Справа не толькі ў табе. У калектыве. Мала чаго можа сказаць дакладчык. Вось я падымуся на сцэну і пастаўлю кропкі над "і". Я ім дакажу іх памылкі.
Ён сапраўды падняўся на сцэну. Ён прызнаў не толькі памылку студыі, якая дазволіла Зябліку здымаць заганны фільм, але і сваю памылку, бо ён не разгледзеў як трэба твару ідэалагічнага дыверсанта...
"Са мной так не выйдзе, — падумаў Богша, — ды і часы цяпер не тыя. Але трэба быць напагатове. Кірыла недарэмна загаварыў пра Громаву. Ён ужо знайшоў час, каб пагаварыць з ёю і падкінуць ёй сякую-такую інфармацыю".
— Не, гэта не прытча — рэальная падзея, падобная на прытчу... — сказаў Лазар Богша.
— Кінь заліваць. Становіцца смешна, — сказаў Кірыла. — Глядзі, да нас ідзе Рымачка і ззяе, як дыямент у залатой асадцы. Пойдзем, прыкладзёмся да ручкі...